У братэрстве народаў

- 12:45Культура

Фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” — маштабны творчы форум, накіраваны на стварэнне адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы, умацаванне сяброўства Беларусі і Расіі, выяўленне і падтрымку таленавітых дзяўчат і юнакоў. 

Дэлегацыя ад Рэспублікі Беларусь адправілася на XV фестываль у Смаленск 14 верасня. Перад ад’ездам адбылася ўрачыстая цырымонія адпраўлення ў Маладзёжным тэатры эстрады, у фае якога разгарнулася канцэпт-прэзентацыя ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі. Сваім музычным прывітаннем падзяліліся ўдзельнікі народнага цымбальнага аркестра “Ліра” Мінскага дзяржаўнага кале­джа мастацтваў. А за прыга­жосць і грацыю мерапрыемства адказвалі ўдзельнікі подыум-школы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі Міністэрства адукацыі. Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі была праведзена падрыхтоўчая работа і сфарміраваны склад дэлегацыі, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў. Гэта студэнты, навучэнцы, маладыя работнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў, аб’яднаныя імкненнем да творчасці і сяброўства паміж моладдзю Расіі і Беларусі (усяго 100 чалавек).

— Гэты шматгранны, шмат­вектарны і магутны праект закліканы аб’ядноўваць мо­ладзь Беларусі і Расіі. Менавіта праз творчасць і культуру мы закладваем трывалы і магутны падмурак дружбы і векавога адзінства нашых народаў, — адзначыў мастацкі кіраўнік — каардынатар удзельнікаў фестывалю ад Беларусі Аляксандр Даўжэўскі.

Урачыстая цырымонія адкрыцця XV Міжнароднага фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” прайшла 15 верасня ў Смаленскім культурна-адукацыйным цэнтры “Губернскі”. Свята пачалося з прывітання ад афіцыйных асоб. Прадстаўнікі беларускай і расійскай дэлегацый павіншавалі ўдзельнікаў з доўгачаканым вяртаннем форуму пасля двухгадовага перапынку.  

— Фестываль праводзіцца ў Смаленску ўпершыню, хоць ён праходзіць з 2006 года. Быў у Анапе, потым у Растоўскай вобласці. На шчасце, дэпутаты Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі прынялі рашэнне правесці яго сёлета тут, у Смаленску, чаму мы вельмі рады. Мы праводзім вялікую колькасць сумесных мерапрыемстваў з беларускім бокам: і навукова-практычныя канферэнцыі, і культурна-асветніцкія, і адукацыйныя мерапрыемствы. Гэты фестываль — яшчэ адна манета ў скарбонку дружбы паміж дзвюма нашымі краінамі, — пракаменціраваў начальнік дэпартамента па культуры Смаленскай вобласці Міхаіл Івушын.

На наступны дзень прайшоў конкурс выканаўцаў мала­дзёжнай песні ў канцэртнай зале Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў. Вакальнае спаборніцтва — частка праграмы XV фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. Васямнаццаць удзельнікаў прадставілі па дзве кампазіцыі. Па ўмовах конкурсу, першая песня павінна была адлюстроўваць актуаль­ныя праблемы сучаснай моладзі, другая — прысвячацца роднай краіне і яе культурным традыцыям. У складзе журы конкурсу — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г Мулявіна Мінска Святлана Стацэнка, спявак і прадзюсар Алег Кудраўцаў з Санкт-Пецярбурга, намеснік дырэктара тэатральна-відовішчнай установы “Маладзёжны тэатр эстрады” Мінска Аляксандр Даўжэўскі, спявачка Ася Кампаніец з Растова-на-Доне і спявак Аляксандр Ялоўскіх з Масквы. Першай з беларускіх удзельнікаў выступіла салістка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра эстраднай песні “Сябрынка” Аліна Бурачэўская.

— Хваляванне прысутнічала, але я разумела, што выкладуся на ўсе сто працэнтаў, пакажу сябе і свой тэмбр, характар, раскрыю сэнс песні. Спадзяюся, гэта атрымалася, таму што гледачы прынялі мяне вельмі цёпла, — па­дзялілася вакалістка.

Увечары дэлегаты фестывалю прынялі ўдзел у акцыі ўскладання кветак “Свечка памяці”. Цырымонія прайшла ля Вечнага агню ў смаленскім скверы Памяці Ге­рояў.

У чацвёрты дзень фестывалю юныя артысты і творчыя калектывы з Беларусі і Расіі падзяліліся на дзве групы і наведалі гарады Смаленскай вобласці — Сафонава і Ярцава. Візіт у новае месца пачаўся з агляднай экскурсіі. Па дарозе быў зроблены сімвалічны прыпынак, і ўдзельнікі змаглі ўвекавечыць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы кветкі да Вечнага агню ля помніка савецкаму салдату. 

У пяты дзень творчага форуму юныя артысты выступілі перад ветэранамі вайны і працы. Творчыя калектывы і сольныя вакалісты выканалі яркія нумары. Усе яны звязаны адной тэмай — любові да Радзімы і адзінства нашых брацкіх народаў.

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота аўтара.