У чэрвені плануецца правесці сустрэчу прадстаўнікоў устаноў адукацыі Беларусі, якія носяць імя А.К.Гараўца. Такой добрай навіной з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзяліліся ў Машканскай сярэдняй школе, якая стала ініцыятарам арганізацыі гэтага злёту.
— Мы дамовіліся, што спачатку нашы дзеці і навучэнцы мінскай сярэдняй школы № 189 наведаюць сярэднюю школу № 10 Віцебска. Потым усе разам завітаюць у госці да нас. Мы азнаёмім дэлегацыі з экспазіцыямі музея і запросім на экскурсію па Машканах, бо лёс нашых славутых герояў непарыўна звязаны з гісторыяй аграгарадка, — патлумачыў дырэктар школы Павел Шлык.
Ён лічыць, што абмен вопытам і інфармацыяй — вельмі важны складнік пошукавай работы:
— Мы высветлілі які-небудзь невядомы факт, калегі з іншай установы адукацыі знайшлі дадатковыя архіўныя звесткі ці набылі ўнікальны экспанат — усё гэта неабходна акумуляваць і перадаваць нашчадкам. Толькі ў такім выпадку можна захаваць памяць. У гэтай справе не павінна быць канкурэнцыі, хто лепшы ці хто першы. Галоўная мэта — даведацца як мага больш пра гераічнае мінулае, аб’яднаўшы намаганні. Такія сустрэчы карысныя і для дзяцей, і для педагогаў — абавязкова з’явяцца новыя ідэі.
Святлана ЛОЦМАНАВА
Фота з сайта mocshkan.schools.by