Эстафету наваселля ад новай школы ў Астраўцы прыняла і новая ўстанова дашкольнай адукацыі. Тут адкрылі яслі-сад № 5. Развіццё горада беларускіх атамшчыкаў патрабуе развіцця сацыяльнай інфраструктуры. Толькі за апошнія чатыры гады ў горадзе пабудавана семь устаноў адукацыі.
На свяце для ўсіх жыхароў мікрараёна пабывалі ганаровыя госці — першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская.
Гаспадары новага садка — супрацоўнікі і дзеці — не толькі паказалі гасцям зручнасці новага будынка, але і прадэманстравалі свае творчыя здольнасці, для развіцця якіх у новым дзіцячым садзе створаны ўсе ўмовы. Ёсць тут музычная і спартыўная залы, басейн.
Загадчык ясляў-сада № 5 Настасся Кулеш расказала, што з дзецьмі будуць праводзіцца заняткі па арт-тэрапіі, іх будуць вучыць камп’ютарнай дасведчанасці, праводзіць дні беларускай мовы, а таксама знаёміць з асновамі турызму. А дапаможа ў гэтым афармленне садка — у фае на трэцім паверсе намалявалі вялікую карту Астравецкага раёна, на якой з часам абазначаць архітэктурныя і культурныя славутасці раёна. Карту стваралі будаўнікі, педагогі і супрацоўнікі іншых устаноў Астраўца. Афармленне сада выканана ў нацыянальным стылі: на сценах — беларускі арнамент, нацыянальныя сімвалы.
А каб вучэбная і выхаваўчая дзейнасць была эфектыўнай, новая ўстанова дашкольнай адукацыі атрымала падарункі: камп’ютарную тэхніку для спецыяльнага класа, спартыўнае абсталяванне для трэнажорнай залы, дыдактычныя матэрыялы для заняткаў арт-тэрапіяй.
Яслі-сад № 5 Астраўца пабудаваны за год. Першымі яго выхаванцамі стануць 150 дзетак. Групы будуць камплектавацца на працягу навучальнага года ў сувязі з тым, што ў трэцім мікрараёне актыўна будуецца жыллё.
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў пабываў і ў новай школе № 3 Астраўца, дзе азнаёміўся з умовамі навучання, спартыўнай базай, цэнтрам “Мірны атам”, а таксама пагутарыў з маладымі спецыялістамі.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алены ЯРАШЭВІЧ.