Новыя магчымасці для развіцця навукі з’явіліся ў БДУІР, дзе днямі адкрылі навукова-адукацыйны інавацыйны цэнтр. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёння ўсё часцей інавацыйная і даследчая дзейнасць універсітэтаў дае фору акадэмічнай навуцы. За апошні час у БДУІР створаны дзясяткі ўнікальных распрацовак, сярод якіх, напрыклад, аўтамабільны радыёлакатар, інтэлектуальны датчык узроўню і аб’ёму паліва, прылады інфармацыйнай бяспекі.
За шэсць дзясяткаў гадоў у БДУІР было падрыхтавана больш за сотню тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў. Універсітэт унёс значны ўклад у развіццё айчыннай і сусветнай навукі, ва ўмацаванне прамысловага і эканамічнага патэнцыялу краіны.
— Дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі — сучасны брэнд інжынернай адукацыі, паказчык якаснай падрыхтоўкі спецыяліста, яго шырокага кругагляду і высокага інтэлекту. Ва ўніверсітэце створана сучасная сістэма навучання на аснове новых адукацыйных стандартаў і тэхналогій, якая фарміруе кампетэнцыі будучага прафесіянала — лідара ў сваёй сферы дзейнасці, здольнага да пастаяннага самаразвіцця, — падкрэсліў рэктар установы Вадзім Богуш.
Сёння БДУІР — буйны навукова-адукацыйны цэнтр, які мае кадравы і метадычны патэнцыял, сучасную лабараторную базу і разгалінаваную інфраструктуру, усе неабходныя ўмовы для вучэбна-выхаваўчага працэсу і навуковых даследаванняў. Дарэчы, апошнімі студэнты, магістранты і аспіранты ў хуткім часе змогуць займацца ў навукова-адукацыйным інавацыйным цэнтры, які быў адкрыты ў дзень 60-годдзя ўніверсітэта. Гэты цэнтр уяўляе сабой комплекс навукова-даследчых і вучэбных лабараторый. Пакуль у ім функцыянуе толькі выставачная зала, дзе прадстаўлены лепшыя распрацоўкі ўніверсітэта, аднак у хуткім часе тут пачне працаваць каля 20 абсталяваных лабараторый і памяшканняў.
— Задачы перад супрацоўнікамі падраздзяленняў, якія функцыянуюць у рамках цэнтра, стаяць маштабныя: падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, правядзенне навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і па просьбе айчынных і замежных заказчыкаў. Засяродзімся на актуальных для краіны напрамках: распрацоўцы сучасных радыётэхнічных сістэм, звышвысокачастотнай электронікі, ультрагукавога абсталявання, лакацыйнай тэхнікі, — адзначыў В.А.Богуш.
Дарэчы, БДУІР — адна з нямногіх УВА, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў для высокатэхналагічных і навукаёмістых галін эканомікі, якія вызначаюць навукова-тэхнічны прагрэс і пазіцыі краіны на сусветным рынку высокіх тэхналогій. Ва ўніверсітэце ўжо шмат зроблена па развіцці інтэграванай адукацыйнай навуковай і інавацыйнай інфраструктуры для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, запатрабаваных эканомікай. Тут функцыянуюць дзве галіновыя лабараторыі, навукова-тэхналагічны парк БДУІР, тры сумесныя беларуска-кітайскія навукова-даследчыя і адукацыйныя падраздзяленні.
— Адкрыццё цэнтра з абноўленай матэрыяльна-тэхнічнай базай паспрыяе далейшаму развіццю навуковых даследаванняў, накіраваных на стварэнне новых матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій для вытворчасці, вырабаў мікра-, нана-, опта- і ЗВЧ-электронікі новага пакалення. Да таго ж тут нашы навукоўцы будуць займацца рэалізацыяй буйнамаштабных праектаў па самых перадавых галінах навукі і тэхналогій, такіх як радыёэлектроніка і радыёлакацыя, электрамагнітная сумяшчальнасць, радыёэлектронныя сродкі, інфармацыйныя тэхналогіі, абарона інфармацыі і г.д., — расказаў прарэктар па навуковай рабоце БДУІР Віктар Стэмпіцкі.
Па яго словах, у цэнтры змогуць рэалізаваць свае самыя смелыя задумы не толькі дактаранты, аспіранты, магістранты, але і маладыя даследчыкі з ліку навучэнцаў. Для іх адкрыюць студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю для рэалізацыі маладзёжных інавацыйных праектаў па такіх напрамках, як тэхніка, інфарматыка, вымяральная тэхніка, тэлекамунікацыі і інфармацыйная бяспека.
— У студэнцкай лабараторыі будуць створаны ўсе ўмовы, каб таленавітая моладзь набывала вопыт навукова-даследчай работы, навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці і фарміравала інавацыйнае мысленне. Тым больш плануецца, што цэнтр змогуць наведваць і школьнікі, і студэнты іншых УВА. Бо ўвогуле наш новы цэнтр мы пазіцыянуем як адкрытую пляцоўку, у тым ліку для прэзентацый не толькі магчымасцей універсітэта, але і магчымасцей для рэалізацыі ва ўніверсітэце, — патлумачыў Вадзім Богуш.
У БДУІР, адной з нямногіх УВА, засталося адасобленае падраздзяленне, дзе рэалізуюцца функцыі навуковай арганізацыі і праводзяцца даследаванні. У гэтую структуру ўваходзяць 7 даследчых цэнтраў, больш за 30 навукова-даследчых лабараторый і груп, Навукова-тэхналагічны парк, два буйныя цэнтры і чатыры падраздзяленні. А яшчэ БДУІР — базавая арганізацыя краін — удзельніц СНД па вышэйшай адукацыі ў галіне інфарматыкі і радыёэлектронікі.
— Наша асаблівая гордасць — стварэнне нацыянальнага эталона адзінкі магутнасці электрамагнітных ваганняў у дыяпазоне частот ад 37,5 да 178,4 Ггц. Гэта ўнікальнае і адзінкавае для краіны абсталяванне для каліброўкі і паверкі вымяральных ЗВЧ-прылад, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе распрацоўкі і вырабу новых узораў перспектыўнай ваеннай і грамадзянскай тэхнікі, касмічных сістэм кантролю калязямной прасторы, сістэм хуткаснай перадачы інфармацыі, — праінфармаваў В.Р.Стэмпіцкі.
Яшчэ навукоўцы БДУІР стварылі ўсепагодны аўтамабільны радыёлакатар для ўстаноўкі на вялікагрузавы транспарт (МАЗ, КАМАЗ, БЕЛАЗ). Такі інтэлектуальны радар дапаможа вадзіцелю аналізаваць дарожную абстаноўку ва ўмовах дрэннай бачнасці і загадзя, на адлегласці, заўважыць перашкоды. Важна, што распрацоўка і стварэнне айчыннага аўтамабільнага радыёлакатара папярэджання сутыкненняў далёкага дзеяння дасць магчымасць ажыццявіць імпартазамяшчэнне прылад гэтага класа.
— Акрамя гэтага, мы пастаўляем як на айчынны, так і на замежны рынак цэлую лінейку вымяральных прыбораў з больш чым з 30 прылад, якія па сваім узроўні не ўступаюць лепшым сусветным аналагам. Таксама мы забяспечваем вырашэнне задач, звязаных з пралікам і мадэляваннем магнітнай сумяшчальнасці радыёэлектронных прылад і сістэм. Па заказах мабільных аператараў правялі даследаванні магчымых варыянтаў рэалізацыі інфраструктурнай мадэлі пабудовы сеткі сотавай рухомай сувязі па тэхналогіі 5G у Беларусі і распрацавалі прапановы для фарміравання стратэгіі яе ўкаранення. Тым самым мы дапамагаем нашым сотавым аператарам, і эфектыўная работа мабільнай сувязі — гэта таксама заслуга БДУІР, — дадаў Віктар Раманавіч.
Распрацоўкі ўніверсітэта знаходзяць прымяненне як у Беларусі, так і за мяжой. У Кітай, Расію, Індыю і іншыя краіны экспартуюцца тэхналогіі і абсталяванне сантыметровага і міліметровага дыяпазонаў даўжынь хваль, праграмнае забеспячэнне і тэхналогіі электрамагнітнай сумяшчальнасці РЭС, прылады абароны маўленчай інфармацыі, прыборы для вымярэнняў у магутных ультрагукавых палях, тэхналогіі, матэрыялы і структуры мікра- і нанаэлектронікі.
Вынікі сваіх даследаванняў вучоныя БДУІР прадстаўляюць на прэстыжных міжнародных канферэнцыях і форумах. У сценах універсітэта таксама праводзяцца канферэнцыі big data, “Медэлектроніка”, ОSTIS, якія ўжо сталі візітнай карткай БДУІР і збіраюць сотні навукоўцаў з краін СНД, блізкага і далёкага замежжа.
БДУІР у лічбах:
8 факультэтаў; 33 кафедры; 15 спецыяльнасцей агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі; сёлета адкрываюцца тры новыя спецыяльнасці: “Электроннае машынабудаванне”, “Кіберфізічныя сістэмы” і “Лічбавы маркетынг”; Мінскі радыётэхнічны каледж; 15 тысяч навучэнцаў; Інстытут інфармацыйных тэхналогій.
Такім чынам, БДУІР штодня робіць крок ва ўласным развіцці. У мінулым годзе ўніверсітэт атрымаў шмат розных узнагарод, быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару, атрымаў прэмію ўрада за дасягненні ў галіне якасці ў намінацыі “Лідарства”.
— Мы кожны дзень працуем над атрыманнем новых ведаў, займаемся распрацоўкамі, удасканальваем адукацыйны працэс і выкарыстоўваем шмат унутраных інфармацыйных сістэм. Напрыклад, мы ўкаранілі і лічбавыя журналы куратараў, і лічбавыя залікоўкі, і лічбавыя тэхналогіі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Аднак пры гэтым мы выдатна разумеем, што поруч з лічбавізацыяй неабходна ўдзяляць вельмі шмат увагі і здароваму ладу жыцця, і побыту, і культурнаму развіццю, бо сучасны інжынер павінен быць усебакова развітым спецыялістам, і для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы, — перакананы Вадзім Богуш.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара