Адбылося ўрачыстае закрыццё 27-й Рэспубліканскай навукова-даследчай школы навучэнцаў і настаўнікаў і 17-га гарадскога фізіка-матэматычнага лагера для навучэнцаў 5—8-х класаў сталічных устаноў адукацыі (пераможцаў алімпіяд, інтэлектуальных спаборніцтваў, конкурсаў), якія праходзілі на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна» БДУ, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Падчас летняй школы, акрамя культурна-аздараўленчай праграмы, для школьнікаў былі арганізаваны штодзённыя заняткі (па чатыры акадэмічныя гадзіны ў дзень) па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, астраноміі. Іх праводзілі лепшыя педагогі школ і гімназій Мінска сумесна з выкладчыкамі БДУ. Таксама прайшлі выніковыя алімпіяда і канферэнцыя, семінары, інтэлектуальныя гульні, псіхалагічныя трэнінгі, спартыўныя спаборніцтвы.
За перамогі ў алімпіядзе па матэматыцы і фізіцы дыпломамі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ўзнагароджаны 54 удзельнікі.
— На выніковай канферэнцыі было зроблена каля сотні дакладаў. Больш за палову з іх адзначаны дыпломамі. Так, па матэматыцы з 41 даклада прызы атрымалі 35, а гэта каля 50 школьнікаў, якія з імі выступалі, — расказаў Леанід Лаўрыновіч — прадстаўнік аргкамітэта летняй школы ў САК «Брыганціна», дацэнт ФПМІ БДУ і настаўнік матэматыкі 41-й сталічнай гімназіі. — Так, у лік лепшых па матэматыцы ў 10-м класе трапіў даклад «Пакрыццё цэлых лікаў арыфметычнымі прагрэсіямі» (аўтары Міхаіл Курс і Мацвей Гаўрыленка з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага і Ігар Шмыгалёў з гімназіі № 56 Гомеля імя А.А. Вішнеўскага), а таксама даклад «Прадстаўленні лікаў, выкарыстоўваючы адзінкі» вучняў 41-й сталічнай гімназіі Мацвея Вылягжаніна, Артура Калоткіна і Усяслава Красненкі.
Лепшыя даклады па інфарматыцы зрабілі вучні 8-га класа гімназіі № 13 Мінска Георгій Булынка па тэме «Выкарыстанне пераўтварэння Фур’е для аналізу гуку» і Уладзіслава Бажанава па тэме «Параспалучэнні і патокі ў графе». Па фізіцы сярод лепшых была работа «Вызначэнне канцэнтрацыі аптычна актыўных рэчываў палярыметрам» Сцяпана Архіпенкі з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага (10-ы клас) і Ганны Яфцеевай з гімназіі № 27 Мінска (9-ы клас).

Сёлета сярод удзельнікаў рэспубліканскай профільнай школы было 240 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку 64 — з Мінска. Для таго каб трапіць на змену для адораных, трэба было вытрымаць конкурсны адбор, заснаваны на паспяховасці і актыўнасці ўдзелу ў алімпіядах, канферэнцыях, конкурсах, турнірах навучэнцаў. Міхаіл Курс і Усяслаў Красненка, напрыклад, неаднаразовыя пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, прызёры міжнародных турніраў юных матэматыкаў. Мацвей Вылягжанін і Міхаіл Райхман — сярэбраныя прызёры сёлетняй 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, што прайшла ў Японіі.
Усе ўдзельнікі летняй школы атрымалі заслужаныя прызы і памятныя падарункі.
Першая летняя навуковая школа прайшла ў 1995 г. у пасёлку Лужасна Віцебскага раёна. Гэтая дата лічыцца днём нараджэння Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы навучэнцаў і педагогаў. За ўсе гады ў ёй прайшлі навучанне больш за 4750 здольных навучэнцаў і звыш 400 педагогаў і маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з Тэлеграм-канала «Брыганціны»





