У чым адметнасць праекта «Школа спартыўнага валанцёра» сярэдняй школы № 7 Калінкавіч

- 15:08Образование

Бязвыплатна рабіць дабро, не лічачыся з асабістым часам, можа далёка не кожны чалавек. Для гэтага неабходна не толькі жаданне быць карысным людзям, але і такія якасці, як добразычлівасць, уважлівасць, камунікабельнасць, уменне суперажываць чужой бядзе.

Паспрабаваць сябе ў валанцёрскім руху ў сферы фізічнай культуры і спорту можна дзякуючы адукацыйнаму праекту “Школа спартыўнага валанцёра”, які рэалізоўваецца ў сярэдняй школе № 7 Калінкавіч па ініцыятыве настаўніка фізічнай культуры і здароўя Ірыны Ана­тольеўны Багоевай.

Удзельнікі праекта — дзеці з актыўнай жыццёвай пазіцыяй з розных устаноў адукацыі горада, якія імкнуцца развівацца, пазнаваць нешта новае і, галоўнае, рабіць дабро. Пад кіраўніцтвам педагога яны вучацца дапамагаць пры арганізацыі і правядзенні масавых спартыўных мерапрыемстваў рознага ўзроўню.

Задача праекта — паказаць яго ўдзель­нікам, што спартыўныя валанцёры — гэта не толькі афіцыйныя памочнікі аргкамітэтаў буйных спартыўных падзей, але і носьбіты ідэй добраахвотніцтва. Валанцёры — гэта частка фірменнага стылю, вобраза спаборніцтваў, з імі фатаграфуюцца, у іх бяруць інтэрв’ю. Гэта пачэсна, але і вельмі адказна, бо валанцёры — своеасаблівы твар турніру, ад таго, як яны сябе паво­дзяць, у многім залежыць успрыманне арганізатараў спартыўных мерапрыемс­тваў гасцямі.

Праграма школы складаецца з некалькіх тэарэтычных і практычных модуляў. Дзеці з задавальненнем вывучаюць такія дысцыпліны, як уводзіны ў спартыўнае валанцёрства і індустрыю спорту, спартыўная этыка, спартыўная журналістыка, спецыяльны курс англійскай мовы, асновы медыцыны для спартыўных валанцёраў і асаблівасці ўзаемадзеяння з рознымі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва.

У прыватнасці, адукацыйны курс па асновах медыцыны для спартыўных валанцёраў уключае ў сябе асваенне тэарэтычных і практычных ведаў па аказанні неадкладнай даўрачэбнай дапамогі пацярпеўшым падчас правядзення спартыўных мерапрыемстваў. Атрыманыя веды спатрэбяцца вучням “Школы спартыўнага валанцёра” не толькі ў валанцёрскай дзейнасці, але і не дадуць разгубіцца ў штодзённым жыцці, сутыкнуўшыся з сітуацыямі, калі чалавечаму жыццю пагражае небяспека.

За час рэалізацыі праекта юныя спартыўныя валанцёры прынялі ўдзел у разнастайных майстар-класах з экспертамі і спецыяльнымі гасцямі. Таксама асаблівая ўвага была ўдзелена наведванню аб’ектаў спартыўнай інфраструктуры, размешчанай на тэрыторыі горада і вобласці, стажыроўкам на спартыўных падзеях, спартыўнай і культурна-масавай актыўнасці, сустрэчам і анлайн-канферэнцыям са знакамітымі спартсменамі.

За 4 гады навучання ў праекце яго ўдзель­нікі ўжо не раз аказвалі дапамогу на спартыўных пляцоўках не толькі раённага, але і рэспубліканскага ўзроўню. Яркі прыклад — неаднаразовы ўдзел у Рэспубліканскай спартакіядзе інвалідаў-калясачнікаў “Палеская восень”, дапамога ў правядзенні фестывалю для дзяцей з інваліднасцю “Я магу! Я сам!”, арганізаванага спецыялістамі грамадскага цэнтра сацыяльных паслуг “Асаблівае сэрца” ў Мазыры.

Спыняцца на дасягнутым дзеці не збіраюцца, бо спартыўныя мерапрыемствы праводзяцца даволі часта, а значыць, іх дапамога патрэбна заўсёды.

— Можа, скажу крыху гучна, але асабіста я лічу, што на валанцёрах звычайна трымаецца любая маштабная падзея, бо менавіта яны ведаюць, дзе, калі і — самае галоўнае — як функцыянуе механізм вялікага спартыўнага свята, — адзначае кіраўнік праекта Ірына Анатольеўна Багоева. — Нашы дзеці разумеюць, наколькі гэта важна — быць карыснымі для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, і абсалютна бязвыплатна спяшаюцца на дапамогу гасцям і ўдзельнікам спаборніцтваў. Валанцёрства для іх — гэта стан душы, лад жыцця, магчымасць стаць часткай буйнога спартыўнага турніру.

Аляксандра РУБЦОВА,
аўтар і журналіст праекта
“Школа спартыўнага валанцёра”