Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках сустрэчы ў Маскве з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
Бакі адзначылі станоўчую дынаміку ўзаемнага гандлю ў бягучым годзе. Узаемны тавараабарот павялічыўся на 20 працэнтаў, што, паводле слоў міністра, сведчыць аб многім. “Спрэчныя пытанні ў гандлёва-эканамічнай сферы перыядычна ўсё ж узнікаюць, аднак вопыт нашых адносін сведчыць аб тым, што рознагалоссяў, якія нельга вырашыць з дапамогай разумных кампрамісаў, не існуе”, — сказаў Уладзімір Макей.
Беларусь і Расія працягваюць курс на паглыбленне інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, фарміраванне ўзгодненай палітыкі ў АБСЕ і іншых міжнародных арганізацыях. “Мы таксама абмеркавалі пытанні пазіцыяніравання Еўразійскага эканамічнага саюза за мяжой і сфармулявалі пэўныя прапановы па гэтай тэме, якія накіруем нашым партнёрам”, — заявіў міністр.
Паводле слоў Уладзіміра Макея, перагаворы з Сяргеем Лаўровым прайшлі ў даверным ключы. Бакі падпісалі праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018—2019 гады. “Гэта больш як 30 старонак дробнага почырку. Там прапісана шмат мерапрыемстваў, якія мы павінны рэалізаваць на працягу найбліжэйшых двух гадоў. Яны тычацца нашага ўзаемадзеяння і на двухбаковых пляцоўках, і ў розных міжнародных арганізацыях. Я ўпэўнены, што рэалізацыя гэтай праграмы будзе садзейнічаць устанаўленню яшчэ больш цесных, даверных кантактаў паміж нашымі міністэрствамі і краінамі”, — падкрэсліў ён.
Не менш значны, заўважыў Уладзімір Макей, падпісаны кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў план кансультацый на 2018 год. Ён уключае 23 мерапрыемствы. “Кансультацыі будуць праводзіцца па ўсіх пытаннях, якія тычацца нашага ўзаемадзеяння ў розных рэгіянальных, міжнародных арганізацыях, на двухбаковай аснове”, — сказаў міністр.
Каменціруючы вынікі сустрэчы з расійскім калегам, Уладзімір Макей таксама заявіў, што Беларусь гатова накіраваць міратворчы кантынгент ва Украіну, каб садзейнічаць аднаўленню міру ў гэтай краіне.
Уладзімір Макей нагадаў, што яшчэ ў 2014 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу Euronews заявіў, што Беларусь гатова накіраваць ва Украіну міратворчы кантынгент, каб садзейнічаць аднаўленню міру і спакою ў краіне.
“Мы гатовы выдзеліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальна для ўсіх зацікаўленых краін. Для таго каб удзельнічаць у вырашэнні міратворчых задач”, — сказаў міністр.
Дыпламат падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі па сітуацыі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны даўно вядома: рэспубліка вельмі зацікаўлена ў хутчэйшым устанаўленні там стабільнасці. “Мы, вядома ж, гатовы зрабіць усё для таго, каб гэтая канфліктная сітуацыя, якая сёння існуе, вырашылася, і ў гэтыя раёны прыйшлі мір і спакой”, — адзначыў ён.
Уладзімір Макей нагадаў, што Мінск стаў пляцоўкай для рэгулярных перагавораў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. “Як бы хто ні ацэньваў дзейнасць гэтай трохбаковай кантактнай групы, я лічу, што яна ўносіць важны ўклад ва ўрэгуляванне крызісных сітуацый. Мы маем намер і ў далейшым прадастаўляць пляцоўку, рабіць усё магчымае для забеспячэння міру і стабільнасці ў гэтым рэгіёне”, — заявіў ён.
У сваю чаргу Сяргей Лаўроў адзначыў, што пазіцыя Беларусі па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне адлюстроўвае і пазіцыю Расіі, якая зафіксавана ў праекце рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН. Аднак гэты дакумент, паводле яго слоў, пару месяцаў ужо ляжыць на стале, і яго абмеркаванне сабатуецца. “Работа над гэтай тэмай працягваецца. У нашым праекце рэзалюцыі абазначаны абсалютна неабходныя крытэрыі міратворчай аперацыі, якія ўстаноўлены ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, — звярнуў ён увагу.
Уладзімір Макей таксама паведаміў, што ўзровень удзелу дэлегацыі Беларусі ў саміце “Усходняга партнёрства”, які адбудзецца 24 лістапада ў Бруселі, будзе вызначацца з улікам узаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам.
“Беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у гэтым мерапрыемстве, — сказаў Уладзімір Макей. — Што тычыцца ўзроўню ўдзелу дэлегацыі Рэспублікі Беларусь, ён будзе вызначацца тым узроўнем нашага ўзаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам, які існуе цяпер”.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу, што ўзровень супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім саюзам адстае ад узроўню ўзаемадзеяння ЕС з астатнімі краінамі — удзельніцамі “Усходняга партнёрства” і Расіяй. “У нашых адносінах з Еўрапейскім саюзам мы кіруемся пагадненнем, якое было заключана яшчэ ў 1989 годзе. Таму ў свой час мы прынялі рашэнне ўдзельнічаць у ініцыятыве “Усходняе партнёрства” для таго, каб умацаваць, палепшыць нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, я маю на ўвазе ў першую чаргу эканамічны складнік”, — адзначыў міністр.
Дыпламат таксама запэўніў, што Беларусь, удзельнічаючы ва “Усходнім партнёрстве”, імкнецца не дапусціць таго, каб гэтая ініцыятыва была накіравана супраць трэціх краін. “Мы заўсёды праводзілі адназначную лінію пры афіцыйных і неафіцыйных сустрэчах, накіраваную на тое, каб “Усходняе партнёрства” не ўспрымалася варожа нашымі найбліжэйшымі саюзнікамі”, — заявіў ён.
Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь не дапусціць таго, каб заключная дэкларацыя брусельскага саміту мела антырасійскі характар. “Гэта важна для таго, каб адыходзіць ад той канфрантацыйнай рыторыкі, якая сёння існуе ў нашым рэгіёне, і прыходзіць да разумення неабходнасці большага ўзаемадзеяння і руху насустрач адно аднаму, каб аднавіць тыя ўзроўні даверу, якія існавалі раней”, — перакананы дыпламат.