“Ты стала родным чалавекам…”

Тата, маці і адзінаццаць дзяцей — такая вялікая сям’я жыве ў адным з дзевяці домікаў дзіцячай вёскі “Вытокі”, што ў пасёлку Крынічным Мінскага раёна. Калі прытрымлівацца афіцыйнага парадку, то зараз у сям’і пяцёра дзяцей родных, для астатніх Любоў Мікалаеўна і Дзмітрый Міхайлавіч Чагіны — замяшчальныя бацькі. Але якое дзіця або якія бацькі-выхавальнікі, што прыйшлі ў гэтую справу асэнсавана і шчыра, мысляць такімі катэгорыямі? Яны адно для аднаго мама і тата, дочкі і сыны, а разам — цэлая сям’я. Дружная, моцная, сапраўдная і, зрэшты, звычайная, як лічаць самі бацькі.

Нас многа? Чаму не?

Год назад, 14 кастрычніка 2015 года, у Дзень маці, Любоў Мікалаеўна атрымала ордэн Маці. Яго ўручаюць жанчынам, якія нарадзілі або ўсынавілі і выхоўваюць пяцёра або больш дзяцей. Яна стала адзінай у “Вытоках” маці-гераіняй, якая з’яўляецца яшчэ і маці-выхавальніцай.

— Як вы святкуеце Дзень маці ў сям’і? — пытаюся я ў жанчыны.

— Як двайное свята, — усміхаецца мая суразмоўніца. — 14 кастрычніка — дзень нараджэння ў нашага Ігара, сёлета яму споўніцца 8. А 8 Сакавіка — дзень нараджэння Валеры. Так што ўсе асаблівыя жаночыя святы супадаюць з нашымі сямейнымі, віншуем адно аднаго.

Светлавалосы Ігар падбягае да нас, каб паказаць свае шматлікія малюнкі, пакуль яго сястрычка Кіра дэманструе тое, чаму навучылася ў гімнастычнай секцыі, пад уважлівым позіркам кошкі Грэі і яе кацяняці Эсмеральды. Хтосьці з дзяцей прыносіць самаробныя паштоўкі з віншаваннямі маці з нагоды розных свят і напісаныя проста так, без усялякай нагоды, каб сказаць маме самыя важныя словы.

Адкрываеш гэтыя рознакаляровыя кавалачкі кардону і паперы — і з іх льюцца словы, слёзы, радасць, надзея. Цэлыя маленькія жыцці, цэлыя лёсы: “Мама і тата, я вас вельмі люблю”, “Мамачка, я цябе люблю”, “Любімая мама, ты цудоўная. Дзякуй табе за тваю дабрыню, за павагу да мяне”, “Ты за год стала для мяне родным чалавекам”, “Ад усяго сэрца маёй мамачцы. І не забудзь, што мы цябе любім”. І яшчэ многа такіх слоў — напісаных, выказаных, затоеных у сэрцы, але заўсёды шчырых.

Падчас нашага прыезду ў вялікі дом, што за некалькі кіламетраў ад пасёлка Ждановічы, тут сабралася не ўся сям’я: тата-слесар быў яшчэ на рабоце, некаторыя дзеці — у школе, бо вучацца ў другую змену. Разам сям’я збіраецца звычайна за вячэрай — і, канечне, не толькі для прыёму ежы. Расказваюць, як у каго прайшоў дзень, што цікавага адбылося, што клапоціць. Стол тут, зразумела, вялікі, бо як інакш за ім размясціцца Дзмітрыю Міхайлавічу, Любові Мікалаеўне, Ані-маленькай (або Нюшы), дзевяцігадоваму Жэню, дзесяцігадовай Тані, Свеце, крыху старэйшай Віцы, Ані-вялікай (студэнтцы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка), самаму старэйшаму — васямнаццацігадоваму будучаму аўтамеханіку Руслану, адзінаццацікласніцы Ангеліне, Валеру ды Ігару з Кірай? Але і гэта не ўсе дзеці, якіх выхоўвалі і выхоўваюць Чагіны. У каледжах і ліцэях набываюць прафесіі аўтамеханіка, фатографа, агародніка Улад, Валянцін і Марта, жывуць у інтэрнатах. Безумоўна, гэта зусім не значыць, што дзверы дома і сэрцы сям’і для іх закрыліся. Хіба ж гэта магчыма? Яны тут назаўсёды свае, у іх вялікая сям’я.

Дарэчы, нейкі час Любоў Мікалаеўна і Дзмітрый Міхайлавіч выхоўвалі яшчэ аднаго хлопчыка — Сярожу. Дзякуй богу, яго родная маці здолела аднавіцца ў бацькоўскіх правах і забрала сына да сябе, хаця родная сястра Сярожы, якой на той момант ужо споўнілася чатырнаццаць, палічыла за лепшае застацца з бацькамі-выхавальнікамі. З іншых былых і цяперашніх выхаванцаў толькі адзін хлопчык — круглы сірата, у астатніх маці і бацькі пазбаўлены бацькоўскіх праў, некаторых Чагіны бралі з дома малюткі яшчэ немаўлятамі. Спачатку, ужо маючы траіх сваіх дзяцей, яны сталі прыёмнымі бацькамі яшчэ для некалькіх малых, потым вырашылі пераехаць у “Вытокі” і выхоўваць яшчэ больш хлопчыкаў і дзяўчынак. Але гэта асобная гісторыя.

Да “Вытокаў”

У дзяржаўную ўстанову адукацыі (а менавіта такі статус мае дзіцячая вёска “Вытокі”) Чагіны трапілі ў 2010 годзе. Думаю, варта крыху нагадаць гісторыю гэтай вёскі. “Вытокі” створаны ў рамках рэалізацыі прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі” на 2006—2010 гады. Першая чарга вёскі была адкрыта ў 2009 годзе ў дачным пасёлку Крынічным, дзе пасяліліся 9 сем’яў. 1 верасня 2010 года вёска пашырылася за кошт 15 дамоў (адзін з іх — адміністрацыйны корпус) у пасёлку Вопытным таксама Мінскага раёна.

Спачатку сям’я Чагіных з выхаванцамі жыла менавіта ў Вопытным, а два гады назад яны пераехалі ў Крынічны, дзе і дом большы, і да сваёй кватэры бліжэй. Між іншым з гэтай самай трохпакаёўкі ў адным са спальных раёнаў сталіцы ўсё і пачалося. Ужо маючы траіх дзяцей, мнага-дзетная сям’я, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, пабудавала сваё жыллё. Дагэтуль усе жылі ў палутарнай кватэры маці Любові Мікалаеўны. А тут амаль 100 квадратных метраў — прастора, здавалася, неверагодная.

— Я паглядзела на гэтыя пакоі і падумала — “Столькі месца, грэх, калі тут не будзе жыць многа дзяцей”, — узгадвае Любоў Мікалаеўна.

Муж і дзеці падтрымалі яе. Так сям’я стала прыёмнай і вырасла да дзесяці чалавек разам з бацькамі, роднымі і прыёмнымі дзецьмі. Дарэчы, для Любові Мікалаеўны падобнае рашэнне не было чымсьці раптоўным. Яно наспявала ў душы жанчыны паступова і, калі надышоў час, нарадзілася цалкам натуральна. Справа ў тым, што маці маёй гераіні выхоўвала як родных дачок дзвюх сваіх пляменніц. Яе дачка з сынам з дзяцінства бачылі, што прыёмныя дзеці такія ж, як і родныя, што вялікая сям’я — гэта не толькі вялікія клопаты, але і вялікая радасць. Іншых дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў — сваякоў маці, Люба і яе родныя наведвалі ў дзіцячай SOS-вёсцы, бачылі, што малым там нядрэнна.

Таму, калі на акенцы рэгістратуры паліклінікі, у якой на той час працавала Л.М.Чагіна, з’явілася аб’ява, якая прапаноўвала падумаць аб магчымасці стаць замяшчальнымі бацькамі, Любоў Мікалаеўна не магла не задумацца. Гэта лёс, а не выпадак, палічыла яна.

— Калі я чарговы раз брала дзіця, мне прапанавалі стаць выхавальніцай у дзіцячай вёсцы, — гаворыць мая суразмоўніца. — На той момант і нам было ўжо цесна ў такой нядаўна вялікай кватэры. Узяць яшчэ дзяцей мы былі гатовы. Так усё і здарылася.

Дзяцей спачатку прыёмныя бацькі, а потым бацькі-выхавальнікі Чагіны бралі рознаўзроставых: і немаўлят ад 7 месяцаў, і двухгадовых малышоў, і падлеткаў, якім звычайна найбольш цяжка знайсці сям’ю. Не палохаліся ніякіх цяжкасцей. Магчыма, менавіта таму ў іх і атрымалася такая дружная сям’я, удалося стварыць такі цёплы, ветлівы дом. У некаторых дзяцей, як гэта нярэдка бывае з кінутымі малымі, былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пра аднаго хлопчыка-адмоўніка ўрачы нават гаварылі, што ў яго можа застацца параліч. Любоў Мікалаеўна наведвала малога ў раённай бальніцы ў Бараўлянах, бачыла, што той значна адстае ў развіцці, але не напалохалася. У яе сям’і хлопчык і загаварыў, і пайшоў, і наогул перастаў адрознівацца ў гэтым сэнсе ад іншых дзяцей.

У чым яшчэ сакрэт поспеху замяшчальнай сям’і? У тым, відаць, што ўсе дапамагаюць адно аднаму, гатовы быць самастойнымі, не цураюцца любой хатняй работы. На маё пытанне пра тое, ці цяжка 37-гадовай жанчыне спраўляцца з такой вялікай сям’ёй, гаспадыня адказвае:

— Мне няцяжка, бо старэйшыя дзеці вельмі дапамагаюць ва ўсім: і ежу могуць прыгатаваць, і з малымі ўрокі зробяць. Ангеліна, Аня і Руслан замяняюць мяне настолькі, наколькі гэта магчыма. Я абсалютна ўпэўнена, што, калі пакіну на іх дом, усё будзе ў парадку. Прычым на абед яны прыгатуюць не проста яечню, а зробяць і адбіўныя, і курыцу запякуць, і шмат іншага змогуць. Я лічу, што дзяўчынкі і хлопчыкі павінны рабіць хатнюю работу. У нас, скажам, хлопчыкі не мыюць посуд, затое выносяць смецце. А яшчэ я гавару дзецям: “Няхай два разы мы выкінем вашы стравы, затое на трэці раз атрымаецца”. У мяне і дзесяцігадовыя хоць складаную страву не прыгатуюць, але што-небудзь зробяць. Яшчэ і мяне пачастуюць.

З першых мінут жыцця ў замяшчальных сем’ях дзеці-сіроты на прыкладзе знойдзеных бацькоў і іх дзяцей вучацца будаваць узаемаадносіны як з дарослымі, так і з іншымі дзецьмі. Яны адразу адчуваюць сямейнае цяпло і ўтульнасць, вучацца клапаціцца адно пра аднаго.

Бацькам-выхавальнікам можа стаць кожны, хто гатовы падзяліцца цяплом з дзіцем-сіратой! (З сайта дзіцячай вёскі “Вытокі”.)

Шмат чаго ў сям’і, безумоўна, залежыць ад бацькі. Ён і дома ўсё ўмее наладзіць, і хлопчыкаў гэтаму вучыць, і гатуе добра, і з дзецьмі, калі маму трэба адпусціць, спраўляецца. Напрыклад, пакуль Любоў Мікалаеўна 21 дзень адпачывала ў санаторыі, дома ўсё было як трэба, хаця па маме сям’я сумавала.

Можна з упэўненасцю гаварыць, што падтрымлівае сямейны дух і сумеснае баўленне вольнага часу, напрыклад, на Мінскім моры, да якога тут рукой падаць. Праўда, ехаць да яго сям’і даводзіцца ў два прыёмы, бо адразу ўсе нават у сямімесны аўтамабіль не ўмяшчаюцца. Некаторыя дзеці частку лета праводзяць у Італіі, іншыя — у аздараўленчых лагерах. Ёсць у іх жыцці і паходы ў заапарк, прагулкі на прыродзе, настольныя гульні, выклікі бацькоў у школу, калі малыя крыху нашкодзілі (з кім не бывае!), і шмат чаго яшчэ, што здараецца ў звычайным жыцці, у звычайнай сям’і, дзе ёсць дзеці. Акрамя таго, бацькі і выхаванцы — нярэдкія госці на тэматычных мерапрыемствах. Нядаўна, напрыклад, я сустрэла частку гэтай вялікай сям’і на адкрыцці Цэнтра сацыяльна-педагагічных тэхналогій педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Не магу сказаць дакладна, але, калі я выпушчу ўсіх дзяцей, якіх мы выхоўваем зараз, відаць, зноў стану прыёмнай маці, — гаворыць Любоў Мікалаеўна. — Я прывыкла.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *