У Беларуска-Расійскім універсітэце заключана 47 дагавораў аб супрацоўніцтве са школамі Магілёўшчыны

- 11:13Образование

Атрымаць практычныя веды, разабрацца ў рабоце тэхнічных механізмаў і дакладна вызначыцца з выбарам прафесіі — такія магчымасці прадастаўляюць вучням інжынерных класаў у Беларуска­-Расійскім універсітэце. Рэгулярна ў рамках шостага школьнага дня на заняткі сюды прыязджаюць навучэнцы з усёй Магілёўшчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Інжынерныя кадры вельмі запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі. Па гэтай прычыне з моманту стварэння профільных класаў інжынернай накіраванасці адразу ўзялі іх пад сваё крыло. Быў адпаведны запыт і ад школ: да нас звярталіся з просьбамі аб арганізацыі факультатыўных заняткаў. Мы адгукнуліся, бо настаўнікам цяжка спраўляцца з тлумачэннем тэхнічных дысцыплін, а ва ўніверсітэце ў наяўнасці і кваліфікаваныя выкладчыкі, і адпаведная матэрыяль­ная база, — паведаміў рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт заключыў дагаворы аб супрацоўніцтве з 47 установамі агульнай сярэдняй адукацыі. У школьных сценах навучэнцы на павышаным узроўні вывучаюць фізіку, матэматыку і іншыя профільныя вучэбныя прадметы, а па суботах наведваюць факультатыў па ўвядзенні ў прафесію на базе УВА. Заняткі арганізуюцца і для зборных груп навучэнцаў.

— Курыруем кожны з 77 інжынерных класаў і груп рэгіёна з агульным ахопам звыш 650 вучняў. У гэтых хлопцах і дзяўчатах бачым патэнцыяльных абітурыен­таў, таму па суботах праводзім для моладзі тэарэтычныя лекцыі і практычныя заняткі. Работа нала­джана па спецыяльных адукацыйных модулях. У залежнасці ад праграмы школьнікі могуць вывучаць машынабудаванне, электраэнергетыку, будаўніцтва, робататэхніку. Перыядычна праводзім для іх экскурсіі на рэальную вытворчасць. Выступілі ініцыятарам падпісання трохбаковых дагавораў са школамі і прадпрыемствамі. Навучэнцы пастаянна бываюць у цэхах флагманаў рэгіянальнай прамысловасці, — расказала начальнік аддзела па прафарыентацыйнай і інфармацыйнай рабоце Вікторыя Юркова.

Вучэбны матэрыял выкладчыкі даносяць да школьнікаў у даступнай і зразумелай форме. Заняткі адрозніваюцца практыкаарыентаванасцю. Вучні праграмуюць робатаў, праектуюць будынкі, асвойваюць асновы 3D-мадэлявання. У прафарыентацыйных суботах задзейнічаны шаснаццаць навуковых лабараторый. Моладзь мае магчымасць бачыць, як функцыя­нуюць сучасныя прамысловыя станкі і маніпулятары.

— Галоўная мэта, якую ставім перад сабой, — дапамагчы навучэнцам свядома падысці да выбару прафесіі. У інжынерныя класы ідуць матываваныя дзеці, але многія не да канца разумеюць, што стаіць за назвай спецыяльнасці. Спрабуем гэта растлума­чыць, накіраваць на правільны шлях. Бо можна набыць прафесію, а потым расчаравацца ў ёй. Стараемся, каб маладыя людзі прымалі ўзважанае рашэнне наконт сваёй будучыні, — адзначыў загадчык кафедры асноў праектавання машын Аляксандр Пруднікаў.

Літаральна некалькі тыдняў назад на занятках у Беларуска-Расійскім універсітэце пабывалі вучні Каменскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна. Як заўважыў настаўнік матэматыкі і фізікі Міхаіл Зябкін, дзеці засталіся пад вялікім уражаннем.

— У інжынерны клас вырашыла пайсці таму, што мяне прываб­лівае гэтая сфера дзейнасці. Экскурсія ў БРУ неверагодна ўразіла. Цікава было прымераць на сябе ролю студэнта, пазнаёміцца з выкладчыкамі, убачыць аўдыторыі і лабараторыі знутры. Спадабаліся і заняткі. Мы не проста слухалі і задавалі пытанні, а маглі паспрабаваць папрацаваць на перадавым вучэбным абсталяванні: рабілі 3D-мадэлі дамоў і дэталі валоў, — падзялілася навучэнка Арзу Алікберава.

Яе аднакласніцу Алісу Новікаву здзівіў пералік спецыяльнасцей, умовы і перспектывы навучання.

— Мяне прываблівае тран­спартная лагістыка. Даведалася, што па гэтым напрамку тут ёсць цэлая кафедра. Пакуль вучуся ў 10 класе, але ўжо дэталёва разглядаю варыянты для паступлення. Цалкам верагодна, што стану студэнткай Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, — запэўніла дзяўчына.

Дарэчы, сёлета ў БРУ ўпершыню паступалі выпускнікі інжынерных класаў. Усяго былі залічаны 60 абітурыентаў з адпаведным ­запісам у атэстаце. Некаторыя з юнакоў і дзяўчат вучацца па мэтавых дагаворах. Шэраг маладых людзей скарысталіся льготамі і паступілі без уступных іспытаў. У іх ліку студэнт машынабудаўнічага факультэта Алег Акімаў.

— Вучыўся ў інжынерным класе сярэдняй школы № 2 Мсціслава. Яшчэ дзесяцікласнікам разглядаў для сябе інжынерныя прафесіі. Заняткі ў БРУ дапамаглі канчаткова вызначыцца з выбарам. Паступаў па льгоце на спецыяль­насць «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей». Субяседаванне не выклікала цяжкасцей, бо мы разбіралі тэмы пытанняў на факультатыве і падчас паездак ва ўніверсітэт. Рады, што здолеў паступіць без стрэсу і хваляванняў. Студэнцтвам таксама задаволены: спецыяльнасць запатрабаваная, вучоба займальная. І з пражываннем праблем не ўзнікла: далі пакой у камфортным інтэрнаце. А профільнае навучанне ў школе дапамагло даволі хутка ўліцца ў студэнцкія будні. Адчуваю сябе ўпэўнена, бо знаё­мы з дысцыплінамі, асобнымі выкладчыкамі, інфраструктурай універсітэта, — расказаў юнак.

Па словах куратара інжынернага класа 2-й мсціслаўскай школы настаўніка інфарматыкі і фізікі Юрыя Лупякова, цеснае супрацоўніцтва з Беларуска-Расійскім універсітэтам дазволіла навучэнцам дакладна вызначыцца з прафесійным прызваннем.

— З шасці маіх выпускнікоў абсалютна ўсе працягнулі адукацыю па профілі. Лічу, што станоўча паўплывалі на гэты паказчык менавіта прафарыентацыйныя выезды. Прычым наведванне ўніверсітэта было карысным як для дзяцей, так і для мяне. Многае ўзяў на заметку ў правядзенні факультатыўных заняткаў, — падкрэсліў Юрый Іванавіч.

Падтрымцы настаўнікаў, якія замацаваны за інжынернымі класамі, у Беларуска-Расійскім універсітэце ўдзяляюць вялікую ўвагу. Па неабходнасці ім аказваюць кансультацыйную дапамогу, прадастаўляюць відэапрэзентацыі і лекцыйныя матэрыялы. Пры ўдзеле Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі ладзяцца спецыялізаваныя курсы павышэння кваліфікацыі для педагогаў.

У найбліжэйшы час у БРУ збіраюцца пашыраць узаемадзеянне са школамі. У планах універсітэта — актыўнае далучэнне да прафарыентацыі бацькоў. Плануецца таксама павялічваць колькасць трохбаковых дагавораў аб супрацоўніцтве з удзелам арганізацый — заказчыкаў кадраў.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі