Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з канцэпцыямі параднай формы, якая прапаноўваецца для беларускай дэлегацыі да зімовых Алімпійскіх гульняў, што пройдуць у лютым 2018 года ў Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя).
Кіраўніку дзяржавы прадставілі калекцыі, распрацаваныя двума беларускімі дызайнерамі. Людміла Лабкова сумесна з канцэрнам “Беллегпрам” стварыла парадную форму ў стылі casual. У ёй дамінуе светла-шэры тон, элегантнасць падкрэсліваюць чырвоныя аксесуары і дэталі.
Юлія Латушкіна, у адзенні якой беларускія алімпійцы пакаралі Рыа, разам са швейным атэлье пры Галоўным гаспадарчым упраўленні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта вырашыла апрануць спартсменаў у больш строгім, але не менш арыгінальным стылі.
Характэрна, што абодва дызайнеры пастараліся раскрыць беларускія традыцыі, шырока выкарыстаўшы пры стварэнні адзення нацыянальныя матывы.
За аснову алімпійскай параднай формы для беларускай дэлегацыі вырашана ўзяць варыянт, прапанаваны Людмілай Лабковай. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, усе прадстаўленыя калекцыі будуць адшыты і пастаўлены для далейшага продажу ў найбуйнейшыя ўнівермагі краіны.