Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт старшыня праўлення ПАТ “Ашчадбанк” Герман Грэф абмеркавалі на сустрэчы ў Мінску далейшае развіццё супрацоўніцтва ў банкаўскім сектары.
“Нашы банкаўскія справы — тыя пытанні, аб якіх мяне падрабязна інфармаваў Васіль Мацюшэўскі (першы віцэ-прэм’ер Беларусі. — Заўв. БелТА.), да гэтага мы абмяркоўвалі ва ўрадзе — там разуменне знойдзена”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Але я хачу сказаць галоўнае: калі Герман Оскаравіч будзе адносіцца, працуючы ў Беларусі, да нашых партнёраў, кліентаў, якія з банкам супрацоўнічаюць, так, як у Расіі да расійскіх, у нас ніколі не будзе пытанняў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў прэзідэнта, ён добра інфармаваны аб пазіцыі Германа Грэфа на расійскім полі дзейнасці і чуў у гэтым плане шмат добрага.
У сваю чаргу Герман Грэф падзякаваў асабіста прэзідэнту, а таксама ўраду, Нацыянальнаму банку Беларусі за тое, што ў складаных сітуацыях, якія ўзнікалі ў 2015 і 2016 гадах, была знойдзена канструктыўная падтрымка і выхады. “Гэты год таксама будзе не вельмі просты, але ўжо значна лепшы, чым 2016-ы. А з 2018 года мы разлічваем пачаць ужо нармальную работу тут. Відавочнае ажыўленне і крэдытавання, і нашага партфеля актываў”, — сказаў ён.
Герман Грэф таксама падкрэсліў, што ўсе ўмовы, пастаўленыя раней пры куплі беларускага банка (ААТ “БПБ-Ашчадбанк” уваходзіць у групу “Ашчадбанк”), выкананы. “Мы мінімум у паўтара разу перавыканалі кожны з пяці пунктаў нашых абавязацельстваў. Сёння “Ашчадбанк” — найбуйнейшы інвестар у беларускую эканоміку. Гэта ў тым ліку вынік нашага вельмі добрага ўзаемадзеяння і даверу вам асабіста ў рэспубліцы”, — дадаў старшыня праўлення “Ашчадбанка”.
Адказваючы пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі на пытанні журналістаў, Герман Грэф адзначыў усё большую ўстойлівасць валютнай сістэмы Беларусі да знешніх шокаў.
Паводле слоў Германа Грэфа, складаная сітуацыя ў эканоміцы як Расіі, так і Беларусі была выклікана шокавым уздзеяннем макраэканамічных фактараў, сярод якіх рэзкае зніжэнне цэн на нафту і працэсы, што адбыліся за гэтым.
“Гэты шок у прынцыпе ўжо завершаны. Палітыка Нацыянальнага банка Беларусі па пераводзе рэжыму беларускага рубля ў плаваючую валюту без прывязкі да якой-небудзь якарнай валютнай сістэмы сведчыць аб тым, што такі шок паўтарыцца больш не павінен, нават калі адбудуцца яшчэ нейкія непрадбачаныя сітуацыі”, — заявіў ён.
Герман Грэф таксама адзначыў тэндэнцыю да зніжэння інфляцыі.
“Адпаведна, мы бачым трэнд на зніжэнне ўліковай стаўкі Нацыянальнага банка Беларусі (стаўкі рэфінансавання. — Заўв. БелТА.). Зразумела, што гэта не можа быць зроблена ў ад зін момант, але трэнд да канца года будзе прасочвацца на значнае зніжэнне стаўкі, — лічыць кіраўнік “Ашчадбанка”. — Як вынік, я думаю, што да канца года крэдыты ў нацыянальнай валюце стануць больш даступнымі як для фізічных асоб, так і для юрыдычных”.
“Гэта дасць свой вынік. Пачнуць інвесціравацца тыя праекты, якія раней былі недаступныя для інвестараў з-за высокіх ставак. Значна больш даступным стане прыцягненне іпатэчных пазык. Мы ў “Ашчадбанку” ўпершыню ў канцы мінулага года знізілі стаўкі да 17,5 працэнта і адразу ўбачылі рост попыту на іпатэчныя пазыкі. А калі гэтая стаўка будзе недзе 10 працэнтаў, што рэальна пры спрыяльным збегу макраэканамічных умоў у 2018 годзе, то гэта вельмі значна зменіць макраэканамічнае асяроддзе”, — рэзюмаваў Герман Грэф.