У чаканні “Фестывальнага лета”

- 13:37Выхаваўчая прастора

Сёлетняй вясной многія школьнікі асвойваюць навучанне на адлегласці, імкнучыся не адстаць у вучобе. Заняткаў спортам, трэніровак, прагулак на свежым паветры стала менш. Падцягнуць вучобу, навярстаць ўпушчаныя дні гульняў з сябрамі і, канечне, паправіць здароўе хлопчыкам і дзяўчынкам прапануе НДЦ “Зубраня”. Летні сезон у гэтым годзе атрымае назву “Фестывальнае лета”. Фестываль — гэта яркія і запамінальныя падзеі, магчымасць паказаць сябе і паглядзець на іншых, пазітыўныя эмоцыі і добры настрой. Усе фестывальныя дні будуць насычаны цікавымі справамі, конкурсамі, спаборніцтвамі, выкананнем заданняў і, канечне, дзіцячым смехам, летнімі фарбамі, сяброўствам, знамянальнымі падзеямі, новымі адкрыццямі і ўражаннямі.

Што ні дзень, то фэст ці таямніца

Кінафестываль, бульбафэст, экафэст, гастрафэст, шоукейс-фестываль, “Лэнд-арт”, фестывальны пікнік, фестываль святла і агню, фестывалі гульні, вады, мастацтваў, прыгод, спорту — надыходзячым летам у “Зубраняці” гэтыя і іншыя фестывалі будуць змяняць адно аднаго штодня, акунаючы іх удзельнікаў у незвычайную атмасферу. Тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак змогуць паспрабаваць сябе ў ролі гледачоў і ўдзельнікаў, выканаўцаў і арганізатараў. Педагогамі цэнтра будуць улічаны інтарэсы і магчымасці дзяцей і падлеткаў, якія ўпершыню прыедуць на адпачынак у “Зубраня”, а таксама тых, хто робіць гэта кожны сезон.

Для кожнай з 5 узроставых груп (ад 6 да 17 гадоў) ужо распрацавана асобная праграма змены, але ўсе яны будуць аб’яднаны тэмай фестывалю.

Удзельнікамі праекта “Фестываль першакласных адкрыццяў” стануць дзеці ад 6 да 9 гадоў. Юныя першаадкрывальнікі з “сакрэцікамі ў кішэнях” (чаму з сакрэцікамі — гэта пакуль сакрэт!) у пошуках займальных прыгод прыплывуць у краіну летніх фестываляў, дзе сустрэнуць навуковую прынцэсу Дзінтару і каралеву Нікі, якія трапілі ў бяду. Вядома ж, першаадкрывальнікі дапамо­гуць сяброўкам, а заадно даследуюць краіну летніх фестываляў, дзе ўрачыста ўсталююць свае флагі перша­адкрывальнікаў. Адным словам, будуць адкрываць новыя землі дзіўнай краіны, кнігі з “Библиотеки приклюЧтений”, шкатулкі з прагулкамі, бутэлькі з пасланнямі, скрынкі з сакрэцікамі, таямнічыя дзверы і неверагодныя ўласцівасці звычайных рэчаў. Бясспрэчна, першакласныя ад­крыцці чакаюць сваіх герояў гэтым фестывальным летам!

Праект “Неверагодная фэстландыя” аб’яднае дзяцей 10—11 гадоў, і яны трапяць на самы неверагодны фестываль па самых разнастайных спаборніцтвах.

“Фестываль будзе праходзіць у краіне Фэстландыі. Само мерапрыемства апынецца пад пагрозай зрыву, бо ў ім захоча ўдзельні­чаць Спорцікус, які ніколі не спаборнічае сумленна. Усе ўдзельнікі, даведаўшыся такую навіну, адмовяцца ад спаборніцтваў. Да таго ж Спорцікус выкрадзе ўсіх талісманаў, якія падтрымліваюць і арганізоўваюць спаборніцтвы. Надзея будзе толькі на “зубранят”. Усе атрады ў змене ста­нуць камандамі, і ім трэба будзе кожны дзень удзельнічаць у якім-небудзь спаборніцтве, каб вызваліць талісманаў Фэстландыі, а самае галоўнае, праявіць усю сваю ўпартасць, бо змагацца яны будуць за галоўны прыз — Кубак Фэстландыі”, — расказвае Алена Аляксандраўна Лесавая, метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы НДЦ “Зубраня”.

Праект “Квест, фэст, thebest, ці Таямнічы праект” ужо падрыхтаваны для падлеткаў 12—13 гадоў. Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба будзе прайсці квест, арганізаваць фэст і стаць thebest! Іх задача — адкрыць таямніцу за сямю пячаткамі, а для гэтага неабходна даведацца пароль. Праз сістэму арыгінальных заданняў і новых спраў удзельнікі праекта спасцігнуць таямніцу лета.

Быць аўтарамі свайго жыцця, імкнуцца станавіцца лепшымі — гэта менавіта той кірунак, які за­дасць змена “Фестывальны чэлендж” для падлеткаў старэйшага школьнага ўзрос­ту.

“У аснову змены будзе пакладзена ідэя чэленджа — асаблівага жанру відэа, у якім выконваюцца і публікуюцца ў асабістых блогах так званыя “вірусныя заданні”. На 18 дзён удзель­нікі змены “Фестывальны чэлендж” прымераюць на сябе вобраз крэатыўнай каманды па стварэнні ўнікальнага СМІ, уласнага блога, у якім будзе адлюстроўвацца атрадны погляд на падзеі фестывальнага лета ў “Зубраняці”. У рамках змены “Фестывальны чэлендж” хлопцы і дзяўчаты змо­гуць папоўніць свае веды, навучыцца правільна падаваць “кантэнт” і афармляць “візуал”. У падлеткаў будзе магчымасць прыняць удзел у розных творчых конкурсах. Так, падчас прэзентацыі атрадаў “Прокачай-ся 18/7” кожнаму атраду неабходна будзе арыгінальна прадставіць свой блог. На карнавале “Мастацтва калабарацыі” падлеткі паспрабуюць зрабіць калаб з розных жанраў і творчых заданняў. У канцы змены адбудзецца выніковае мерапрыемства — цырымонія “Відфэст”, падчас якой будуць узнагароджаны самыя актыўныя блогі і вызначаны анлайн-галасаваннем намінацыі па кірунках (“Лепшы зорны блог”, “Лепшы ЗЛЖ-блог”, “Лепшы лайфстайл-блог”, “Лепшы блог-эксперт”). У змене “Фестывальны чэлендж” акцэнт будзе зроблены на тым, што чалавек — гэта праект, а не гісторыя. Асобай не нараджаюцца, асобай становяцца”, — падзялілася Наталля Валянцінаўна Богдзя, метадыст аддзела па арганізацыі выхаваўчай работы структурнай адзінкі “Зорная” НДЦ “Зубраня”.

Самыя старэйшыя падлеткі прымуць удзел у “Фестывальным марафоне”. За 18 дзён ім трэба будзе пераадолець марафон. Кожны дзень уяўляе сабой марафон спраў і мерапрыемстваў, за ўдзел у якіх каманды і асобныя яе ўдзельнікі атрымліваюць медалі. Штодзень на схеме руху марафону (карце “Зубраняці”) будзе з’яўляцца новае заданне, з выкананнем якога павінны будуць справіцца марафонцы.

Удзельнікам змены прапа­нуюць конкурсы, тэматыка якіх будзе супадаць з фестывалямі. Кожны дзень яны будуць знаёміцца з традыцыямі лепшых фестываляў свету, прымаць удзел у розных гульнявых сітуацыях, гульнях на свежым паветры, спартыўных спаборніцтвах, забаўляльных мерапрыемствах, тэматычных дыскатэках і інш.

Бонус — веды і моцнае здароўе

Прыадкрываючы таямніцу пра новаўвядзенні, дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева сказала: “Адметнай асаблівасцю цяперашняга летняга сезона будзе тое, што ў якасці бонуса на працягу лета выхаванцам будуць прапаноўвацца паслугі рэпетытараў. Па рашэнні бацькоў з выхаванцамі будуць займацца высокакваліфікаваныя настаўнікі па матэматыцы, хіміі, фізіцы, мовах і г.д. Акрамя таго, асаблівая ўвага сёлета будзе ўдзелена ўмацаванню здароўя выхаванцаў. Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, дзецям будуць аказвацца санаторна-аздараўленчыя паслугі фізіятэрапеўтычнага аддзялення нашай медыцынскай часці.

Акрамя таго, ужо традыцыйна на працягу многіх гадоў рэалізуецца комплексна-мэтавая праграма “Крокі да здароўя”, якая ўяўляе сабой цэласную сістэму ўмацавання здароўя дзіцяці ва ўмовах выхаваўча-аздараўленчай установы. У праграму ўключаны шэраг падпраграм, такіх як “Здаровыя зубы”, “Рух — гэта жыццё”, “Чыстая вада”, “Клімататэрапія”, “Вітамінізацыя”, “Рацыянальнае харчаванне” і інш”.

Аздараўленню выхаванцаў цэнтра паспрыяюць і штодзённыя зарадкі, наведванне басейна, арганізаванае купанне ў возеры Нарач, катанне на роліках, веласіпедах, лодках, катамаранах і інш. У “Зубраняці” распрацаваны шэраг аздараўленчых прагулак і экскурсій, якія выкарыстоўваюцца педагогамі на працягу ўсяго знаходжання выхаванцаў у цэнтры. Асабліва папулярным сярод іх з’яўляецца тэрэнкур “Сцежка здароўя” і наведванне рэлаксацыйнай пляцоўкі “Лясная гасцёўня”. Сваю “фітанцыдную” ролю адыграюць хвоі і ядлоўцы Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, на тэрыторыі якога і размешчана “Зубраня”. Для кожнага атрада пад соснамі абсталяваны атрадныя месцы з альтанкай, лаўкамі, месцам для вогнішча, а на тэрыторыі маюцца так званыя “зялёныя класы”, дзе ажыццяўляецца работа з дзецьмі на свежым паветры.

Будзе ўдзелена ўвага і мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных інфекцый. Па словах Святланы Станіславаўны Красоў­скай, загадчыка аддзела арганізацыйна-метадычнай работы НДЦ “Зубраня”, дзеці ўжо і зараз харчуюцца ў сталовых па групах з перапынкам на дэзынфекцыю, праветрыванне і прыбіранне, патокі дзяцей размеркаваны так, каб выключыць перасячэнне груп дзяцей у адным месцы, масавыя мерапрыемствы праводзяцца ў групах не больш за 100 чалавек, а месцы правядзення мерапрыемстваў у перапынках дэзынфіцыруюцца. У карпусах для дзяцей, якія пражываюць на розных паверхах, абсталяваны асобныя ўваходы, гардэробы і г.д. Тое ж самае ва ўсіх іншых будынках: сталовых, Палацы дзіцячай творчасці, лідар-клубе, школе і г.д. Сістэматычна праводзі­цца дэзынфекцыя паверхняў, абсталявання, спартыўнага інвентару і г.д. Гэтыя меры будуць прымацца і летам.

Не дадуць сядзець на месцы летам экскурсіі і прагулкі па тэрыторыі цэнтра: экалагічнай сцежцы, гістарычным маршруце “Дарогамі мужнасці”, экалагічнай пляцоўцы “Бабровая хатка”; заняткі ў дзіцячым вучэбна-экскурсійным цэнтры старадаўняй бытавой культуры беларусаў “Хутар Неслуч”; наведванне батутаў, надзіманага атракцыёну, мабільнага планетарыя, інтэрактыўнага ціра, палатачнага  і вяровачнага гарадкоў, лучнага ціра, скаладрома, катанне на лодках, гідрацыкле, водным банане, роліках, скейтах, самакатах, веласіпедах, квадрацыклах, катамаранах і інш.

Традыцыйна ўсё лета ў НДЦ “Зубраня” будуць праходзіць турзлёты і паходы, інтэрактыўныя пазнавальныя праекты “Рабінзон” і “Следапыт” і інш. Будуць арганізаваны мерапрыемствы для актыўных падлеткаў і моладзі нашай рэспублікі: рэспубліканскі лідар-форум “Маладзёжнае лідарства: сучасны погляд”, фестываль спорту і здаровага ладу жыцця “Спорт для ўсіх”, адкрыты фестываль маладзёжных праектаў “Проста рабі!”, арт-кірмаш “Летнія сустрэчы ў “Зубраняці”, фестываль валанцёрскіх педагагічных атрадаў “Настроім наша сэрца на любоў” і інш.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва НДЦ “Зубраня”.