За перамогу ў IV Адкрытым чэмпіянаце БДУІР па праграміраванні змагаліся амаль 230 каманд з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы. Аднак да фіналу дайшлі толькі 48. Пераможцам стала каманда Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута Banana Motel. 2 месца дасталася камандзе Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута Ababahalamaha. Трэцяй стала зборная Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Abacaba. Спецыяльным прызам — медалём “Чэмпіён БДУІР” — была ўзнагароджана каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Bsuir_power.
Фінал спаборніцтва праходзіў па правілах чэмпіянату свету па праграміраванні сярод студэнтаў ACM ICPC. За 5 гадзін камандам трэба было рашыць 11 задач, умовы якіх гучалі на англійскай мове.
Задачы да конкурсу рыхтавалі выпускнікі БДУІР, сярод якіх і Аляксей Ропан — адзін з 24 мацнейшых праграмістаў планеты па версіі TopCoder Open.
“Удзельнікі рашаюць практычныя задачы, якія развіваюць у іх прафесійныя навыкі, неабходныя ў такіх сферах, як аэракасмічная індустрыя, астрафізіка, медыцына, біяінфарматыка, робатабудаванне, пошукавыя сістэмы ў інтэрнэце”, — паведаміў намеснік дэкана факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР Аляксей Ляшчоў.
Акрамя студэнтаў, у спаборніцтве традыцыйна бралі ўдзел школьнікі. Сёлета гэта былі дзевяці- і дзесяцікласнікі. “У іх вельмі высокі ўзровень і шчырая цікавасць. У 2012 годзе на чэмпіянаце па праграміраванні перамаглі менавіта школьнікі”, — расказаў старшыня аргкамітэта спаборніцтва прарэктар па вучэбнай рабоце і інфарматызацыі БДУІР Барыс Нікульшын.
Дэмакратычнасць праекта адзначыў і Аляксей Ляшчоў, маючы на ўвазе адсутнасць абмежаванняў не толькі па ўзросце, але і па колькасці зарэгістраваных каманд.
“Геаграфія кожны раз пашыраецца. У мінулым годзе было 150 каманд, сёлета — 227 каманд, прычым удзельнікі з Расіі — нашы традыцыйныя партнёры. Акрамя гэтага, прыехалі каманды з Латвіі, Літвы і Украіны. Можна з упэўненасцю сказаць, што пра спаборніцтва ведаюць у свеце”, — расказаў Барыс Нікульшын.
Партнёрамі праекта выступаюць такія гіганты IT-індустрыі, як Яндэкс, IBA Group, QulixSystems. “Мы традыцыйна падтрымліваем Адкрыты чэмпіянат БДУІР па праграміраванні, — сказаў намеснік дырэктара eBusiness IBA Minsk Іван Пілецкі. — Удзельнікі гэтага чэмпіянату — фактычна нашы будучыя супрацоўнікі”.
Святлана ШЫЯН.
Фота прадстаўлена БДУІР.