Усе ўдзельнікі міжнародных алімпіяд 2024 года вучацца на хімічным факультэце БДУ. Некаторыя з іх ужо ўвайшлі ў склад журы абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, паведаміў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дэкан хімічнага факультэта БДУ Аляксандр Зураеў.
— Аляксандр Віктаравіч, раскажыце, як адбіраеце і рыхтуеце юных хімікаў да міжнародных алімпіяд.
— У гэтым годзе адбылася рэструктурызацыя заданняў і сістэмы іх ацэньвання на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, у тым ліку і на гарадскім, абласным этапах. Мы пастараліся перафармаціраваць заданні па тыпе міжнародных і зрабіць іх блізкімі да задач як Мендзялееўскай, так і Міжнароднай хімічнай алімпіяды. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды калегія журы адабрала шасцярых удзельнікаў для ММА: Рамана Бароненку, Андрэя Яфрэмава, Аляксандра Наліўку, Уладзіслава Караткова, Пятра Бурака і Аляксея Бычака.

Сёлета напярэдадні Мендзялееўскай алімпіяды на базе нашага факультэта мы правялі двухтыднёвыя зборы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Іншагароднія хлопцы пражывалі ў інтэрнаце БДУ. У іх быў вельмі сур’ёзны графік. Пачыналі яны а 9-й раніцы і заканчвалі толькі каля 19—20 гадзін. Па 6 пар у дзень, падчас якіх праводзіліся лекцыйныя заняткі і практычныя — рашэнне задач алімпіяд мінулых гадоў і аўтарскіх заданняў нашых універсітэцкіх трэнераў, а таксама выкананне лабараторных работ. Шосты дзень тыдня адводзіўся на самападрыхтоўку, а сёмы — на выкананне дамашніх заданняў.
Перад паездкай у Дубай на 57-ю Міжнародную хімічную алімпіяду наша зборная таксама пройдзе двухтыднёвыя зборы. Дарэчы, заданні на гэтай алімпіядзе істотна адрозніваюцца ад Мендзялееўскай. Бо на ММА пры рашэнні задач часта патрабуецца зрабіць матэматычныя разлікі, а вось на МХА — справіцца з тэстамі.
Нашы старшакласнікі вельмі моцныя. Калі ж гаварыць пра тое, чаго нам не хапае, то няшкольнай матэматыкі. Напрыклад, на першых зборах адзін з нашых выкладчыкаў прачытаў цэлы цыкл лекцый па матэматычным аналізе і прарашаў з юнакамі шэраг задач. Гэта, дарэчы, ім вельмі дапамагло. У расійскіх суседзяў вялікі ўпор робіцца на матэматычны блок, што часам дазваляе ім больш паспяхова справіцца са складаным заданнем.
— У бягучым навучальным годзе прайшла першая вочна-завочная алімпіяда. Ці дапамагае яна выяўляць адораных юных хімікаў?
— Вочна-завочная алімпіяда, арганізаваная Міністэрствам адукацыі, — добры дадатковы інструмент для раскрыцця і падтрымкі адораных дзяцей. Яна дазваляе выявіць здольных школьнікаў, якіх настаўнікі маглі выпадкова не заўважыць.
Да таго ж мы пастаянна працуем з навучэнцамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Калектыў нашага факультэта курыруе там напрамак “Зялёная хімія”. Дарэчы, адзін з членаў каманды ММА магіляўчанін Андрэй Яфрэмаў, які прывёз “серабро”, — выпускнік НДТП. Калі ацэньваць уклад тэхнапарка ў падрыхтоўку дзяцей, то магу правесці канкрэтную паралель: навыкі, якія Андрэй атрымаў там, вельмі добра ў балах адлюстраваліся на практычным туры.
У час правядзення міжнародных алімпіяд мы ўвесь час аналізуем дапушчаныя недакладнасці ў рашэннях нашых удзельнікаў, рыхтуючыся да арбітражу. Між іншым на 59-й Мендзялееўскай алімпіядзе мы дастатковую колькасць балаў змаглі атрымаць якраз у працэсе апеляцыі. Каб юны хімік змог адстойваць сваё рашэнне на ММА, яму трэба дапамагчы падрыхтаваць аргументы і настроіць псіхалагічна. Гэта патрабуе намаганняў, але згуртоўвае каманду, бо нашы ўдзельнікі адчуваюць клопат і ўвагу з нашага боку. Нядзіўна, што потым яны ідуць вучыцца туды, дзе іх ведаюць і ім будзе камфортна. Дарэчы, усе ўдзельнікі міжнародных алімпіяд 2024 года вучацца ў нас на факультэце. Некаторыя з іх ужо ўвайшлі ў склад журы абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
— А як псіхалагічна настройваеце прадстаўнікоў нашай зборнай на паспяховае выступленне на міжнароднай арэне?
— Многія юнакі нашай зборнай падыходзілі да мяне пасля пэўнага тура і пыталіся: калі яны не возьмуць медаль, як я буду ставіцца да іх? Я заўсёды спакойна адказваю ім: “Нічога страшнага не здарыцца, але вы сюды прыехалі спаборнічаць і пастарайцеся паказаць, чаго вы вартыя ў турнірнай табліцы. Аднак у любым выпадку вы пераможцы на рэспубліканскім і нацыянальным этапах. А тое, што вам дадзены такі шанс, — гэта прывілея, скарыстайцеся ёю”. Да таго ж стараюся ім патлумачыць, што рашэнне задач — яшчэ далёка не ўсё, што іх чакае наперадзе. Тое, што яны зараз могуць рашыць задачы на ўзроўні 3—4, а часам і 5 курса, з якімі, шчыра кажучы, і старшакурснікі не заўсёды могуць справіцца, не сведчанне таго, што яны валодаюць такім жа кругаглядам, як і студэнты, якія развіваюцца ў навуцы.
— У такім выпадку не магу не спытацца, ці не сумна алімпіяднікам вучыцца на вашым факультэце.
— Мы пабудавалі добрую сістэму падтрымкі адораных першакурснікаў. За кожным з іх замацоўваецца цьютар, які дапамагае яму асвоіцца, а затым суправаджае і ў навуку, і ў выкладанне. У нас працуе школа юнага хіміка БДУ, у якой мы задзейнічаем і студэнтаў. Там яны атрымліваюць свой першы заробак і разумеюць, што педагогіка можа прынесці і эмацыянальнае задавальненне. Бо калі студэнты бачаць, чаму навучыліся іх вучні за паўгода заняткаў, гэта становіцца іх асабістай узнагародай. Канечне ж, такія студэнты актыўна займаюцца і навукай, тым самым развіваючы адразу дзве кампетэнцыі. Мы вельмі спадзяёмся, што ў будучыні яны стануць нашымі выкладчыкамі. Увогуле, я лічу, што выкладчык УВА павінен быць вучоным.
— Вы ўзаемадзейнічаеце са школьнымі педагогамі. На ваш погляд, ці патрэбна ім прафесійнае суправаджэнне ўніверсітэцкіх выкладчыкаў?
— Адназначна так. Суправаджэнне вопытнага спецыяліста неабходна, паколькі алімпіядныя заданні не маюць нічога агульнага са звычайнай школьнай праграмай. Яны заснаваны на навуковых ведах, часта запазычаных з англамоўных крыніц, і правяраюць узровень эрудыцыі і кемлівасці юных хімікаў. Таму падтрымка навуковых кансультантаў і кіраўнікоў з вышэйшай школы вельмі важная.
Рэкамендую школьным настаўнікам сачыць за навінамі нашага факультэта на сайце chemistry.bsu.by. Мы плануем з верасня наступнага навучальнага года запусціць цыкл відэасемінараў для педагогаў па складаных раздзелах хіміі. Члены навуковага камітэта метадычнай камісіі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды будуць разбіраць складаныя пытанні і рэкамендаваць пэўную літаратуру.
Увогуле, каб убачыць адоранае дзіця, патрэбен пэўны талент. У нас ёсць настаўнікі, здольныя разгледзець таленавітых вучняў і знайсці да іх падыход, але гэта не агульная тэндэнцыя. Я параіў бы школьным педагогам матываваных і адораных вучняў накіроўваць у школу юных хімікаў БДУ пачынаючы з 7—8 класа для ацэньвання іх патэнцыялу.
А яшчэ ўсім нам трэба ўзмацніць падрыхтоўку алімпіяднікаў прыродазнаўчанавуковага профілю па фізіка-матэматычных дысцыплінах. Бо такія старшакласнікі павінны валодаць ведамі, якія выходзяць далёка за межы школьнай праграмы. Напрыклад, варта разгледзець магчымасць прыцягнення таленавітых выкладчыкаў матэматыкі і фізікі да правядзення факультатыўных заняткаў па асновах матэматычнага аналізу. Гэта значна ўмацавала б нашы пазіцыі, прычым не толькі на ўзроўні хімічных алімпіяд.
— Па вашых назіраннях, сучасныя абітурыенты — яны якія?
— Нацэленыя на вынік. Раней чалавек, які атрымаў вышэйшую адукацыю, адразу прэтэндаваў на дастойнае месца ў грамадстве. Цяпер гэтая тэндэнцыя змянілася, людзі пачалі ўсведамляць, што вышэйшая адукацыя — хоць і прывілея, але яе ў нашай краіне можа атрымаць большасць людзей. Да таго ж і культурны ўзровень нацыі ўзрастае з павышэннем даступнасці вышэйшай адукацыі. Мы гэта асабліва адчулі, пабываўшы ў Бразіліі, дзе абавязковыя толькі 9 класаў і паступіць ва ўніверсітэты могуць далёка не ўсе. Нашы ж выпускнікі школ маюць добры ўзровень падрыхтоўкі, і паступіць ва УВА могуць многія. Пры гэтым наша моладзь стала больш прагрэсіўна глядзець на рабочыя прафесіі і спецыяльнасці. Яна адчула свабоду ў выбары будучай прафесійнай дзейнасці і зараз усё больш арыентуецца на свае інтарэсы. А таму калі іх задавальняе даход, то прэстыж прафесіі адыходзіць на другі план.
***
Беларускія школьнікі заваявалі шэсць узнагарод на 59-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе па хіміі.
У першай палове мая ў Федэральным універсітэце Мінас-Жэрайс, што ў бразільскім горадзе Белу-Арызонці, прайшла 59-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі. З 6 па 12 мая старшакласнікі паўдзельнічалі ў двух тэарэтычных і адным практычным турах. Асобны дзень быў прысвечаны апеляцыі.
У маштабным інтэлектуальным спаборніцтве ўдзельнічалі прадстаўнікі чатырох кантынентаў. Сёлета спаборнічалі каманды з 40 краін — рэкордная колькасць дзяржаў-удзельніц за ўсю гісторыю правядзення гэтай алімпіяды. 192 старшакласнікі з Расіі, Кітая, Японіі, Казастана, Беларусі, Бразіліі, Ірана, Паўднёвай Афрыкі, Венгрыі і іншых краін разыгралі 19 залатых медалёў, 38 сярэбраных і 58 бронзавых.
— У алімпіядзе былі тры этапы. Першы тэарэтычны складаўся з васьмі абавязковых задач, а другі — з пяці заданняў з 15 па выбары ўдзельніка. Заданні накіраваны на праверку ведаў школьнікаў у галіне арганічнай, неарганічнай, аналітычнай, фізічнай хіміі і навукі аб жывым. Трэці тур — практычны, або эксперыментальны, працягваўся пяць гадзін. За гэты час старшакласнікам трэба было прадэманстраваць навыкі работы ў хімічнай лабараторыі, уменне выконваць хімічны аналіз рэчываў і праводзіць сінтэз па прапанаванай методыцы, — расказаў кіраўнік нацыянальнай зборнай дэкан хімфака БДУ А. Зураеў.
Айчынная зборная на ММА заняла дастойнае месца і ўвайшла ў пяцёрку наймацнейшых у камандным медальным заліку, заваяваўшы 5 сярэбраных і 1 бронзавую ўзнагароду. Дарэчы, беларуская каманда штогод паказвае добры вынік на ММА і ўваходзіць у лік лепшых.
Мендзялееўская алімпіяда лічыцца адным з найважнейшых этапаў падрыхтоўкі нацыянальных зборных да 57-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды (International Chemistry Olympiad). Сёлета яна пройдзе з 5 па 14 ліпеня ў Дубаі (ААЭ). На яе палях будуць спаборнічаць каля 1 тысячы ўдзельнікаў з 90 краін свету. У хуткім часе і для яе будзе вызначаны склад беларускай зборнай. У адборы паўдзельнічаюць і юнакі, якія ездзілі ў Бразілію. З 12 прэтэндэнтаў выберуць толькі чацвярых для МХА.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва БДУ





