У 2016 годзе выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы бюджэту

- 9:35Інфармацыйная гадзіна

Расходы бюджэту на прадастаўленне сямейнага капіталу ў 2016 годзе выраслі ў 2 разы, паведаміў міністр фінансаў Уладзімір Амарын у час падагульняльнай калегіі ведамства з удзелам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.

“У 2016 годзе ў поўным аб’ёме выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы бюджэту. Пры гэтым расходы на прадастаўленне сямейнага капіталу ў параўнанні з 2015 годам і першапачаткова запланаваным аб’ёмам былі павялічаны ў два разы да Br374,2 млн. У мінулым годзе грамадзянам адкрыта больш за 19 тысяч такіх дэпазітных рахункаў”, — растлумачыў міністр.

Уладзімір Амарын таксама адзначыў, што для своечасовага поўнага фінансавання пенсій і дапамог, забеспячэння збалансаванасці Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва з рэспубліканскага бюджэту накіравана субвенцый у суме Br1,4 млрд. “У неабходных аб’ёмах забяспечана і фінансаванне дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў — гэта больш за Br5 млрд бюджэтных сродкаў, накіраваных на рэалізацыю дзяржпраграм у галіне аховы здароўя і дэмаграфічнай палітыкі, адукацыі і маладзёжнай палітыкі, на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, развіццё аграрнага бізнесу, будаўніцтва жылля”, — падкрэсліў ён. Пры гэтым на кампенсацыю затрат банкам па льготных крэдытах на жыллёвае будаўніцтва накіравана Br444 млн.

На фінансаванне будаўніцтва аб’ектаў дзяржінвестпраграмы ў 2016 годзе накіравана Br435,1 млн, у тым ліку на фінансаванне аб’ектаў інфраструктуры Беларускай АЭС — Br126,8 млн.

У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўведзены сямейны капітал — новы від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем’яў (адначасовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры $10 тысяч пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей). Грашовыя сродкі прадастаўляюцца сем’ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку — па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачыхі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і.