У Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі актыўна далучаюць да вывучэння гераічнага мінулага малой радзімы

- 14:19Новости

У Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі экспануюцца восем макетаў спаленых нямецкімі акупантамі вёсак, якія сталі асновай тэматычнай эксурсіі па тэме генацыду. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі навучэнцаў актыўна далучаюць да вывучэння гераічнага мінулага малой радзімы. Яны адпраўляюцца ў паходы па памятных мясцінах, падтрымліваюць традыцыю добраўпарадкавання помнікаў і месцаў воінскіх захаванняў, удзель­нічаюць у конкурсах, акцыях, праектах. У 2022 годзе ў раёне стартавала патрыятычная акцыя “Памяць пакаленняў”, арганізатарамі якой выступілі аддзел па адукацыі, раённы цэнтр дзяцей і моладзі і Чашніцкі гістарычны музей. Акцэнт на захаванні гістарычнай праўды паспрыяў таму, што ва ўстановах адукацыі выйшла на новы віток работа па даследаванні і ўшанаванні ваеннай гісторыі малой радзімы. Навучэнцы і педагогі ўключыліся ў праект па стварэнні макетаў спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак Чашніцкага раёна. Творчыя калектывы вырабілі 16 копій даваенных вёсак, кожная з якіх — гэта асобная гісторыя і яскравы факт генацыду беларускага народа ў гады фашысцкай навалы.

— Ідэю праекта мы запазычылі ў магілёўскіх калег, — расказвае дырэктар Чашніцкага РЦДіМ Святлана Сушкова. — Як вядома, вопыт нельга скапіра­ваць, да практычнага ўвасаблення ідэі можна прыйсці толькі сваім шляхам. Так, канчатковым вынікам праекта сталі макеты спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак нашага раёна. Прычым узноўлена менавіта іх даваеннае аблічча. Перад тым як рэаліза­ваць задуманае, творчыя калектывы правялі вялікую даследчую работу. Гэта адыграла значную ролю ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў.

Падчас работы яны выкарыстоўвалі гістарычныя матэрыялы архіваў, музеяў, інфармацыю з сайта “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, з кнiгi “Памяць. Чашнiцкi раён”, даваенныя тапаграфічныя карты, кінафотадакументы і, вядома ж, сведчанні відавочцаў і іх нашчадкаў. Сёння аб тым, што зусім побач з вёскай Цяпiна знаходзіцца малодшая сястра Хатыні, ведае кожны школьнік раёна. Вішанкі ў Чашніцкім раёне — помнік усім спаленым вёскам і іх жыхарам. Не адзін год педагогі Цяпiнскай школы разам з дзецьмі працавалі над тым, каб гістарычная праўда аб зверствах нямецкіх захопнікаў, якiя 9 сакавiка 1944 года спалiлi зажыва 114 жыхароў Вiшанак, дапоўнілася новымі дэталямі, раней не вядомымі фактамі і перадавалася будучым пакаленням.

— Мы павінны ведаць і памятаць факты генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, які ўчынілі на нашай зямлі нацысцкія злачынцы і іх саўдзельнікі, і ўсiмi магчымымi сродкамi даводзiць гэтую інфармацыю да навучэнцаў, — пераканана загадчык аддзела турызму, краязнаўства і экалогіі РЦДіМ Любоў Апанасёнак.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Чашніцкім раёне было спалена 2440 двароў, знішчана 187 населеных пунктаў, ахвярамі фашысцкага тэрору стала больш за 3507 мірных жыхароў, 1640 чалавек сагнаны ў рабства, амаль 7 тысяч мясцовых жыхароў загінулі ў баях.

Вішанкі, Стайчаўка, Красналукі, Лукомль занесены ў спіс мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Аднак гэты спіс можна папоўніць і новымі назвамі: Асташова, Слідцы, Чырвоная Раніца, Ярынова, пасёлак Беларусь…

Гледзячы на макеты гэтых вёсак, можна ў дэталях убачыць лад жыцця мірных, працавітых лю­дзей. Хіба хтосьці мог уявіць, што іх чакае? Справядліва заўважана: чым больш мы ведаем пра мінулае, тым больш каштоўныя для нас сучаснасць і будучыня.

Як расказваюць у РЦДіМ, перш чым узяцца за выраб макета вёскі Красналукі, каманда ўстановы адшукала і распытала старажылаў, звязалася з музеем, вывучыла базы даных. І толькі пасля гэтага тут пастараліся ўзнавіць максімальна набліжаную копію ­даваеннай вёскі. Прычым працавалі над ёй усе разам: педагогі і навучэнцы аб’яднанняў па інта­рэсах.

Макеты спаленых фашыстамі вёсак экспануюцца ў Чашніцкім гістарычным музеі і РЦДіМ. Экскурсія распрацавана культарганізатарам цэнтра Юлiяй Атрашкевiч. Толькi за перыяд з мая па верасень было праве­дзена 25 экскурсій па экспазіцыі “Памяць пакаленняў” для амаль 350 навучэнцаў раёна. Экскурсавод стварае трапяткую эмацыянальную атмасферу, а яго аповед знаходзіць водгук у дзіцячых сэрцах, яны маюць магчымасць адчуць трагедыю вайны і зразумець каштоўнасць перамогі і міру.

 Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі