У Беларусі створана эфектыўная сістэма развіцця спорту вышэйшых дасягненняў

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Створаная ў Беларусі эфектыўная сістэма развіцця спорту вышэйшых дасягненняў дае магчымасць якасна рыхтаваць спартыўны рэзерв. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця Палаца спорту “Уручча” і Міжнароднага дзіцячага турніру па гандболе.

Новы Палац гульнявых відаў спорту Узброеных Сіл Беларусі прымае сваіх першых наведвальнікаў. “Гэты аб’ект унікальны па сваім профілі. Аналагічных яму ў нас яшчэ не было, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У залах створаны ўсе неабходныя ўмовы для правядзення міжнародных спаборніцтваў і падрыхтоўкі спартсменаў самага высокага ўзроўню”. Тут давядзецца трэніравацца гульцам па такіх відах спорту, як гандбол, валейбол, баскетбол і міні-футбол, а таксама тэніс і бадмінтон. Сюды змогуць прыйсці не толькі ваеннаслужачыя, але і жыхары, госці сталіцы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі імкнуцца не толькі выхоўваць маладых атлетаў, але і ўмацоўваць здароўе моладзі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта таму нараўне са спаборніцтвамі прафесійных спартсменаў сёння праводзяцца дзіцячыя спаборніцтвы. “Бо наша мэта — выхаванне здаровых, моцных і фізічна развітых абаронцаў Айчыны, здольных надзейна гарантаваць яе бяспеку”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць сімвалічным, што цяперашні турнір прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў вялікую ролю спорту ва ўмацаванні даверу і дружбы паміж народамі, што, несумненна, служыць захаванню міру. “Прыемна бачыць тут нашых суседзяў, замежных гасцей. Усім зразумела, што краіны павінны сапернічаць выключна на спартыўных арэнах, але ні ў якім разе не на полі бою”, — рэзюмаваў прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па рэканструкцыі і ўводзе ў эксплуатацыю Палаца спорту “Уручча” дзяржаўнай установы “Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”. Гэты ўніверсальны спартыўны комплекс прызначаны для падрыхтоўкі нацыянальных зборных каманд, спартыўных клубаў, спецыялізаваных спартыўных класаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча па многіх відах спорту, у прыватнасці па гандболе, валейболе, баскетболе і міні-футболе. Тут могуць праводзіцца міжнародныя спартыўныя форумы самага высокага ўзроўню. Акрамя таго, займацца фізкультурай і спортам змогуць ваеннаслужачыя, курсанты Ваеннай акадэміі. Аснову спартыўнага аб’екта складаюць тры гульнявыя пляцоўкі: дзве спаборніцка-трэніровачныя (з трыбунамі для гледачоў на 300 і 3 тысячы месцаў і магчымасцю іх павелічэння) і адна трэніровачная. Акрамя названых відаў спорту ўсе пляцоўкі прадугледжваюць магчымасць падрыхтоўкі тэнісістаў.
Як праінфармавалі кіраўніка дзяржавы, у ходзе будаўніцтва максімальна выкарыстоўваліся беларускія будаўнічыя матэрыялы, а таксама частка абсталявання.
Прэзідэнт закрануў тэму стварэння айчынных спартыўных трэнажораў. Ён перакананы, што іх неабходна вырабляць. “Трэба абавязкова гэта зрабіць. І не трэба баяцца пачынаць гэтую вытворчасць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У якасці пазітыўнага прыкладу таго, што беларускім спецыялістам гэта пад сілу, ён прывёў поспехі ў галіне ваеннай тэхнікі.
Аляксандр Лукашэнка асобна закрануў тэму развіцця гандбола, які прыўзнялі на нейкі ўзровень, але неабходны штуршок для яго належнага развіцця. Прэзідэнт не сумняваецца, што беларускія гандбалісты змогуць дасягнуць высокіх вынікаў.
Разам з тым ён заўважыў, што грошай на ўтрыманне Палаца спорту “Уручча” ніхто даваць не будзе. Кіраўніцтва аб’екта павінна паклапаціцца аб тым, як зарабляць сродкі.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі новага спартыўнага аб’екта, папрысутнічаў на трэніроўцы гандбольнага клуба “СКА-Мінск”. Ён цёпла паразмаўляў з гандбалістамі і сфатаграфаваўся з імі.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка папрысутнічаў на трэніроўцы нацыянальнай зборнай па бадмінтоне.