У Бронненскай сярэдняй школе сёлета ўпершыню збіраюць ураджай кавуноў і дынь

- 15:20Лето-2023, Новости, Проекты

У Бронненскай сярэдняй школе Рэчыцкага раёна працуе атрад па вырошчванні агародніны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

– Наша школа сельская, таму працоўнае выхаванне для нас вельмі важнае пытанне. Імкнёмся данесці да кожнага дзіцяці: тое, што ты можаш зрабіць штосьці сваімі рукамі, — добрая дапамога ў жыцці. Як у любой іншай установе адукацыі, у нас склалася свая сістэма работы па арганізацыі летняй занятасці навучэнцаў. Вучні атрымліваюць як тэарэтычныя, так і практычныя веды, — адзначае дырэктар Бронненскай сярэдняй школы Галіна Уладзіміраўна Чувашава.

Школа арганізоўвае занятасць навучэнцаў у летні перыяд у рамках раённай міжведамаснай праграмы “Лета на карысць”. Функцыянуюць розныя звёны: па вырошчванні агародніны на прышкольным участку, па зборы сыравіны, па рамонце школьнай мэб­лі, па рамонце кніг, валанцёрскі атрад, атрад па добраўпарадкаванні і азе­ляненні.

На рахунку кожнай брыгады — шмат карысных спраў. Так, удзельнікамі атрада па добраўпарадкаванні і азеляненні быў паса­джаны сад надзеі, у якім 48 пладовых дрэў і 11 ягадных кустоў. У гэтым годзе на дрэвах з’явіліся першыя плады і дзеці старанна іх даглядаюць. У рамках напрамку па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі рэалізоўваюцца праекты другаснай занятас­ці.  

Што тычыцца атрада па вырошчванні агародніны, то працуюць вучні як на адкрытым агародзе, так і ў вялікай цяпліцы. На прышкольным участку высаджаны таматы, буракі, капуста, перац, фасоля. У цяпліцы сёлета ўпершыню вырасцілі кавуны і дыні. На гэтым эксперыменты навучэнцы спыняць не збіраюцца. Нядаўна яны высадзілі новыя для сябе дэкаратыўныя расліны.

Ураджай, які збіраюць школьнікі, ідзе як на іх харчаванне ў школьную сталовую, так і на продаж. Каля 1 тысячы рублёў ужо зарабілі вясной на продажы расады. Грошы накіравалі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.

— Дзяцей не трэба спецыяльна матываваць. Назіраючы за старшакласнікамі, малодшыя вучні самі праяўляюць цікавасць да вырошчвання агародніны і садоўніцтва. Навучэнцы прыдумляюць спаборніцтвы: са­джаючы свой куст, кожны сочыць, у каго хутчэй з’явяцца ягады, — расказвае намеснік па выхаваўчай рабоце Бронненскай сярэдняй школы Вольга Мікалаеўна Карпеш.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА