Нашы юныя біёлагі рэгулярна паказваюць добрыя вынікі на міжнародных спаборніцтвах. У чым сакрэт іх поспеху і на што варта звяртаць больш увагі пры падрыхтоўцы да алімпіяд? Як узаемадзейнічаюць універсітэцкія выкладчыкі і школьныя настаўнікі і ўвогуле ў якім напрамку развіваецца сучасная біялогія? Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нагадаем, напрыканцы ліпеня беларуская зборная на 36-й Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе паказала высокі ўзровень падрыхтоўкі, заваяваўшы тры бронзавыя медалі і пахвальны водзыў. У спаборніцтве ўдзельнічалі больш за 300 школьнікаў з 78 краін. Нашы старшакласнікі паспяхова прайшлі тэарэтычны і практычны туры, прадэманстраваўшы выдатныя веды, вынослівасць і дакладнасць. Падрыхтоўкай юных беларусаў займалася каманда прафесіяналаў пад кіраўніцтвам выкладчыкаў БДУ: дацэнта кафедры клетачнай біялогіі і біяінжынерыі раслін Святланы Філіпавай і дацэнта кафедры заалогіі Фёдара Сауткіна. З імі і пагаворым пра падрыхтоўку да спаборніцтва.
Выпрабаванне ведаў
— Якія ўражанні засталіся ад алімпіяды?
Святлана Мікалаеўна: Яна праходзіла ў Філіпінах — далёкай ад нас краіне з трапічным кліматам, у сезон дажджоў і з 5-гадзіннай розніцай у часе. Давялося прыкласці нямала намаганняў, каб хутка адаптавацца і перайсці ў рабочы рэжым і нам, членам журы, і ўдзельнікам, якім адразу пасля працяглага пераезду трэба было сабрацца з думкамі і максімальна рэалізаваць свой патэнцыял. Увесь тыдзень, праведзены там, усе мы вельмі мала спалі і перажывалі. Тым не менш думаю, што нашы дзеці атрымалі незабыўны вопыт, паколькі міжнародная алімпіяда — гэта заўсёды грандыёзнае science-шоу, дзе заводзяцца новыя знаёмствы сярод таленавітых юных біёлагаў з усяго свету і адбываецца навуковая бітва.
— Як правіла, алімпіядныя заданні патрабуюць глыбокіх ведаў, што выходзяць далёка за рамкі школьнай праграмы. Ці складанымі былі сёлетнія задачы і ў чым беларусы наймацнейшыя?
Святлана Мікалаеўна: Заданні гэтага года былі лягчэйшымі за папярэднія і набліжаны да класічнай біялогіі. Наогул у апошнія 10—15 гадоў назіраецца ўскладненне задач. Гэта і нядзіўна, бо біялогія як навука развіваецца вельмі хутка і становіцца інтэгратыўнай, комплекснай, аб’ядноўваючы веды, метады і тэорыі з розных дысцыплін. А таму прадбачыць прыватныя тэмы, якія могуць фігураваць у заданнях, вельмі цяжка.
Сённяшні прэтэндэнт на ўдзел у міжнароднай біялагічнай алімпіядзе павінен быць як выдатнікам па біялогіі ў школе — гэта ўсяго толькі яго падмурак для пабудовы на ім асабістай “нацыянальнай бібліятэкі” ведаў у галінах экалогіі, біясістэматыкі, малекулярнай і клетачнай біялогіі, біяінфарматыкі, біяхіміі, біямедыцыны і г.д., так і мець матэматычны склад розуму і шырокія веды па хіміі. Я ўжо не гавару пра тое, што гэты старшакласнік не толькі павінен мець выбітныя інтэлектуальныя здольнасці, але і валодаць стрэсаўстойлівасцю, быць гнуткім, крэатыўным і ўмець хутка апрацоўваць інфармацыю.
Нашы алімпіяднікі вельмі таленавітыя, яны маюць грунтоўную тэарэтычную базу і практычныя навыкі. Аднак іх слабае месца — няўпэўненасць у сваіх сілах, таму, напрыклад, на практычных турах, калі трэба хутка і дакладна выканаць нейкі эксперымент, яны пачынаюць сумнявацца і траціць каштоўны час, хоць усё ведаюць. Дарэчы, са многімі камандамі працуюць псіхолагі, але мы пакуль яшчэ не прыйшлі да разумення важнасці гэтага нюансу ў падрыхтоўцы дзяцей.
— На што рабіўся большы ўпор пры падрыхтоўцы нашых удзельнікаў?
Святлана Мікалаеўна: Сёлета падрыхтоўка да алімпіяды праходзіла на базе як БДУ, так і БДМУ. Медыцынскі ўніверсітэт вырашылі прыцягнуць пасля таго, як стала вядома, што ў алімпіяду ўключылі новы раздзел — біямедыцыну. У абедзвюх УВА наша каманда працавала ў сучасных лабараторыях з вядучымі спецыялістамі. Дзякуючы ім яна асвоіла новыя навыкі ў галіне гісталогіі, цыталогіі, малекулярнай біялогіі, біяхіміі і інш. Як паказвае практыка многіх гадоў, часцей за ўсё нашым дзецям не хапае практычных навыкаў, неабходных для паспяховага выканання практычных заданняў. Таму асаблівы ўпор быў зроблены на асваенне ўсяго магчымага арсенала методык і прынцыпаў узаемадзеяння з разнастайным лабараторным абсталяваннем.
— Што дапамагае членам нашай зборнай станавіцца прызёрамі міжнародных алімпіяд па біялогіі?
Фёдар Віктаравіч: У аснове паспяховага выступлення на міжнароднай арэне ляжыць асабістая матывацыя вучня і яго здольнасць выйсці за межы школьнай праграмы. Ключавое адрозненне алімпіядніка ад выдатніка — уменне не проста ўзнавіць інфармацыю, а прымяніць яе для вырашэння новай, незнаёмай праблемы.
Таму пры падрыхтоўцы мы шмат працуем над аналізам даных, пабудовай гіпотэз і рашэннем задач, для якіх няма гатовага адказу ў падручніку. Такім чынам вучым старшакласнікаў думаць як даследчыкі. Мы рашаем вялізную колькасць складаных, комплексных алімпіядных заданняў мінулых гадоў. Гэта дазваляе дзецям зразумець іх логіку, выявіць тыпавыя канструкцыі і навучыцца заўважаць падводныя камяні і хітрыкі складальнікаў.

Асаблівая ўвага была ўдзелена тэматыцы заяўленых арганізатарамі практычных кабінетаў і развіццю кампетэнцый, неабходных для паспяховага правядзення складаных эксперыментаў у прадметнай галіне. А яшчэ на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі, ды і падчас самой алімпіяды, стараемся падтрымліваць атмасферу здаровай канкурэнцыі і таварыскасці ўнутры каманды. Мы праводзім сур’ёзную, часам непрыметную для саміх членаў зборнай работу, накіраваную на падтрымку іх псіхаэмацыянальнага стану ва ўмовах стрэсу алімпіядных выпрабаванняў. Да таго ж удзяляем вялікую ўвагу стрэсаўстойлівасці дзяцей, каб у вырашальны момант эмоцыі не ўзялі верх над ведамі і вопытам. Таму перамога — гэта заўсёды сплаў асабістага таленту вучня, правільнай методыкі падрыхтоўкі і моцнага каманднага духу.
Два крылы
— Як вы лічыце, ці маюць патрэбу школьныя педагогі ў прафесійным суправаджэнні вопытных настаўнікаў з вышэйшай школы і ці дзеліцеся вы з імі сваімі знаходкамі?
Фёдар Віктаравіч: На працягу апошніх пяці гадоў час ад часу я праводжу розныя трэнінгі, майстар-класы і вэбінары на базах інстытутаў развіцця адукацыі. У бягучым навучальным годзе ўдзельнічаў у вучэбных дыстанцыйных і вочных зменах па біялогіі ў рамках школы алімпіяднага руху. Адна з апошніх дыялогавых пляцовак аб’яднала больш за 850 педагогаў краіны ў Акадэміі адукацыі. Там мы разгледзелі метады і формы работы па падрыхтоўцы вучняў да інтэлектуальна-творчых спаборніцтваў.
На маю думку, зваротная сувязь з вышэйшай школай носіць важны стратэгічны характар. Яна не пра вырашэнне імгненных праблем, а пра развіццё настаўніка і ўсёй сістэмы адукацыі ў цэлым. Калі яе няма, школа рызыкуе ператварыцца ў замкнёную сістэму, якая варыцца ва ўласным соку.
Сувязь з вышэйшай школай дазваляе настаўніку быць у курсе ўсіх сучасных трэндаў у прадметнай галіне, а не выкладаць так, як яго вучылі 10—20 гадоў назад. Настаўнік павінен разумець, якіх выпускнікоў чакаюць ва ўніверсітэтах, і менавіта ўзаемадзеянне з вышэйшай школай дапамагае яму ў гэтым.
Настаўніцтва можа быць карысным не толькі маладым спецыялістам, але і вопытным педагогам, перш за ўсё ў аспекце прафілактыкі прафесійнай стагнацыі і псіхаэмацыянальнага выгарання. Нават дасведчаны настаўнік можа пачаць працаваць па шаблоне. Узаемнае настаўніцтва альбо зносіны з калегам дазваляюць паглядзець на сваю работу пад іншым вуглом, абмяняцца ідэямі і атрымаць новы зарад энергіі.
Іншымі словамі, гэта два крылы для прафесійнага палёту. Сувязь з УВА — крыло, якое адказвае за стратэгію, навуковую актуальнасць і погляд у будучыню. Настаўніцтва — крыло, якое адказвае за практыку, штодзённую падтрымку і псіхалагічную ўстойлівасць. Без першага крыла настаўнік рызыкуе “састарэць” і адстаць ад жыцця, а без другога — “зламацца” ад націску штодзённых цяжкасцей. Сучасны паспяховы настаўнік — чалавек, які, з аднаго боку, сочыць за апошнімі навуковымі трэндамі (сувязь з УВА), а з другога — цвёрда стаіць на нагах дзякуючы падтрымцы і мудрасці вопытных калег.
Я рэкамендаваў бы школьным педагогам не імкнуцца рабіць з кожнага свайго ўрока шэдэўр, бо гэта прамы шлях да знясілення. На класічным уроку дастаткова ўсяго адной яркай дэталі, якая прыцягвае ўвагу аўдыторыі. Няхай гэта будзе цікавы відэафрагмент, кароткі эксперымент або цікава пададзенае пытанне. Астатняя ж частка ўрока можа быць руціннай, што цалкам нармальна. Галоўная ж педфішка, якая будзе безадказна працаваць пры ўзаемадзеянні з моладдзю, — гэта здольнасць захоўваць у сабе дапытлівасць дзіцяці. Калі вам самому шчыра цікава тое, чым вы займаецеся, то вы лёгка зможаце заразіць цікаўнасцю і сваіх вучняў.
Партнёрства прафесіяналаў
— З чаго могуць пачацца прафесійныя зносіны ўніверсітэцкага выкладчыка і школьнага настаўніка?
Фёдар Віктаравіч: Галоўны агульны інтарэс абодвух — вучань або студэнт. Адказны настаўнік хоча, каб яго выпускнік быў паспяховы, паступіў у добры ўніверсітэт і не адчуваў сябе там страчаным. Выкладчык імкнецца выхаваць моцнага, матываванага, падрыхтаванага спецыяліста, якога не трэба будзе перавучваць азам. Агульная задача ў гэтым аспекце — стварэнне “бясшвовага” адукацыйнага пераходу. Настаўнікі могуць распазнаць у сваіх класах адораных вучняў, якім можа быць недастаткова рэсурснай базы школы для іх развіцця на алімпіяднай або даследчай ніве. Выкладчыкі ж заўсёды зацікаўлены ў прыцягненні таленавітай моладзі на свае кафедры і ў свае лабараторыі. У гэтым плане пунктам перасячэння з’яўляецца сумеснае вядзенне праектнай і даследчай дзейнасці школьнікаў. Выкладчык знаходзіцца на пярэднім краі навукі, ведае пра новыя адкрыцці і тэорыі. Настаўнік жа — майстар адаптацыі складанага матэрыялу для дзіцячага ўспрымання, ён заўсёды ведае, на якой тэме могуць спатыкнуцца вучні. Выкладчык у сілах прапанаваць больш глыбокае, сістэмнае бачанне праблемы, якое дапаможа знайсці новы падыход да тлумачэння ў выглядзе метадычных матэрыялаў, дапаможнікаў па самых складаных тэмах.
Перамога — гэта заўсёды сплаў асабістага таленту вучня, правільнай методыкі падрыхтоўкі і моцнага каманднага духу.
Ініцыятыва можа зыходзіць з любога боку, але лепш, калі настаўнік праявіць актыўнасць. Пунктамі перасячэння могуць стаць курсы павышэння кваліфікацыі, навукова-практычныя канферэнцыі навучэнцаў і інш. Важна разумець, што гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва — сімбіёз, а не іерархія. Гэта не адносіны “мудры вучоны вучыць простага настаўніка”, а партнёрства двух прафесіяналаў, якія працуюць на розных участках аднаго вялікага поля. Калі абодва бакі разумеюць, што робяць адну агульную справу — фарміруюць будучае пакаленне краіны, усе бар’еры разбураюцца і пачынаецца неверагодна прадукцыйнае і цікавае супрацоўніцтва.
Міждысцыплінарны хаб
— Не магу не спытаць: куды рухаецца сучасная біялогія?
Фёдар Віктаравіч: Біялогія сёння — гэта міждысцыплінарны хаб, дзе сустракаюцца генетыка, малекулярная біялогія, хімія, фізіка, матэматыка, IT і інжынерыя. Да асноўных напрамкаў, якія зараз бурна развіваюцца, можна аднесці геноміку і “оміксныя” тэхналогіі, сінтэтычную біялогію і генную інжынерыю, нейранавукі, біяінфарматыку і вылічальную біялогію, біятэхналогіі, у прыватнасці нанабіятэхналогіі.
У галіне клетачнай біялогіі мы рухаемся да дэталёвага разумення і візуалізацыі таго, як клеткі жывуць у рэальным часе. Гэта дапаможа нам пераасэнсаваць працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выявіць механізмы многіх захворванняў і знайсці аптымальныя шляхі іх прафілактыкі і лячэння. У перспектыве мы навучымся перапраграмаваць клеткі, а гэта адкрые новыя гарызонты ў галіне рэгенератыўнай медыцыны і барацьбы са старэннем.
Што тычыцца біяінжынерыі раслін, то мы рухаемся да стварэння суперраслін для вырашэння глабальных праблем: голаду ва ўмовах імклівага росту насельніцтва Зямлі, змяненняў клімату і недахопу рэсурсаў. Напрыклад, адным з самых фундаментальных і амбіцыйных напрамкаў з’яўляецца пытанне магчымасці аптымізацыі фотасінтэзу. Поспех у гэтай галіне можа прывесці да сапраўднай “зялёнай рэвалюцыі” і вырашыць глабальную праблему голаду.
У галіне заалогіі сёння асабліва актыўна развіваецца лічбавая заалогія і біялагіраванне. Мы цяпер не проста назіраем за жывёламі, а ўсталёўваем на іх мініяцюрныя датчыкі (GPS, акселерометры, камеры), якія перадаюць вялікія масівы даных. Гэта дазваляе зразумець маршруты міграцыі жывёл, іх сацыяльныя паводзіны і рэакцыю на змяненні асяроддзя. Заалогія на стыку з генетыкай становіцца галоўным інструментам у выратаванні многіх відаў і нават у адраджэнні вымерлых відаў, напрыклад, шарсцістага маманта, сумчатага ваўка, птушкі Дадо, вандроўнага голуба і інш.
У цэлым мы жывём у вельмі захапляльны час для выкладання і вывучэння біялогіі. Задача настаўніка сёння — не проста перадаць факты, а паказаць вучням гэты неверагодны гарызонт магчымасцей і натхніць іх стаць часткай гэтай будучыні, дзе мы не проста спазнаём жыццё, а вучымся праектаваць і захоўваць яго.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены героямі





