У акенцы фотааб’ектыва — прыгажосць і нечаканасць

- 11:33Адукацыйная прастора

Надоечы ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ўрачыста падвялі вынікі ІІ Рэспубліканскага конкурсу фатаграфіі для дзяцей і падлеткаў “Свет вакол нас”, ініцыіраванага фотаклубам “Святласіла”. Работы фіналістаў будуць некалькі месяцаў упрыгожваць галерэю РЦЭК, а потым выправяцца ў падарожжа па іншых мастацкіх пляцоўках сталіцы.

Як паведаміў нашаму карэспандэнту старшыня клуба “Святласіла” Андрэй Мацур, конкурс “Свет вакол нас” задумваўся з мэтай папулярызацыі дзіцячай і юнацкай фатаграфіі, прадастаўлення магчымасці фатографам-пачаткоўцам найперш з рэгіёнаў выйсці за рамкі свайго абмежаванага правінцыяй мастацкага асяроддзя, а таксама за межы сацыяльных сетак. Менавіта дзякуючы такім амбіцыям, арганізатарам конкурсу ўдалося вывесці яго ў 2015 годзе з рэгіянальнага на рэспубліканскі ўрозвень і заручыцца падтрымкай такіх вядомых у краіне арганізацый і інстытутаў, як Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Беларускі дзіцячы фонд, адукацыйны цэнтр “Інстытут фатаграфіі і візуальных камунікацый”, размеркаваная галерэя “Фотамастацтва”, выдавецтва “Рыфтур” і інш.

Сёлета ў конкурсе “Свет вакол нас” прыняло ўдзел больш за сто дзяцей і юнакоў з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку з маленькіх вёсак, ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў. Яны прадставілі на суд журы каля 300 работ у пяці намінацыях: “Прыгажосць роднай зямлі”, “Школьнае жыццё”, “Мой горад (вёска)”, “Твары вакол” (у палажэнні конкурсу было асобна заўважана, што сэлфі да разгляду прымацца не будуць) і “Крэатыў”. Роўна 40 лепшых работ склалі экспазіцыю ў галерэі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Як заўважыў Андрэй Мацур, найбольшай папулярнасцю ў канкурсантаў карысталася намінацыя “Прыгажосць роднай зямлі” з поўнымі замілавання краявідамі, вельмі парадавалі і работы ў намінацыі “Крэатыў” з нечаканымі сюжэтамі, на якія часта людзі не звяртаюць увагі ў сённяшнім хуткаплынным жыцці.

Уручэнне дыпломаў і каштоўных падарункаў фіналістам конкурсу суправаджалася цёплымі словамі ў іх адрас ад куратараў, арганізатараў і партнёраў конкурсу, сяброў журы: Андрэя Мацура і Рыты Шалей (клуб “Святласіла”), арганізатара размеркаванай галерэі “Фотамастацтва” Канстанціна Мельніка, кіраўніка Інстытута фатаграфіі і візуальных камунікацый Івана Пятровіча, вядомага фотамайстра кіраўніка выдавецтва “Рыфтур” Сяргея Плыткевіча, прадстаўніка Беларускага дзіцячага фонду Юліі Капцэвіч, мэтра айчыннай мастацкай фатаграфіі Юрыя Васільева.

Адмысловым бонусам для фіналістаў стала магчымасць паказаць свае партфоліа прызнаным майстрам фотасправы і атрымаць ад іх прафесійную кансультацыю.

Мікола ЧЭМЕР.