Калі пасля сесіі ва ўніверсітэце выхавальнік санаторнага дзіцячага сада № 3 Нароўлі Дзяніс Максіменка ўваходзіць у сваю родную сярэднюю групу, дзеткі, якія ў гэты момант рыхтуюцца да дзённага сну, радасна цягнуць да яго рукі з воклічам: “Аляксандравіч!”. Дзяніс Аляксандравіч вітае групу і кожнаму імкнецца адказаць усмешкай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Высокі, зграбны і крыху строгі выхавальнік зазначае, што выбар прафесіі быў абсалютна свядомым. Яго матуля Наталля Леанідаўна Коркуць, сёння намеснік загадчыка дзіцячага сада № 5 Нароўлі, прысвяціла жыццё маленькім дзецям і сваім прыкладам паказала адзінаму сыну, якая важная яе праца. Таму юнак пасля заканчэння 9 класаў выбраў Гомельскі педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага, а цяпер працягвае вучобу на завочным аддзяленні Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна па той жа спецыяльнасці — “Дашкольная адукацыя”.
Непасрэдны кіраўнік Дзяніса, загадчык санаторнага дзіцячага сада № 3 Нароўлі Лілія Мікалаеўна Анціпенка, адзначае, што, нягледзячы на нядоўгі працоўны стаж, яе падначалены валодае дастатковай тэарэтычнай падрыхтоўкай і практычным вопытам:
— Нашага Дзяніса Аляксандравіча адрознівае ініцыятыўнасць і творчы падыход у працы. Ён заўсёды прапануе канструктыўныя ідэі. Ён адчувае патрэбы дзяцей і ўмее знайсці з імі агульную мову. Калектыў прыняў Дзяніса вельмі добра. Дзеці і іх бацькі яго вельмі любяць. Калі ён на сесіі — усё пытаюцца, калі выйдзе наш Дзяніс Аляксандравіч? Дзеці вельмі цягнуцца да яго.
Сам хлопец гаворыць, што яму падабаецца пастаянны жывы кантакт з дзецьмі. У Дзяніса Максіменкі пакуль яшчэ няма ўласнай сям’і, аднак на яго мужных плячах клопат аб васямнаццаці малых ва ўзросце ад 4 да 5 гадоў.
— Працуючы ў дзіцячым садзе, не перастаю здзіўляцца, наколькі розныя дзеці: цікавыя, пацешныя, разумныя. Кожнае дзіця ўнікальнае па-свойму, кожнае і таленавіты мастак, і дапытлівы назіральнік. Наогул у педагога павінна быць гнуткае мысленне, каб з дзіцем знайсці кантакт у любой сітуацыі. Паколькі мая мама працавала выхавальніцай і я бачыў яе работу знутры, неяк натуральна адчуваю гэтую прафесію. Ужо на педагагічнай практыцы ў гомельскім дзіцячым садзе № 105 я канчаткова зразумеў, што гэта маё прызванне. Дарэчы, падчас вучобы ў каледжы імя Выгоцкага я сумяшчаў вучобу і работу на 0,5 стаўкі.
Дзяніс Аляксандравіч адзначае, што для яго было вельмі важна атрымаць мэтавае накіраванне і заключэнне пяцігадовага кантракта. Як малады спецыяліст атрымаў істотную дзяржаўную падтрымку:
— Наш Нараўлянскі раён адносіцца да Чарнобыльскай зоны, таму мне адразу выплацілі дапамогу, а пасля яшчэ і як маладому спецыялісту. Я ўжо засяліўся ў службовую кватэру ў новенькім доме. Выплачаных грошай хапіла, каб абставіць кватэру ўсім неабходным.
Работа выхавальніка — гэта работа не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі і калегамі, звяртае ўвагу малады педагог.
— Вельмі важны вопыт мне перадаюць калегі. З іх дапамогай я на практыцы асвойваю прафесійныя прыёмы, тэхнікі і тэхналогіі. Мой педагог, настаўнік, намеснік загадчыка нашага дзіцячага сада Наталля Мураўёва на сваіх занятках любіць выкарыстоўваць ТРВЗ-тэхналогію. Я таксама ёй зацікавіўся і з задавальненнем пачаў выкарыстоўваць яе элементы на сваіх занятках. Напрыклад, “Кольцы Лулія” — шматфункцыянальны гульнявы дапаможнік, які прымяняю ва ўсіх відах адукацыйнай дзейнасці. Выкарыстоўваю метад “Так — не”, больш падобны на гульню, які вучыць дакладна і зразумела фармуляваць пытанні, вылучаць найбольш значныя прыметы і сістэматызаваць прадметы па агульных прыметах. Вучуся прымяняць марфалагічныя карты. Працаваць з дзецьмі нескладана, а ўменні прыходзяць з вопытам, — упэўнены суразмоўнік. — Важна да кожнага маленькага чалавечка знайсці ключык. З аднымі дзеткамі часам бываеш строгім і патрабавальным, з другімі ў ход ідуць угаворванні, а з трэцімі дастаткова проста пагутарыць. Малыя не могуць доўга канцэнтравацца на чымсьці адным, таму ў любы момант трэба быць гатовым прапанаваць ім новы занятак. Дзяцей не трэба прымушаць, іх важна зацікавіць. З такімі дзеткамі мець зносіны цікава — яны дзеляцца патаемным, давяраюць, фантазіруюць. Яшчэ цікава назіраць, як яны растуць і мяняюцца.
Кіраўнік дзіцячага сада Лілія Мікалаеўна Анціпенка бачыць толькі перавагі ў тым, што ва ўстанове адукацыі выхавальнікам працуе мужчына:
— Не ў кожнай сям’і ёсць таты і не ўсе ўдзяляюць належную ўвагу сваім дзецям. Таму важна, калі з малымі на працягу дня займаецца педагог з мужчынскімі поглядамі і падыходамі. Хлопчыкі, гледзячы на яго паводзіны ў бытавых сітуацыях, вучацца быць мужчынамі. Для дзяўчынак ён прыклад мужнасці. Менавіта ў гэтым узросце ў дзяцей якраз пачынае фарміравацца ўяўленне пра мужчыну і жанчыну. Да таго ж Дзяніс Аляксандравіч ніколі не павышае голас, мае індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, і бацькі без страху давяраюць яму сваіх дзяцей.

А яшчэ ва ўстанове дашкольнай адукацыі вырашана праблема Дзеда Мароза на навагодніх святах — не ўсё ж жанчынам-выхавальніцам чапляць бараду і спрабаваць размаўляць басам. Тым больш што Дзяніс не адмаўляецца ад удзелу ў мерапрыемствах:
— Працую на паўтары стаўкі — з 7 раніцы да 7 вечара, але час для мяне пралятае неўзаметку. Кожны дзень мы разам з малымі спазнаём штосьці новае. Дзіця схоплівае кожнае тваё слова, перафразоўвае пацешна — і гэта ўжо цікава. Чаму хлопцы баяцца прафесіі выхавальніка? Напэўна, думаюць, што з дзецьмі шмат валтузні: апрануць, выцерці, прыбраць… Для мяне ў гэтым няма ніякай праблемы. Дарэчы, планую, што ў маёй будучай сям’і некалі будзе двое-трое дзяцей.
Дзяніс Максіменка сёлета ўдзельнічаў у раённым і абласным этапах рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі”, але ў рэспубліканскі этап пакуль не выйшаў.
— Я не чараўнік, — усміхаецца педагог, — я толькі вучуся. Але вучуся вельмі старанна. І класна, што ёсць такі конкурс, які матывуе маладых спецыялістаў да прафесійнага росту. Удзел у конкурсных этапах для педагога — гэта магчымасць праявіць сябе, паспрабаваць штосьці новае. Я многаму навучыўся ў працэсе падрыхтоўкі. Я шчыра ўдзячны калегам, якія мяне падтрымалі, дапамаглі на ўсіх этапах конкурсу. Наша творчая група працавала вельмі актыўна. Былі нават ночы без сну — мы імкнуліся ўсё паспець і падрыхтаваць годную прэзентацыю. Для мяне гэта вялікі вопыт калектыўнай работы. Самае галоўнае — я зразумеў, што нельга стаяць на месцы, трэба ўвесь час шукаць новыя падыходы, метады і прыёмы. Дарэчы, датэрмінова мне прысвоена другая кваліфікацыйная катэгорыя. А нядаўна я атрымаў сертыфікат цьютара ў праекце “Інфарматыка без разеткі”. Канечне, не заўсёды ўсё ідзе так, як я планую. Бывае, прымаю паспешныя рашэнні, але гэта мае крокі, мой вопыт. Ён дапамагае мне рабіць адпаведныя высновы і расці над сабой.
Сваю далейшую кар’еру малады педагог марыць звязаць выключна з педагогікай і з маленькім раённым цэнтрам Нароўля, які знаходзіцца на самым поўдні нашай Беларусі. Юнак перакананы, што лепшага за гэты населены пункт няма ва ўсім свеце.
— Тут чыста, прыгожа і спакойна. Тут людзі паважлівыя адно да аднаго, заўсёды добразычлівыя і адкрытыя. Тут ёсць старадаўняя сядзіба Горватаў, імі ж пабудаваная кандытарская фабрыка, якая славіцца сваёй салодкай прадукцыяй. Мне пашанцавала — я вельмі люблю сваю работу. Быць выхавальнікам — гэта значыць хацець і ўмець зноў і зноў пражываць дзяцінства з кожным хлопчыкам і дзяўчынкай, бачыць наваколле іх вачамі, дзівіцца і спазнаваць свет разам з імі. Быць непрыкметным, калі яны заняты, і незаменным, калі патрэбна дапамога і падтрымка.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара





