Чарговая сустрэча міністра адукацыі з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы прайшла на базе сярэдняй школы № 224 Мінска. Гэтым разам Ігар Карпенка сустрэўся з прадстаўнікамі Ленінскага раёна сталіцы. У цэнтры ўвагі былі пытанні якасці адукацыі і перспектывы развіцця адукацыйнай галіны.
Міністр падкрэсліў, што размова не ідзе пра нейкія рэвалюцыйныя змены. “У адукацыі павінен быць парадак”, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Потым абмяркоўваліся некаторыя аспекты новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Першае, на што звярнуў увагу міністр адукацыі, — плануецца пашырыць мэтавы набор пры паступленні ва ўніверсітэты. Кіраўнік ведамства перакананы, што гэта дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць кадравыя праблемы. Разам з тым, Ігар Карпенка адзначыў, што на мэтавы набор таксама павінен быць конкурс. Гэта павысіць адказнасць мясцовых органаў улады і дзяржкіравання, якія выдаюць мэтавыя накіраванні.
Падчас сустрэчы Ігар Карпенка выказаўся і па пытанні выніковай атэстацыі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што ўсе зацікаўленыя будуць праінфармаваны на гэты конт загадзя.
У стадыі разгляду знаходзіцца пытанне пашырэння залічэння ўдзельнікаў алімпіяд ва ўніверсітэты. Разглядаюцца прэферэнцыі не толькі для пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды.
Міністр спыніўся і на дзяржаўным школьным стандарце. Ён прапанаваў настаўнікам разам абмеркаваць гэтую важную тэму на дыялогавых пляцоўках. У нас ёсць адукацыйныя праграмы, вучэбныя планы, падручнікі — патрэбны практычныя прапановы ад педработнікаў.
Таксама былі абмеркаваны пытанні бяспечнага адукацыйнага працэсу ў школах, узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі, ролі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, наведвання цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі.
Міністр яшчэ раз падкрэсліў, што ў школах ключавой фігурай у выхаваўчай рабоце з’яўляецца класны кіраўнік. “Менавіта ад якасці яго працы шмат у чым залежыць фарміраванне ўнутранага свету дзіцяці і ў цэлым стан выхаваўчай работы ў школе. Таму важна, каб на гэтую пасаду прыходзілі не выпадковыя людзі, а сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы”, — канстатаваў Ігар Карпенка.
Кіраўнік ведамства звярнуў увагу на важнасць арганізацыі спрыяльнага клімату ў педагагічным калектыве. Ён павінен быць добразычлівым, а кіраўнік — справядлівым. “Настаўнік павінен усміхацца і быць у добрым настроі, каб несці яго сваім вучням”, — адзначыў міністр.
Асобна ён спыніўся на рабоце псіхолагаў у школах, якія павінны больш цесна працаваць з падлеткамі, выяўляць і вырашаць праблему суіцыдаў, займацца праблемамі складаных дэвіяцый. Акрамя таго, псіхолагі павінны працаваць на апярэджванне.
У сістэму агульнай сярэдняй адукацыі вернецца акрэдытацыя і ліцэнзаванне, што, па меркаванні кіраўніка ведамства, будзе спрыяць дысцыплінаванасці і паставіць у роўныя ўмовы навучальныя ўстановы розных форм уласнасці. Міністр нагадаў, што распрацаваны адзіныя падыходы да фарміравання профільных класаў, узмоцнены патрабаванні да залічэння ў іх. Прапрацоўваецца пытанне стварэння ў кожным раёне краіны STEM-цэнтра.
Адказваючы на пытанні кіраўнікоў устаноў адукацыі, міністр запэўніў, што хутка пачнецца рэалізацыя праграмы па аснашчэнні кабінетаў працоўнага навучання. Практыка абсталявання кабінетаў фізікі, біялогіі, хіміі “пад ключ” мае толькі станоўчыя водгукі.
Падчас размовы абмяркоўвалася і шмат іншых нюансаў дзейнасці навучальных устаноў і работы педагогаў. У прыватнасці, ішла гаворка пра арганізацыю факультатываў, аплату працы педработнікаў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, школьнае харчаванне. Асобна спыніліся на ўзаемадзеянні школы і сям’і. Міністр параіў пашыраць дзейнасць праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.