1 верасня за парты гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава селі 84 першакласнікі — сёлета ў ёй былі адкрыты тры 1-я класы. Чым прыцягвае ўстанова вучняў і іх бацькоў і што робіцца для таго, каб адаптацыя маленькіх школьнікаў прайшла мякка і бязбольна, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар Наталля Кохава.

Станоўчы імідж
— Наша ўстанова адукацыі атрымала статус гімназіі ў 2006 годзе. І недахопу ў навучэнцах мы не адчуваем. У апошнія гады набіраем па тры 1-я класы. У большасці гэта дзеці з мікрараёна, замацаванага за ўстановай. Трэцяя частка малодшых школьнікаў прыязджае з іншых канцоў горада.
Чаму бацькі выбіраюць нашу ўстанову адукацыі? З аднаго боку, ідуць на настаўніка, бо ў кожнай паралелі ёсць педагогі, якія добра сябе зарэкамендавалі. З другога боку, выпускнікі нашай установы ахвотна вядуць сваіх дзяцей у нашу гімназію. І з імі, дарэчы, лягчэй працаваць, яны ведаюць нашы правілы, традыцыі. У гімназіі за гады работы сфарміраваўся станоўчы імідж. На працягу двух апошніх гадоў яна прызнаецца лепшай установай адукацыі раёна.
У нас сфарміравана добрая матэрыяльна-тэхнічная база. У 2014 годзе ў межах праекта “Віртуальная школа” гімназія атрымала чатыры поўнасцю абсталяваныя інтэрактыўныя класы фізікі, хіміі, біялогіі і матэматыкі, інтэрактыўную панэль, праграмнае забеспячэнне і пачала актыўна прымяняць іх на практыцы.
Установа актыўна ўдзельнічае ў інавацыйных праектах. Так, сёлета завяршылася рэалізацыя праектаў “Апрабацыя модульных варыятыўных вучэбных праграм па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” і “Лічбавыя кампетэнцыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”. Да 2026 года разлічаны праект “Укараненне мадэлі этнічнай сацыялізацыі і фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці асобы ў сучасным адукацыйным працэсе на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”.
Навучэнцы ідуць да нас па веды. Больш за 85% настаўнікаў — педагогі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі, сярод іх — выдатнікі адукацыі. Па добрай традыцыі ў гімназіі арганізоўваецца вывучэнне спецыяльных прадметаў музычнай, мастацкай, тэатральнай і харэаграфічнай накіраванасці. Навучанне пачынаецца з 2 класа. Нашы выхаванцы ўмеюць трымацца на сцэне, спяваюць, танцуюць, удзельнічаюць у пастаноўках.
На старшай ступені ў нас арганізавана мультыпрофільнае навучанне. Мы захавалі яго ў межах вучэбнага плана. У 10—11 класах вучні выбіраюць для вывучэння на павышаным узроўні тыя прадметы, якія ім неабходны. Створаны групы інжынернай, педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Сёлета адкрыты 13 профіляў. Нашы гімназісты вывучаюць французскую мову, але штогод па запытах набіраецца па адным класе ў паралелі, дзе навучэнцы асвойваюць англійскую мову з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.
Нашы вучні паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах і навукова-практычных канферэнцыях. Так, сёлета адзінаццацікласніца Варвара Лутай стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені па рускай мове і літаратуры на заключным этапе (настаўніца Кацярына Мазалёва).
На базе гімназіі праводзяцца факультатыўныя заняткі для навучэнцаў іншых устаноў адукацыі. Настаўнікі Уладзімір Бусель (хімія), Марына Сібірцава (інфарматыка), Алена Чарвякова (біялогія), Аксана Ворык (фізіка), Аляксей Кузьменка (геаграфія) па суботах рыхтуюць вучняў да алімпіяд.
У практыцы работы педагогі выкарыстоўваюць модульную тэхналогію, тэхналогіі развіццёвага і праблемнага навучання, ІКТ. Іх работа дае свой плён. Сёлета на ЦЭ ў нас шэсць стабальных вынікаў: па рускай мове (настаўніца К.Мазалёва) — два, па матэматыцы (М.Ацэцкая), хіміі (У.Бусель), біялогіі (А.Чарвякова). Усе вучні пацвердзілі свае веды, а некаторыя нават павысілі гадавыя адзнакі. З 47 выпускнікоў 46 паступілі ва УВА, з іх шэсць вучняў — па мэтавых накіраваннях.
Школа будучага першакласніка
— Хоць сарафаннае радыё працуе спраўна, але як арганізоўвалася рэкламная кампанія ўстановы адукацыі?
— Усю інфармацыю, якая тычылася паступлення дзяцей у 1-я класы, мы размясцілі на сайце гімназіі. У нашым мікрараёне працуюць тры дзіцячыя сады, і мы бацькам імкнёмся даводзіць усю неабходную інфармацыю аб гімназіі, праводзім бацькоўскі сход.
Больш за тое, з 1 верасня ў нас арганізуюцца падрыхтоўчыя развіццёвыя заняткі для будучых першакласнікаў. Дарэчы, сёлета прыём на іх ужо аб’яўлены. Звычайна ў школе будучага першакласніка займаецца больш за 60 навучэнцаў. Па суботах вядуць заняткі настаўнікі, якія будуць набіраць 1-я класы. Дзеці падзяляюцца на групы. У адну суботу праводзіць урокі адзін настаўнік, у другую суботу ў гэтай жа групе — другі настаўнік, у трэцюю — трэці. Такім чынам будучыя першакласнікі знаёмяцца з усімі педагогамі і, калі бацькам неабходна падаць заяву, могуць выбраць сабе таго настаўніка, які ім найбольш спадабаўся. Заняткі праводзяцца па логіцы, навучанні грамаце і матэматыцы. Паралельна ідзе і маляванне, і лепка, і развіццёвыя практыкаванні. Падчас падрыхтоўкі дзіцяці да школы важна не тое, каб яно чытала, пісала і лічыла, а каб у яго былі развіты дробная маторыка, эмацыянальна-валявая сфера, уседлівасць, уменне слухаць і чуць настаўніка, узаемадзейнічаць з таварышамі і педагогам. Вось гэта галоўная задача, якую мы ставім у школе будучага першакласніка. Тут адразу відаць, падрыхтавана дзіця да школы ці не і што яшчэ трэба скарэкціраваць.
— Вы прадастаўляеце права бацькам выбраць педагога. Якія настаўнікі набралі сёлета 1-я класы?
— Настаўнікі, якія сёлета набралі 1-я класы, вопытныя, творчыя, маюць уласных дзяцей — а гэта лічу немалаважным, бо, калі настаўнік ставіцца да вучняў, як да ўласных дзяцей, заўсёды будзе вынік. Так, Людміла Багданава — педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, дае трывалыя веды, умее ўзаемадзейнічаць з бацькамі, выкарыстоўвае на сваіх уроках развіццёвыя заданні. Яе вучні паспяхова пішуць даследчыя работы, перамагаюць на розных конкурсах і раённых алімпіядах. Натхнёна працуе Ірына Ткачэнка — таксама педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. У яе класе вучні будуць вывучаць англійскую мову, а факультатыўныя заняткі педагог будзе праводзіць з выкарыстаннем у адукацыйным працэсе электронных прылад (ноўтбукаў, планшэтаў). Нягледзячы на малады ўзрост, настаўніца Анжаліка Лаўрэнава зарэкамендавала сябе як патрабавальная, строгая, але справядлівая. Педагог не стаіць на месцы, пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень. Яе ўрокі накіраваны на развіццё логікі, фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці.
Педагагічны стаж дырэктара гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава Наталлі Кохавай складае 42 гады. Увесь гэты час яна нязменна працуе ў адной установе адукацыі, якую ўзначаліла ў 2000 годзе, прайшоўшы шлях ад настаўніцы рускай мовы і літаратуры, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце да кіраўніка. За сваю работу ўдастоена нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”.
У сваёй рабоце педагогі выкарыстоўваюць гульнявыя тэхналогіі, праблемнае навучанне, групавыя метады. Апошнім часам нашых настаўнікаў зацікавіла тэхналогія “Інтэлект”. Яна падзелена на некалькі блокаў, сярод якіх — блок, накіраваны на развіццё маўленчых кампетэнцый (вуснае і пісьмовае маўленне); блок, накіраваны на развіццё псіхічных працэсаў (памяці, увагі, логікі, слоўна-лагічнага мыслення). Настаўнік праводзіць дыягностыку ў класе і, калі разумее, што западае такі псіхічны працэс, як памяць, падбірае заданні для яе развіцця, імкнучыся іх уключаць штодзень хаця б на адным з урокаў. Атрымліваецца, што на працягу двух-трох тыдняў ці месяца кожны дзень уводзяцца цікавыя заданні, а потым праводзіцца дадатковая дыягностыка і аналізуецца, ці дапамаглі гэтыя заданні ў развіцці памяці.
Думаю, што кожнаму дзіцяці вельмі важна знайсці менавіта свайго настаўніка. Кожны педагог — гэта асоба са сваім характарам, асабістымі якасцямі, і вельмі важна, каб было наладжана ўзаемадзеянне. Аднаму вучню патрэбен строгі настаўнік, другому — больш мяккі, памяркоўны, трэцяму — уважлівы, чулы. Бацькам трэба суаднесці асобу настаўніка і сына ці дачкі. Калісьці я сама як мама зыходзіла з таго, каб майму дзіцяці было камфортна з настаўнікам.
Бязбольная адаптацыя
— Што робіцца ў гімназіі для таго, каб адаптацыя першакласнікаў прайшла паспяхова?
— Перад наборам у 1-я класы мы праводзім бацькоўскія сходы, дзе знаёмім бацькоў і з настаўнікамі, якія будуць набіраць класы, і з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да маленькага вучня.
Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з дзіцячымі садамі мікрараёна. Дашкольнікі прыходзяць да нас на шматлікія мерапрыемствы, святы. Арганізуем для іх экскурсіі. Яны наведваюць нашу школьную бібліятэку, музей працоўнай славы Оршы, дзе прадстаўлены гарадскія прадпрыемствы, ёсць раздзел, прысвечаны Г.В.Сямёнаву, імя якога носіць гімназія, гісторыі Оршы, Вялікай Айчыннай вайне.
У цэлым працэс адаптацыі праходзіць нядрэнна, бо нашы 1-я класы размяшчаюцца на базе садоў № 29 і № 45. Бязбольнай адаптацыі дапамагае прадмет “Уводзіны ў школьнае жыццё”, дзе настаўнікі вучаць дзяцей прыстасоўвацца да школы, узаемадзейнічаць адно з адным, праводзіць самаацэнку.
У верасні адміністрацыя гімназіі наведвае заняткі ў 1-х класах. Мы назіраем за дзецьмі, ацэньваем, ці ёсць узаемаразуменне з педагогам, даём рэкамендацыі. Калі педагог-псіхолаг бачыць, што дзіця адаптуецца з пэўным цяжкасцямі, дае парады і настаўніку, і бацькам. Дарэчы, вельмі важна ўжо ў самым пачатку вучобы зрабіць татаў і мам сваімі саюзнікамі. Бацькам неабходна падтрымаць першакласніка ў яго жаданні дабіцца поспеху. У кожнай рабоце абавязкова трэба знайсці, за што можна яго пахваліць. Пахвала і эмацыянальная падтрымка (“Малайчынка!”, “Ты так добра справіўся!”) здольны павысіць інтэлектуальныя дасягненні чалавека.
Мы праводзім псіхалагічную дыягностыку і пасля першага месяца работы арганізоўваем псіхолага-педагагічны семінар “Знаёмцеся: 1 клас!”, дзе прысутнічаюць і выхавальнікі дзіцячага сада, і настаўнікі, і педагог-псіхолаг, дзе выпрацоўваюцца пэўныя рэкамендацыі. Напрыканцы года праводзіцца паўторны кансіліум, на якім абмяркоўваецца, што атрымалася, а што — не.
— Якія вучні прыйшлі сёлета ў 1-я класы?
— Сённяшнія вучні, безумоўна, адрозніваюцца ад тых, што былі некалі. Яны дапытлівыя, эрудзіраваныя. Многія ўмеюць карыстацца камп’ютарам, тэлефонам. Але дзеці застаюцца дзецьмі: хочуць гуляць, многае ўмець, хочуць вучыцца. І наша задача — гэтае жаданне захаваць да самага выпуску са школы. Прыемна назіраць, як з няўцямных дзетак, якія сарамліва трымаюцца за рукі бацькоў і глядзяць на ўсё вялікімі вачыма, мы фарміруем упэўненых у сабе, разумных, паспяховых выпускнікоў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





