У атмасферы даверу, раўнапраўя і ўзаемнай зацікаўленасці

- 10:29Інфармацыйная гадзіна

Разведвальныя службы Беларусі і Расіі наладзілі цеснае супрацоўніцтва па абароне нацыянальных інтарэсаў абедзвюх дзяржаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дырэктарам Службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным.

“Вы ўзначальваеце вельмі важную структуру. Утойваць тут няма чаго: мы працуем у цесным кантакце. Я пастаянна інфармаваны па ўсіх пытаннях.

Я таксама ўдзячны вам за супрацоўніцтва нашых разведслужбаў. Утойваць зноў жа тут няма чаго, хоць гэта непублічныя арганізацыі: мы абараняем інтарэсы нашых дзяржаў і народаў, як і ўсе спецыяльныя службы ў любой дзяржаве”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў супрацоўніцтве разведвальных органаў абедзвюх краін, тым не менш, ёсць пэўныя пытанні, напрыклад, па каардынацыі дзейнасці, узгадненні напрамкаў сумеснай работы па абароне нацыянальных інтарэсаў. “У нас сёння ёсць магчымасць абмеркаваць гэтыя праблемы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што сустракаецца з Сяргеем Нарышкіным не як са службовай асобай, а як з добрым сябрам, паколькі ён унёс немалы ўклад у станаўленне і ўмацаванне Саюзнай дзяржавы, асабліва калі быў старшынёй Дзяржаўнай думы. “Вы з’яўляецеся, як у нас кажуць, заўзятым прыхільнікам гэтай формы існавання нашых брацкіх дзяржаў. Я гэта вельмі цаню”, — заявіў прэзідэнт.

Сяргей Нарышкін пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі расказаў, што на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння КДБ Беларусі і СЗР Расіі. “Мы працуем у атмасферы даверу, раўнапраўя і ўзаемнай зацікаўленасці. Мы саюзнікі і проста абавязаны працаваць разам”, — падкрэсліў Сяргей Нарышкін.

Паводле слоў дырэктара СЗР, прэзідэнты дзвюх дзяржаў падтрымліваюць такое самае цеснае супрацоўніцтва спецслужбаў. “Перад нашымі краінамі стаяць агульныя пагрозы: міжнародны тэрарызм, кіберзлачыннасць, інфармацыйныя пагрозы, неправавы санкцыйны рэжым. Пераадольваць гэтыя пагрозы лягчэй разам, чым мы і займаемся”, — канстатаваў ён.

Кіраўнік Службы знешняй разведкі дадаў, што ў Мінску прайшло сумеснае пасяджэнне калегій КДБ і СЗР. “Гэта ўнікальны фармат узаемадзеяння дзвюх спецслужбаў нашых дзяржаў. Такога органа ў Расіі няма ні з адной іншай краінай, спецслужбай. Гэта сведчыць аб давернасці адносін”, — падкрэсліў ён.

Сяргей Нарышкін у цэлым адзначыў, што міжнародная абстаноўка развіваецца дынамічна і пастаянна ўскладняецца, што ў той ці іншай ступені ўплывае на сітуацыю ў Беларусі і Расіі. “Ёсць шэраг крызісных з’яў у адной і другой частцы нашай планеты, перш за ўсё крызісы на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы. Гэта, вядома, дзейнічае і на нас, абавязвае яшчэ больш цесна працаваць і ўзаемадзейнічаць”, — сказаў дырэктар СЗР.