У Брагінскім раёне за апошнія тры гады стапрацэнтная замацавальнасць маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах

- 13:01Гомельская область, Индекс успеха, Новости

Усё неабходнае для добрага старту ёсць: як ва ўстановах адукацыі Брагінскага раёна ўдаецца заматываваць і замацаваць маладых спецыялістаў, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Каштоўныя кадры

Па словах кіраўніка аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама Наталлі Даўжанок, у раёне маладым і перспектыўным кад­рам удзяляецца асаблівая ўвага, і замацаванне настаўнікаў на месцах — лепшае таму пацвярджэнне.

— Пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі педагогі застаюцца вернымі выбранай прафесіі, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — У гэтым годзе педагагічная сям’я раёна сардэчна прыняла 15 маладых спецыялістаў, з якімі раней быў заключаны мэтавы дагавор. Дарэчы, работа ў гэтым напрамку вядзецца сістэмна — яшчэ адзін мэтавы дагавор выдалі выпускніцы брагінскай школы, якая з гэтага года ўжо вучыцца ў Мазырс­кім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна і праз чатыры гады прыйдзе да нас на работу.

Для ўчарашніх выпускнікоў настаў час магчымасцей і кар’ернага росту. Усё неабходнае для добрага старту ёсць. Так, пры размеркаванні і заключэнні кантракта на 5 гадоў ва ўстанове адукацыі, якая знаходзіцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання з правам на адсяленне (са ступенню забруджвання 5—15 кюры), маладым спецыялістам аднара­зова выплачваецца 200 базавых велічынь. Пасля адпрацоўкі першага пяцігадовага кантракта, калі педагог згаджаецца на другі пяцігадовы кантракт, ён атрымлівае 300 базавых велічынь.

— Ёсць педагогі, якія прыбылі да нас у раён, адпрацавалі першы пяцігадовы кантракт, стварылі сям’ю і заключылі кантракт паўторна, — працягвае кіраўнік аддзела адукацыі. — Акрамя таго, для педагогаў раёна прадугледжаны добры сацыяльны пакет, а яшчэ — высокі паказчык па ўстанаўленні кантрактнай надбаўкі, у сярэднім яна роўная 39% пры максімальнай 50%. Акрамя таго, па прыбыцці да нас у раён па размеркаванні прадастаўляецца бясплатнае арэнднае жыллё пад ключ за кошт сродкаў, накіраваных на ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Калі арыентавацца на статыстыку, то за апошнія тры гады ў раёне адзначаецца стапрацэнтная замацавальнасць маладых спецыялістаў, ад нас ніхто не з’ехаў. У цэлым, калі і здараецца, што педагог пакідае раён, то гэта звязана са зменай месца жыхарства пасля замужжа.

Прыярытэтная ўвага накіравана не толькі на маладых і перспектыўных педагогаў, але і на дасведчаных прадстаўнікоў прафесіі са шматгадовым стажам працы. Дарэчы, Брагіншчына славіцца сваімі педагагічнымі дынастыямі, і, несумненна, такія сем’і заслугоўваюць асобнай увагі на старонках ведамаснага выдання.

— У нас ёсць педагагічныя дынастыі, і не адна, — падкрэслівае Наталля Міхайлаўна. — Напрыклад, сям’я Шэін: мама — Марыя Уладзіміраўна, загадчык Іалчанскага дзіцячага сада, тата — Леанід Мiхайлавiч, настаўнік фізкультуры, уладальнік ганаровага звання “Выдатнік адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь”, іх дачка — Наталля Леанідаўна, настаўніца замежнай мовы ў гімназіі. Педагагічнай дзейнасцю займаюцца сем’і Прыходзька, Чарнабай, Шубянок і многія іншыя. Практычна ў кожнай установе адукацыі раёна працуюць прадстаўнікі сямейных дынастый, іх стаж ужо выліч­ваецца дзясяткамі гадоў.

У Брагінскім раёне сеюць разумнае, добрае, вечнае 458 педагагічных работнікаў, з іх 70% — спецыялісты з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.

Належная ўвага

Ад педагагічных кадраў плаўна пераходзім непасрэдна да ўстаноў адукацыі, дзе школьнікам дапамагаюць удасканальваць крытычнае мысленне, логіку, раскрываюць творчы патэн­цыял, а яшчэ вучаць працаваць у каман­дзе, развіва­юць сацыяльныя навыкі і фарміруюць духоўна-маральныя каштоўнасці. Напрыклад, Камарынскай сярэдняй школе імя П.І.Шпетнага прысвоены ганаровы статус “Школа мiру”. Тут жа ў хуткім часе адкрыецца музей Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, гэта адзіная школа, у якой ёсць алея ў памяць аб героях, якія абаранялі Ра­дзіму ў гады ваеннага ліхалецця і вызвалялі Камарыншчыну.

— Брагінскі раён, ма­быць, адзіны ў вобласці, дзе ў кожнай установе адукацыі створаны міратворчы атрад, — працягвае аповед Наталля Міхайлаўна. — Сёння налічваем 130 міратворцаў, з іх 20 — навучэнцы Школы мiру. Так, у Брагінскай сярэдняй школе 4-ы год функцыянуе атрад “Юныя міратворцы”. Работа з дзецьмі арганізавана па розных напрамках: хлопцы і дзяўчаты — актыўныя ўдзельнікі экалагічных, працоўных акцый, клапоцяцца пра пажылых людзей і ветэранаў, даглядаюць помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны і магілы загінуўшых. Таксама для навучэнцаў школы актывісты атрада праводзяць экскурсіі ў школьным музеі “Культура і побыт нашых продкаў”. У бягучым годзе работа атрада будуецца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. А яшчэ нашы выхаванцы вынікова выступаюць на спартыўных спаборніцтвах. Акрамя таго, навучэнцы ўжо не першы год праяўляюць сябе ў алімпіядным руху. Так, летась яны заваявалі 8 дыпломаў на абласным этапе (5 з якіх атрымалі вундэркінды з гімназіі), перамога чакала і на рэспубліканс­кім этапе прадметнай алімпіяды па беларус­кай мове.

Не толькі школьнікі могуць пахваліцца сваімі поспехамі і дасягненнямі, але і педагогі. Ма­быць, самы яркі прарыў гэтага года — перамога дырэктара Хракавіцкай сярэдняй школы Андрэя Смаленчука на рэспубліканскім фестывалі “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі”. Падтрымка педагагічнага калектыву і накіраванасць на поспех у выніку прывялі да доўгачаканай перамогі. Каласальны вопыт работы настаўнікаў раёна пераймаюць не толькі калегі з усёй Беларусі. Напрыклад, рэалізацыяй розных напрамкаў работы па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі зацікавіліся прадстаўнікі маладзёжнага савета горада Чэхава Расійскай Федэрацыі, з якімі, дарэчы, наладжаны добрыя сувязі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота: “Маяк Палесся”