“Ты жывеш, паэт, сярод людзей”

- 12:46Культура

Да 140­годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

На заранку ХХ стагоддзя на Беларусі заззяў вясёлкай цудоўны самародак, народны паэт, геніяльны сын нашай Айчыны, “першая з вяршынь беларускага Эльбруса паэзіі”, волат роднага матчынага слова з сусветным іменем — ЯНКА КУПАЛА. Ён выбраў дарогу пакутніка, справядліўца­народніка, праўдашукальніка, адарваўся ад плуга, каб стаць Песняром. 

Сёлета адзначаем яго юбілей: 140 гадоў з дня нараджэння. Гэта свята паэта. Свята паэзіі. Свята культуры. І, урэшце, свята народа. На жаль, Купалы няма, але дзякуем Богу, што ён у нас быў. Ён вечны, як і яго народ, як і яго старонка родная.  

У Купалавым радку бурліць, пеніцца такі светлы аптымізм, такое нястрымнае жаданне стаяць на варце славы мужычай Беларусі, што міжволі схіляешся ў зямным паклоне перад подзвігам яго як паэта і грамадзяніна:

Ты заўсёды, пясняр 
наш, з народам быў,
І народ будзе вечна
з  табой.

                                           Пімен Панчанка.

Давайце ж пройдземся Купалавымі сцежкамі і дарогамі, спынімся на некалькі хвілін у тых запаветных мясцінах, дзе гадаваўся, сталеў паэт, назапашваў у працы вопыт жыцця, дзе просты люд настройваў яго ліру на песенны лад, каб спявала яна аб нядолі людской, услаўляла змаганне працоўнага чалавека за волю, за лепшую долю. Падыхаем водарам паэзіі, далучымся да яго бессмяротнай спадчыны, якая любоўна сабрана нашчадкамі і старанна захоўваецца для наступных пакаленняў.

Фальварак Вязынка — паэтава калыска. Яна прарочыла свайму сыну і доўгі век, і шырокі свет. Сярод маляўнічых краявідаў нашага краю, дзе срэбразвонна бруіцца рачулка, што абмывала некалі басаногае маленства паэта, 7 ліпеня 1882 года (па новым стылі), у нізенькай сялянскай хатцы, у Бянігды і Дамініка Луцэвічаў нарадзіўся першынец — Ясь, так у сям’і яго ласкава называлі. (У сям’і было 7 дзяцей, ён старэйшы.)

Вось тут у хатцы простай,
як сляза,
І нарадзіўся некалі Купала.
Ён нарадзіўся, 
каб пасля сказаць,
Што Беларусь у свеце не прапала.

                                                            Канстанцыя Буйло.

Якраз тут пачаў круціцца яго жыццёвы калаўрот. Тут нібы лунае дух паэта, усюды адчуваецца яго прысутнасць. 

Магчыма, не кожны ведае, што літаратурнае імя звязана з народным святам Купалле. Песнямі, вогнішчамі людзі адганялі ліхія сілы, стваралі радасць. Такім і вырашыў быць Іван Луцэвіч і выбраў псеўданім — Янка Купала.

Лёс не песціў вялікага паэта. Ён гадаваўся пад тужлівую песню колаў. Беззямелле бацькі вымушала сям’ю на бясконцае бадзянне ў пошуках кавалка хлеба, таму даводзілася часта мяняць месцы арэнды, пастаянна вандраваць па Міншчыне. Варта сказаць, што яго вернымі спадарожнікамі, шчырымі дарадчыкамі і ў радасці, і ў горы былі кнігі. Ім юнак аддаваўся ўсёй душой і сэрцам.

Паэтычны характар Песняра выявіўся надзвычай шматгранна — у лірычных вершах, паэмах, драматычных творах, публіцыс­тыцы. Свае шчырыя думкі аўтар увасобіў у словы — творы, якія зіхацяць, як найпрыгажэйшыя самацветы, і будуць зіхацець на вяршыні народнай памяці. Яны захапляюць, гіпнатызуюць чытача, не даюць яму затрымацца, апамятацца, пакараюць яго сваёй уладзе.

Час не мае над імі ўлады. Амаль кожны верш — як споведзь, як дзённік, па якім можна прасачыць цярністы шлях паэта. Кожны твор поўны вялікай праўды жыцця, у якім выдатны майстар літаратурнага слова ўзвысіў свой народ, сваю “Зямлю пад белымі крыламі”.

Славуты верш “Мужык” — першае выступленне ў друку. Гэта быў верш-учынак. Чаму? Таму што людзі пачулі ў ім голас беларускага селяніна, таго мужыка, працай якога карыстаўся свет, а сам ён быў загнаны і прыгнечаны. Лейтматыў — павага і спагада да простага чалавека:

Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

Хочацца падкрэсліць, верш не толькі прагучаў, ён стрэліў, як пярун сярод яснага дня, абвяшчаючы працоўную моц і сілу беззямельнага сіраты, якому наканавана было стаць гаспадаром свайго лёсу.

7 ліпеня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы. У сталічным парку Янкі Купалы адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Песняру. Янка Купала — класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Наш Званар быў пачуты далёка за межамі Бацькаўшчыны. У Пецярбургу выйшаў першы зборнік паэзіі “Жалейка”. Гэта — паэтычнае адкрыццё Беларусі сялянскай. Чытаеш — душа пачынае спяваць, сэрца б’ецца ўзахлёб, таму што прадметы гаспадарчага ўжытку, штодзённы побыт чалавека — усё кіпіць сваім жыццём, моцным струменем б’ецца ў творы:

Я мужык-беларус,
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзве валасы.

Не памятаю зараз дакладна, дзе я прачытала арыгінальны водзыў на гэты верш: “На вуліцы маладой Беларусі вялікае свята! Сонца жывой, сапраўднай паэзіі заглянула ў ваконца цёмнай, беднай, але вялікай хаты беларускага народа”.

Мне запалі ў душу пранікнёныя словы рускага класіка Максіма Горкага, які быў у захапленні ад праўдзівасці паэзіі Янкі Купалы, ад сыноўняй любові да роднай старонкі, да чалавека-працаўніка: “У Беларусі ёсць два паэты: Янка Купала і Якуб Колас — вельмі цікавыя хлопцы. Проста пішуць так, ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошкі гэтых якасцей. О Божа! Вось бы добра было!” Вось яна — глыбіня памяці, якая не можа не адгукацца ў сэрцах нашых нашчадкаў.

Вільня — старажытны горад. Не ехаў, а ляцеў Янка на крылах сваёй даўняй мары, хоць на душы было самотна. Як-ніяк пакідаў сваю родную Вязынку, маці, сясцёр. Сюды Купала прыехаў не з пустымі рукамі — сярод творчых здабыткаў была паэма “Адвечная песня”. У ёй раскрываецца жыццё Мужыка ад нараджэння да смерці, трагізм лёсу беларускага селяніна. Сялянская цярністая доля з неадчэпнай бядой, голадам, холадам прадуць нітку чалавечага лёсу. 

Усёй сваёй творчасцю паэт лічыў, што сапраўднае мастацтва павінна служыць народу. З найбольшай сілай гэтая думка выказана ў паэме “Курган”. Носьбітам купалаўскіх ідэй у паэме выступае мужны, горды і непадкупны гусляр, які загінуў, пакінуўшы народу песню і славу. Вобразам гусляра класік сцвярджае сумленнасць і непадкупнасць, бескампраміс­насць і самаахвяр­насць народнага генія:

Дужы ты з сваім багаццем,
А я сілы большай —
За мной праўда і народ мой,
За табой жа — грошы!

Як хораша і праўдзіва сказана! Па-сялянску мудра, па-чалавечы шчыра і цёпла.

Акопы. Хочацца нагадаць створанае шаноўным майстрам роднай паэзіі там, у святым месцы нашай зямлі, дзе маладому Янку Купалу дыктаваў сам Бог. Гэта мясціна стала духоўным апірышчам. Тут плённа выявіўся творчы дар паэта: ён напісаў больш за 80 вершаў, чатыры п’есы — “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”,  “Прымакі”,  “Тутэйшыя”. Адтуль родам нашы любімыя паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”.

Напэўна, нельга знайсці беларуса, які б не чытаў або не гля­дзеў спектакль паводле камедыі “Паўлінка”. Яна ўвайшла ў залаты фонд сусветнай драматургіі. Паўлінка, галоўная гераіня камедыі, увасабляе найлепшыя якасці і рысы характару беларускіх дзяўчат-прыгажунь. Кідаецца ў вочы яркі нацыянальны каларыт, сакавіты народны гумар. Гэтая п’еса і сёння карыстаецца нязменным поспехам і любоўю.

Выканаўца галоўнай ролі Паўліна Мядзёлка ўспамінае: “Пасля пастаноўкі студэнты падарылі паэту залаты гадзіннік з надпісам: “Бацьку “Паўлінкі” ад беларускіх студэнтаў”. 

На стромкім беразе Дняпра, у вёсцы Ляўкі, знаходзілася Купалава дача. На ўлонні прыроды, слухаючы ціхую песню лесу, вясёлую гамонку рачных хваль, Янка Купала лекаваў душу. Удалечыні ад сталіцы, гарадской мітусні ён зачароўваўся красой навакольных краявідаў. Тут напісаў вядомыя вершы, якія назвалі “Ляўкоўскім цыклам”: “Хлопчык і лётчык”, “Алеся”, “Госці”, “Лён”, ”Вечарынка”, “Сонцу” і іншыя. Аўтар захапляецца прыгажосцю душы, працавітасцю, добразычлівасцю, адданасцю ў каханні.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Купала прысвяціў усю сваю творчасць і дзейнасць абароне Радзімы. У гэтыя трывожныя дні палымяная публіцыстычная прамова выступае як заклік, як наказ, як клятва. Выкрываючы сутнасць сапраўднай гітлераўскай палітыкі, скіраванай на вынішчэнне ўсіх славян, паэт горда заяўляў, што “беларускі народ, як адзін чалавек, будзе абараняць сваю зямлю, сваё жыццё, будучыню сваіх дзяцей…” Гнеўна і бязлітасна гучыць мастацкае слова вялікага паэта, у якім выказваецца цвёрдая, непахісная вера ў хуткае і немінучае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкай няволі. 

Гімнам народных мсціўцаў стаў верш “Беларускім партызанам”, які лебядзіным крылом узмахнуў над усім светам. У выгля­дзе лістовак твор распаўсюджваўся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, перадаваўся з вуснаў у вусны. Лясныя змагары ведалі верш на памяць, з яго пранікнёнымі словамі ішлі на смяротны бой.

Янка Купала верыў у перамогу нашага народа над азвярэлым фашызмам. Але, на жаль, дачакацца гэтай радасці яму не давялося. 28 чэрвеня 1942 года паэта не стала. Ён загадкава загінуў у гасцініцы “Масква”. Тут і закончылася праўдзівая песня паэта. Апошні акт жыццёвай драмы вялікага беларускага творцы да гэтага часу пакрыты таямніцай. 

Так адышоў з жывых нястомны барацьбіт, а неацэнная спадчына чалавека, які атрымаў з рук свайго народа неўміру­часць, жыве. Сёння чытаем яго творы — і нібы чуем жывы голас паэта, прыглушаны цяжкай дарогай яго вандроўнага жыцця, бачым яго вочы, то задуменныя, то з іскрынкамі спагадлівай усмешкі… 

Вечным сном спіць на роднай беларускай зямлі пад гоман хвой і стоены гул сталічных вуліц волат-мастак, прарок-вяшчун, сімвал нашай Бацькаўшчыны. Праходзяць гады і, чым далей яны аддаляюць нас ад Песняра, тым даражэй і велічней становіцца яго вобраз. Табе, наш Купала, — і памяць, і пашана, і любоў тваіх сыноў і дачок:

Стала песня славаю народа.
Што ёй бронза, мармур ды музей!
У душы прапісаны заўсёды
Ты жывеш, паэт, сярод людзей.

                                                        Анатоль Вялюгін.

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,  
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 22 Гродна.