Перспектывы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў 2025/2026 навучальным годзе абмеркавалі на адзіным метадычным рэспубліканскім семінары-нарадзе, перадае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства праходзіла на некалькіх лакацыях у Мінску. У Акадэміі адукацыі працавалі метадычныя пляцоўкі па ўсіх узроўнях адукацыі. На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры прайшлі майстар-класы настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя. Нагадаем, што з 1 верасня ў беларускіх школьнікаў будзе тры гадзіны фізкультуры ў тыдзень.
Асобна быў прадстаўлены вопыт работы ўстаноў адукацыі сталіцы. Прынамсі, у 52-й школе дэманстравалі рэсурс інжынерных класаў, а ў 13-й гімназіі — ІКТ і штучны інтэлект у кіраванні ўстановай адукацыі.
У Міністэрстве адукацыі намеснік міністра Аляксандр Кадлубай спыніўся на асноўных тэндэнцыях развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў новым навучальным годзе.

У рабоце семінара прынялі ўдзел намеснікі начальнікаў галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, прарэктары рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Асаблівасць 2025/2026 года — уступленне ў сілу новых норм Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Гэта азначае, што ў новы навучальны год мы ўваходзім з абноўленай нарматыўнай прававой базай, — адзначыў Аляксандр Кадлубай.
На некаторых нормах намеснік міністра спыніўся падрабязней.

Школьны стандарт
— Форма школьнага стандарту вызначана дадаткам 1 да Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі і з’яўляецца нарматыўным прававым актам. Школьны стандарт рэгламентуе правы і абавязкі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу (педагагічных работнікаў, навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў), а таксама вызначае патрабаванні, што прад’яўляюцца да ўстановы адукацыі для забеспячэння якаснай адукацыі, стварэння бяспечных умоў знаходжання ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Форма школьнага стандарту з’яўляецца адзінай для ўсіх устаноў адукацыі. Кіраўнік установы павінен яе вывучыць, запоўніць з улікам асаблівасцей сваёй установы, давесці да ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і забяспечыць выкананне.
Правядзенне заняткаў на платнай аснове
— Звяртаю ўвагу, што з 1 верасня прадастаўлена магчымасць праводзіць стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі на платнай аснове па запытах законных прадстаўнікоў вучняў на падставе дагавора аб платным аказанні паслуг. Пры гэтым такія заняткі могуць праводзіцца толькі звыш вучэбных гадзін, прадугледжаных вучэбным планам установы адукацыі. Патрабаванні да напаўняльнасці груп для правядзення стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў (не менш за тры вучні) распаўсюджваюцца толькі на заняткі, якія праводзяцца ў рамках гадзін вучэбнага плана ўстановы адукацыі.

Тыпавы вучэбны план
— Асноўныя змяненні ў тыпавых вучэбных планах агульнай сярэдняй адукацыі тычацца наступнага.
- У 11 класе ўведзены вучэбны прадмет “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Такім чынам, завершана ўвядзенне новага вучэбнага прадмета “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
- З 1 верасня 2025 года на вывучэнне вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” адводзіцца 3 вучэбныя гадзіны ў тыдзень, адна з іх праводзіцца па прынцыпе гадзіны здароўя і спорту. Унесены адпаведныя змяненні ў вучэбную праграму. Звяртаю ўвагу, што дзяленне на падгрупу хлопчыкаў і падгрупу дзяўчынак у 10—11 класах ажыццяўляецца толькі ў рамках 2 вучэбных гадзін. Для спецыяльных медыцынскіх груп засталося 2 гадзіны фізкультуры ў тыдзень.
- Для навучэнцаў 10 класа ўстаноўлена працягласць вучэбна–палявых збораў (практычных заняткаў па медыцынскай падрыхтоўцы) — 10 дзён (60 вучэбных гадзін). Такія зборы ў 2026 годзе будуць праходзіць у перыяд з 26 мая па 5 чэрвеня.
- Тыпавым вучэбным планам сярэдняй школы ўстаноўлены вучэбныя гадзіны для вывучэння вучэбных прадметаў “Выяўленчае мастацтва”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”, “Чарчэнне” пры арганізацыі навучання дома. Раней вывучэнне гэтых прадметаў дома прадугледжана не было. Такім чынам, змяненні, унесеныя ў тыпавы вучэбны план агульнай сярэдняй адукацыі, накіраваны на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу і павышэнне якасці адукацыі.
Змяненні закранулі і цэнтралізаваны экзамен. Навучэнцы 11 класа 2025/2026 навучальнага года могуць быць вызвалены ад выніковых выпрабаванняў, у тым ліку і ад здачы ЦЭ, па медыцынскіх паказаннях. Пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 23.06.2025 № 57 зацверджаны пералік захворванняў, якія даюць права на вызваленне ад экзаменаў у 9 і 11 класах. Калі навучэнец не здае ЦЭ, атэстат выдаецца на падставе гадавых адзнак і паступленне ва УВА ў гэтым годзе немагчыма.
Арганізацыя перавозкі навучэнцаў
— Па выніках маніторынгу, праведзенага восенню 2024 года па даручэнні кіраўніка дзяржавы, Міністэрствам адукацыі ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам аховы здароўя, Мінтрансам, аблвыканкамамі ўпершыню распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі перавозкі навучэнцаў і яшчэ ў красавіку былі накіраваны ў рэгіёны. У цяперашні час разам з падпісаннем пашпартоў гатоўнасці павінна быць ажыццёўлена ўся арганізацыйна-падрыхтоўчая дзейнасць па рэалізацыі гэтых рэкамендацый.
Групы прадоўжанага дня
— Абноўлена Палажэнне аб групах прадоўжанага дня. Падкрэслю, што з прыняццем новай пастановы кардынальных змяненняў у рабоце груп прадоўжанага дня не будзе. Разам з тым з новага навучальнага года павінен быць узмоцнены выхаваўчы складнік дзейнасці ГПД. Дзеці павінны актыўна прыцягвацца да ўдзелу ў пазнавальных, спартыўных, школьных культурна-забаўляльных мерапрыемствах. Асаблівая ўвага — пытанням патрыятычнага выхавання і фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця.
Навучэнцы, як і раней, падчас знаходжання ў ГПД змогуць наведваць факультатыўныя і іншыя дадатковыя заняткі, але цяпер выключна ва ўстанове адукацыі, дзе адкрыта ГПД, а таксама ўдзельнічаць у адукацыйных, спартыўна-масавых і іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў гэтай установе адукацыі. Кіраўніком установы адукацыі павінны быць вызначаны педагагічныя работнікі, адказныя за суправаджэнне навучэнцаў да месца правядзення заняткаў і мерапрыемстваў. Такая норма ўведзена яшчэ і з улікам неабходнасці арганізацыі харчавання ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі. Час знаходжання ў ГПД залічваецца ў агульны час знаходжання ва ўстанове адукацыі.
Унесены змяненні ў правілы арганізацыі адукацыйнага, выхаваўчага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі. Яны тычацца ўвядзення абмежаванняў на выкарыстанне мабільных тэлефонаў ва ўстанове адукацыі.
Дакументаабарот
— На заканадаўчым узроўні пытанні, звязаныя са скарачэннем залішняга дакументаабароту ва ўстановах адукацыі, прыцягненнем педработнікаў да неўласцівых функцый, урэгуляваны і знаходзяцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы, урада, Міністэрства адукацыі. На сайце адукацыйнага ведамства створана рубрыка “Аб упарадкаванні збору інфармацыі і дзейнасці педагагічных работнікаў”, дзе размешчаны нарматыўныя прававыя акты і інфармацыя па пытаннях дэбюракратызацыі, вядзення дакументацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
З 11 жніўня ў Міністэрстве адукацыі працуе гарачая лінія па пытаннях дакументаабароту ва ўстановах адукацыі. Недапушчальна ўводзіць у практыку работы школ дакументацыю, не прадугледжаную нарматыўнымі прававымі актамі ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА





