Свой юбілей “жураўлі” адзначалі ў актыўным дзеянні. Гэта лад жыцця клубаўцаў, і было б дзіўна, калі б яны сабраліся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, каб толькі паслухаць дыфірамбы ў свой адрас. Такі расклад быў у прынцыпе немагчымы, таму юбілейны ранак пачаўся з працы — члены клуба “Крыштальны журавель” для арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” праводзілі кансультацыі.
Інеса Зубрыліна расказвала пра выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій падчас конкурсных мерапрыемстваў, Ірына Клявец засяродзіла ўвагу канкурсантаў на эфектыўнасці выкарыстання інтэрактыўных метадаў, Юрый Андрэйчык дзяліўся стратэгіяй публічнага выступлення. Ігар Якіменка гаварыў пра вопыт выкарыстання праграмных сродкаў, а Віктар Жук — пра выхаваўчы аспект конкурснага ўрока. Святлана Гін засяродзілася на прадстаўленні сістэмы педагагічнай дзейнасці ў працэсе правядзення конкурсу.
Уся ўвага “жураўлёў” была накіравана на канкурсантаў, якія з’ехаліся з усіх рэгіёнаў за каштоўным вопытам клубаўцаў. Таму, калі пачалося пашыранае пасяджэнне клуба “Крыштальны журавель”, поўная актавая зала акадэміі лавіла кожнае слова, кожны рух зорак педагагічнага алімпу. А яны не скупіліся і шчыра дзяліліся назапашаным досведам. Іх майстар-клас называўся “Урок ад “А” да “Я”. Тэмай урока стала “Наш журавель — крыштальная мара”.
Урок пачынаецца з мэтапастаноўкі, таму вядучыя першай часткі майстар-класа акцэнтавалі ўвагу на мэце: навошта праводзім урок? На сцэну выйшлі настаўнікі-метадысты Галіна Сухава і Дзмітрый Мацкевіч — настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска і настаўнік матэматыкі з Браслаўскай гімназіі. За парты селі канкурсанты, і школа па перадачы педагагічнага майстэрства запрацавала. “Вучні” разам са сваімі “настаўнікамі” пачалі называць мэту ўрока: сфармуляваць уяўленне пра мару, даць яе азначэнне; абгрунтаваць магчымасць жураўля лётаць, пераўтварыць у “жураўля” звычайнага настаўніка.
Мэты настаўніка і вучня могуць не супадаць. Як жа зрабіць так, каб яны сталі адзінымі? Тут на дапамогу прыйшло ключавое пытанне, да якога параіла звярнуцца Галіна Сухава. А Дзмітрый Мацкевіч прапанаваў апорныя словы: “А ці праўда, што лепш сініца ў руках, чым журавель у небе?” Далей вучні атрымалі карткі, якія арыентавалі на тое, што трэба ведаць і ўмець, каб адказаць на пастаўленае пытанне і зрабіць аргументаваны выбар. Удзельнікі майстар-класа павінны былі назваць тры характарыстыкі жураўля крылатага, устанавіць падабенствы і адрозненні жураўля і сініцы і зрабіць выбар паміж імі.
У парнай, франтальнай рабоце з выкарыстаннем нагляднасці канкурсанты разам з майстрамі прыйшлі да таго, што мэта ўрока — адзіная для вучняў і настаўніка. Яна павінна быць рэальнай, дасягальнай, дыягнастычна важнай, асобасна значнай.
На наступнай частцы майстар-класа адбіралі змест урока. Настаўнікі-метадысты Святлана Емяльянава-Раманоўская і Алена Ананчыкава — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 19 Оршы і настаўніца фізікі сярэдняй школы № 13 Жлобіна, спыталі сваіх вучняў: “Што будзем вывучаць на ўроку?”
Крыніцамі зместу ўрока могуць быць падручнік, энцыклапедыя, гаджэты, прадметны часопіс. Вучням-канкурсантам трэба было расставіць прыярытэты. Праз некалькі хвілін прагучала: вучэбны матэрыял павінен быць аптымальным у суадносінах тэорыі, фактычнага матэрыялу, практычнага і ілюстрацыйнага, таму яго адбор павінен пачынацца з азнаямлення з падручнікам, а затым — з прапановамі прадметнага часопіса. Для ўдакладнення інфармацыі можна звярнуцца да энцыклапедыі, а каб яе разнастаіць, зазірнуць у інтэрнэт.
А крытэрыямі адбору вучэбнага матэрыялу павінны быць наступныя:
– выбіраць неабходна найбольш каштоўную інфармацыю;
– матэрыял павінен мець высокую навуковую значнасць і практычную накіраванасць;
– адпавядаць праграмным патрабаванням.
У выніку ўдзельнікі майстар-класа канстатавалі, што аптымальнай крыніцай вучэбнай інфармацыі з’яўляецца падручнік.
Недзе на 22-й хвіліне ўрока павінна быць фізкультхвілінка. На “жураўліным” майстар-класе яна таксама была. Падбадзёрылі калег настаўнік-метадыст, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы імя С.Ф. Рубанава № 10 Слуцка Валерый Варанцоў, і яго калега з Ясенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Максім Мікуліч.
Пасля вясёлай, але вытрыманай тэматычна (усё было па тэме ўрока) фізкультхвілінкі на сцэну выйшлі настаўнікі-метадысты Інеса Зубрыліна, Алена Пратасевіч, Таццяна Амбрушкевіч — настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска, матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына і рускай мовы і літаратуры гімназіі Асіповіч. Яны прапанавалі выбраць прыёмы навучання і адказаць на пытанне: “Якім чынам вучыць?”
Гаспадыні майстар-класа прапанавалі дыдактычны інтрументарый — лепшыя прыёмы і метады навучання па выніках PISA-2016. Яны ўзялі пяць першых краін, педагогі якіх прапанаваныя канкурсантам метады і прыёмы назвалі самымі прадукцыйнымі. Каб разабрацца з дыдактычным інструментарыем, канкурсантам неабходна было прайсці квест. Работа праходзіла ў групах. У выніку былі вызначаны чатыры найбольш паспяховыя стратэгіі:
– мнагамерная дыдактычная тэхналогія;
– інтэрактыўныя метады навучання;
– актыўная ацэнка;
– эўрыстычныя прыёмы.
Далей канкурсантам далі яшчэ больш метадычнай інфармацыі, бо прапанавалі інструментарый кожнай стратэгіі. Мнагамерная дыдактычная тэхналогія вызначаецца такімі прыёмамі: каардынатны прамень, логіка-сэнсавыя мадэлі, апорныя вуглы, міжкаардынатныя прамежкі. Інтэрактыўныя метады характарызуюцца такімі метадамі, як “Пераўтварэнні”, “Чатыры вуглы”, “Інфармацыйнае лато”, “Лагічны ланцужок”, “Знайдзі пару”.
У актыўнай ацэнцы вызначальнымі з’яўляюцца мэта як прагназуемы вынік, ключавое пытанне, зваротная сувязь, крытэрыі поспеху, самаацэнка. Эўрыстычныя метады ўключаюць такія прыёмы, як “Прывядзі контрпрыклад”, “Скарыстайся аналогіяй”, “Перакладзі тэкст на мову сімвалаў”, “Знайдзі заканамернасць”, “Складзі асацыятыўны рад”.
Вызначыўшыся з дыдактыкай, перайшлі да актуалізацыі ведаў вучняў. Каб расказаць і паказаць, якім чынам арганізаваць дзейнасць навучэнцаў, на сцэну падняліся настаўнікі-метадысты Ірына Клявец, Алена Гарбар, Вольга Счасновіч — настаўніцы біялогіі з гімназіі Смаргоні, хіміі і біялогіі з Лугаваслабадской сярэдняй школы, інфарматыкі з Варатынскай сярэдняй школы. Яны задаліся пытаннем: “Як вучнёўскую дзейнасць зрабіць эфектыўнай?”
Канкурсанты разам з майстрамі прайгралі ўсе формы работы на ўроку (малявалі, самі ўжываліся ў ролю “жураўля”), адзначыўшы іх плюсы і мінусы. У цэнтры ўвагі аказаліся франтальная работа, індывідуальная, парная, групавая. Самай спрыяльнай была прызнана групавая форма работы, бо дае магчымасць ахапіць большы аб’ём вучэбнага матэрыялу. На ўроку працуюць усе вучні, максімальна развіваюцца іх камунікатыўныя навыкі, ідзе актыўны працэс вучнёўскай сацыялізацыі.
Каб арганізаваць работу вучняў, вельмі важна правільна падзяліць клас на групы (камфортна павінна быць усім), размеркаваць ролі ў кожнай групе. Ірына Клявец прапанавала наступныя: аўтаадказчык (прадстаўляе вынікі), сакратар (вядзе ўлік зробленай удзельнікамі групы працы), захавальнік часу, той, хто ўвесь час сумняваецца і задае пытанні. Вельмі важным з’яўляецца момант прыняцця правіл і роляў. Рухацца далей можна толькі тады, калі ўсе згодныя са сваімі ролямі.
Канечне, групавая работа не з’яўляецца ўніверсальнай, як, зрэшты, і ўсе астатнія формы работы. Форма работы павінна суадносіцца з мэтай урока. Пад увагу неабходна браць і тэму, і задачы ўрока, і ўзроставыя асаблівасці дзяцей.
А якім чынам можна прасачыць засваенне матэрыялу? Што тут дапаможа настаўніку? Адказ на гэтыя пытанні давалі настаўнікі-метадысты Іван Якіменка, Вольга Кіслова, Святлана Германовіч — настаўнікі матэматыкі Лошніцкай гімназіі, рускай мовы і літаратуры гімназіі № 51 Гомеля і Раманавіцкай сярэдняй школы.
Кантрольна-ацэначная дзейнасць — важная і значная частка ўрока. Каб разабрацца з яе асаблівасцямі вучні-канкурсанты ў імправізаваным класе на сцэне шукалі адказ на пытанне: “Якая якасць сініцы дапаможа ёй пераўтварыцца ў жураўля?” Каб сарыентаваць вучняў, майстры прапанавалі ім варыянты адказаў:
а) пастаянна самаўдасканальвацца;
б) прафесіяналізм;
в) любоў да дзяцей;
г) свой адказ.
Далей гаворка пайшла пра формы кантролю. Складанасці выклікаюць тыя, якіх вучні не бачаць. Сітуацыя з пытаннем “Якая якасць сініцы дапаможа ёй пераўтварыцца ў жураўля?” ярка гэта дэманструе. У сувязі з гэтым актуальнасць набывае візуалізацыя кантролю. Разам з канкурсантамі майстры адзначылі, што дзецьмі добра ўспрымаюцца такія візуальныя формы кантролю, як, напрыклад, слоўнікавы або графічны дыктант, працягні фразу (прыём “Снежны камяк”) і г.д.
Крок за крокам “жураўлі” разабралі ўсе этапы ўрока. І зрабілі яны гэта, як заўсёды, віртуозна. Каб перамагчы ў конкурсе “Настаўнік года”, трэба быць не толькі метадычна падкаваным, неабходна ўмець трымаць сябе на публіцы, быць гібкім і мабільным. Перамагаюць не проста настаўнікі, перамагаюць харызматычныя, упэўненыя ў сабе асобы. Яшчэ раз пераканалі ў гэтым пераможцы конкурсу розных гадоў, якія падзяліліся з цяперашнімі канкурсантамі сваёй палітрай “Я-канцэпцыі”.
Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 1997” Валянціна Гінчук: “Мне хацелася б, каб вы ў сваю “Я-канцэпцыю” ўключылі жоўты колер, які сімвалізуе інтуіцыю, інтэлект, мудрасць, багацце, поспех. Для мяне жоўты — гэта сіла духу, якая дапамагае спраўляцца з усімі жыццёвымі праблемамі, пераадольваць цяжкасці, стымулюе да дзейнасці, дапамагае захаваць вернасць маральным прынцыпам, падаць і ўставаць, каб рухацца далей. Я жадаю вам моцы духу”.
Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2001” Вадзім Шпетны: “Я- канцэпцыя” ўключае тры ракурсы, тры пункты апоры: я-ідэальнае, я-рэальнае, я-люстэркавае або сацыяльнае. Мой колер — сіні. Ён сімвал мары. Настаўнік павінен марыць, бо гэта тое, што дазваляе бачыць мэты, удасканальвацца, мяняцца. Канкурсанты мараць пра ідэальны ўрок. Каб мара стала рэальнасцю, раю дзейнічаць наступным чынам. Я-ідэальнае азначае мар і дзейнічай, я-рэальнае — тое, што ёсць на самай справе, якія вы на ўроку. Самааналіз — вялікае поле для самаўдасканалення. Я-сацыяльнае — тое, што пра нас думаюць іншыя, таму прыслухоўвайцеся і мяняйцеся”.
Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2004” Ігар Якіменка: “Мой колер чырвоны. Менавіта яго я дабаўляю ў палітру. Чырвоны — значыць прыгожы. Ён асацыіруецца з агнём. Настаўнік таксама агонь, які запальвае дзяцей цікавасцю. Я жадаю вам быць агнём, прыгожым і цёплым”.
Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2006” Ірына Клявец: “Я дару вам аранжавы колер, колер энергіі і радасці. Мне энергію дае надзея і вера, радасць ад таго, што ёсць людзі, якія любяць мяне такой, якая я ёсць. Не трацьце сваю энергію на негатыў. Мы часта пераадольваем цяжкасці, каб ста ць лепшымі. Прагназуйце сябе на поспех і заставайцеся самі сабой”.
Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2009” Юрый Андрэйчык: “Я хачу вам падарыць фіялетавы колер. Мне, каб заставацца верным сабе, неабходна ўвесь час заставацца ў стане змен. Не спыняйцеся, развівайцеся, не бойцеся нешта згубіць. Без змен немагчыма нешта палепшыць. Яны робяць наш лепшымі”.
Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2011” Інеса Зубрыліна: “Я хачу вам падарыць блакітны колер, колер чысціні, шчырасці, адкрытасці, колер вады і паветра, прасторы, нечаканасці. Менавіта нечаканыя адкрыцці, прыемныя сустрэчы, новы погляд на сваю прафесію і на сябе падорыць вам конкурс “Настаўнік года”. Нездарма гавораць, што гэта самыя лепшыя курсы павышэння кваліфікацыі. Вам давядзецца многае пераасэнсаваць і расставіць акцэнты. Самае складанае для пераможцы конкурсу — проста размаўляць з людзьмі, калегамі на іх мове, на нашай мове. Сіла пераможцы ў яго абранасці, таму не ўпусціце магчымасці стаць абранымі”.
Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2014” Віктар Жук: “Я ў палітру дабаўляю зялёны колер, як сімвал росту. Як зялёныя парасткі, усе мы цягнемся ўверх, прабіваючы шлях праз камяні. Мы цягнемся ўверх, каб стаць моцнымі дрэвамі, каб, пускаючы карані, падрыхтаваць да жыцця будучыя парасткі. І ад нас з вамі залежыць, наколькі моцнымі яны вырастуць. Наш вопыт патрэбны нашым вучням. Конкурс — добрая аснова для прафесійнага росту, але не пляцоўка для рэалізацыі асабістых амбіцый. Вакол вас не канкурэнты, а сябры і калегі, стасункі з якімі дадуць вам куды больш, чым пагоня за вынікам. Яны падораць сяброўства і адчуванне пляча. Заставайцеся сабой!”
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.