Важнымі падзеямі, незабыўнымі сустрэчамі, яркімі ўражаннямі быў насычаны мінулы каляндарны год у навучэнцаў і педагогаў Русіноўскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна. Пра яго вынікі і перспектывы далейшага развіцця ўстановы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” гутарыць з дырэктарам школы Наталляй Грынчык.
— Наталля Міхайлаўна, як сустрэла ваша школьная сям’я Новы год? Ці існуюць ва ўстанове традыцыі яго святкавання?
— Так, у нашай школе склаліся свае традыцыі навагодніх свят, якія аб’ядноўваюць настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Звычайна падрыхтоўка да Новага года і Каляд займае цэлы месяц. Гэта ўжо прадчуванне свята. У пачатковых класах пачынае працаваць майстэрня Дзеда Мароза. Цацкі, якія майструюць навучэнцы, потым упрыгожваюць школьную ёлку, класы, калідоры. Вучні малодшых і старшых класаў разам са сваімі настаўнікамі афармляюць фотазоны. Сёлета, дарэчы, яны атрымаліся яркімі, маляўнічымі і казачнымі. Штогод праводзіцца конкурс на лепшае ўпрыгожванне кабінета.
З поспехам прайшлі ранішнікі для малодшых класаў і тэатралізаваныя паказы для сярэдняга і старшага звяна з удзелам педагогаў і вучняў. А яны ў нас вельмі творчыя і крэатыўныя. Былі арганізаваны выязныя віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі супрацоўнікаў, якія выйшлі на заслужаны адпачынак. Кожны раз імкнёмся прыдумаць штосьці новае, цікавае, бо Новы год — гэта казка, пара цудаў, сюрпрызаў, падарункаў.
— Як вы прыйшлі ў педагогіку? З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся, калі ўзначалілі школу?
— У дзяцінстве мне больш падабалася гуляць у школу і бальніцу, а першымі вучнямі сталі малодшы брат і лялькі. Выступаючы ў ролі настаўніка, я прымушала брата акуратна пісаць, уважліва слухаць, потым правярала работы, ставіла адзнакі. Можна сказаць, з дзяцінства рыхтавала сябе да прафесіі настаўніка, атрымлівала першы вопыт, праходзіла практыку.
Да таго ж важную ролю ў жыцці адыграў выпадак. Пасля 9 класа я паступіла ў Баранавіцкі педагагічны каледж. Практыку ў нас курыраваў цудоўны педагог Сяргей Сяргеевіч, які мне і паказаў, што такое настаўніцтва. З яго дапамогай я паглядзела на прафесію іншымі вачыма. Затым была вучоба ў БДПУ па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. На працягу 21 года я працавала настаўніцай пачатковых класаў, а школу ўзначаліла толькі 4 гады назад.
Шчыра скажу, што першы час было вельмі складана. Неабходна было ўліцца ў новы калектыў, знайсці ўзаемаразуменне з людзьмі, прыцерціся адно да аднаго, бо кіраўнік без калектыву працаваць не можа. Сёння я ўжо адчуваю сябе камфортна і на пасадзе, і сярод сваіх калег. Утварылася каманда: усе разумеюць мяне, а я разумею іх.
Якія цяжкасці ўзнікалі? Было складана авалодаць нарматыўнай дакументацыяй. На дапамогу прыходзіў аддзел па адукацыі, а менавіта куратар школы маладога кіраўніка Алена Рашэтнік.
Лічу, што дырэктар — гэта найперш гаспадарнік, ад якога залежыць арганізацыя для навучэнцаў і педагогаў камфортнага асяроддзя, таму асаблівая ўвага ўдзяляецца матэрыяльна-тэхнічнай базе, эстэтычнаму афармленню школы.
Узначаліўшы ўстанову, для мяне было важна захаваць лепшыя традыцыі, зрабіць школу адной з самых прэстыжных, каб бацькі вялі сюды сваіх дзяцей не толькі таму, што яна знаходзіцца побач з домам, але і таму, што тут могуць даць самую лепшую адукацыю, як агульную, так і дадатковую.
— Наталля Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра прынцыпы, якімі кіруецеся ў сваёй рабоце.
— Па жыцці я максімаліст, таму мне трэба рабіць усё і адразу, паспець усюды і ў ліку першых. І гэта добра ведаюць педагогі. Аднак я пераканана: нельга патрабаваць ад людзей таго, што ты не спрабаваў рабіць сам. Я спрабую рабіць усё разам са сваёй камандай, прычым рабіць якасна, а інакш — навошта? Імкнуся падтрымліваць у калектыве паважлівыя і даверлівыя адносіны, не дапускаю ацэнак і выказванняў, якія прыніжаюць гонар і годнасць калег. Імкнуся абмяркоўваць праблемы ў паважлівай форме і прымаю рашэнні ў адкрытых дыскусіях. Спакойна ўспрымаю крытыку, умею прызнаваць свае памылкі. Імкнуся да карэктнага вырашэння спрэчных пытанняў. Дзверы майго кабінета адчынены для супрацоўнікаў, якія ў любы момант могуць прыйсці па дапамогу, і я іду ім насустрач.
Кіраўнік — гэта вельмі адказная і няпростая роля. Неабходна валодаць вялікім запасам цярпення, навыкамі зносін з людзьмі, таму што да дарослых людзей, як і да дзяцей, патрэбен індывідуальны падыход. Педагога трэба хваліць, каб ён адчуваў сябе патрэбным, каб у яго павышалася самаацэнка. Важным з’яўляецца і матэрыяльнае стымуляванне. Калі настаўнікі ведаюць, што іх намаганні недарэмныя, іх жаданне павялічваецца ў разы. Прычым я не стымулюю педагогаў, якія проста выконваюць свае абавязкі, а заахвочваю тых з іх, хто працуе на карысць школы: удзельнічае ў конкурсах, займае прызавыя месцы, выконвае грамадскую работу. І зараз ініцыятыву праяўляюць самі настаўнікі.
Наталля Грынчык узначальвае Русіноўскую сярэднюю школу 4 гады, з’яўляецца старшынёй Баранавіцкага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” . Педагагічнае крэда дырэктара: “Гонар чалавека вызначаецца тым, якім шляхам ён ідзе да мэты, а не тым, ці дасягае яе”.
— У вас зладжаны педагагічны калектыў? Як настройваеце сваіх педагогаў на поспех?
— Калектыў у нас вялікі і прафесійны. У яго ўваходзяць і маладыя педагогі, і педагогі з багатым вопытам работы, людзі з рознымі жыццёвымі поглядамі, тэмпераментам, характарам. Нашы настаўнікі на сваім працоўным месцы могуць самарэалізавацца і раскрыць свае лепшыя здольнасці. Творча, з агеньчыкам працуюць настаўнікі пачатковых класаў Святлана Рымша, Людміла Папека, Марыя Дрозд. У цесным тандэме вучаць малодшых школьнікаў Сняжана Дзяхцяр і Наталля Аніскевіч. Іх урокі і пазакласныя мерапрыемствы заўсёды праходзяць на вельмі высокім узроўні. З лёгкасцю знаходзяць агульную мову з дзецьмі настаўніца матэматыкі Марыя Гомза, настаўніца інфарматыкі Наталля Бялятка, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Святлана Голец. Майстэрствам зацікавіць вучня прадметам і прывесці яго да поспеху на алімпіядзе валодае настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Драчылоўская. Адданая сваёй справе, паспяхова працуе з дзеткамі з аўтызмам настаўнік-дэфектолаг Кацярына Баброўская.
Ад добрых намеснікаў залежыць 50 працэнтаў поспеху ўстановы. Мне з маімі намеснікамі Вольгай Ермалінскай і Юліяй Урутавай вельмі пашанцавала. Яны актыўныя, працавітыя, знаходзяць агульную мову з педагогамі, могуць матываваць іх на ўдзел у тым ці іншым конкурсе ці праекце. Гэта людзі, на якіх сапраўды можна паспадзявацца.
На маю думку, сіла калектыву ў яго зладжанасці, у агульным руху ў адным напрамку і ў талентах кожнага паасобку. Мы працуем пад дэвізам “Рабіць тое, пра што іншыя будуць думаць заўтра. І не замест, а разам і наперадзе. Бачыць мэту і ісці да яе”.
— Якім быў мінулы год для вашай школы?
— Мінулы год быў насычаным. Нашы вучні прымалі ўдзел і перамагалі ў алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Навучэнка 11 класа Нона Шлык заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры (настаўніца В.Драчылоўская). Двое нашых школьнікаў прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па напрамку “Робататэхніка”. Навучэнец 9 класа Дзмітрый Рабцэвіч зараз паўторна праходзіць конкурс, і спадзяёмся, што вясной яму зноў прадаставіцца магчымасць паехаць на змену. А для сельскіх дзяцей заняткі ў тэхнапарку — гэта іншы ўзровень зносін, багатая матэрыяльная база, вялікі станоўчы вопыт і магчымасць паступіць ва УВА без экзаменаў.
Паспяхова ажыццяўляецца і навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў. Летась навучэнка Марыя Клімовіч на раённай навукова-практычнай канферэнцыі стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені па хіміі з работай “У пошуках якаснага сметанковага масла” (настаўніца І.Бабінец) і будзе прадстаўляць установу на вобласці.
У межах Года міру і стварэння вучні ўдзельнічалі ў шматлікіх выхаваўчых мерапрыемствах. Удзельніцай “Цягніка Памяці” стала адзінаццацікласніца Садаф Салоева. З работай “Нязгасная памяць пакаленняў” яна ўдзельнічала ў здымках праекта “Незабытыя героі” пра падпольшчыкаў чыгуначнага вузла Баранавіч. На рэспубліканскім конкурсе “АграНТРІ-Беларусь” у намінацыі “АграРОБАТЫ” дыплома III ступені ўдастоены васьмікласнік Аляксей Хандрыка. А вучань 8 класа Мікіта Чатырка атрымаў дыплом II ступені ў абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі” (настаўніца Н.Бялятка).
Прыемна адзначыць, што матэрыяльна-тэхнічная база нашай установы з кожным годам паляпшаецца. Трэці год у школе дзейнічае STEM-клас (адзіны ў раёне), дзе вучні асвойваюць асновы робататэхнікі. Сёлета ў нас па дзяржпраграме вядуцца пастаўкі кабінетаў абслуговай і тэхнічнай працы. У пачатку мінулага года быў пастаўлены кабінет біялогіі.
У гэтым навучальным годзе ў нас адкрыты інжынерны клас. На павышаным узроўні школьнікі вывучаюць біялогію і геаграфію. У межах прадмета “Працоўнае навучанне” на трэцяй ступені вучні праходзяць падрыхтоўку па спецыяльнасці “Швачка”. Лічу, што ўсё гэта садзейнічае павышэнню якасці ведаў школьнікаў.
— Якой бачыцца школа ў найбліжэйшай будучыні? Якія ў вас задумы і планы на новы каляндарны год?
— Школа заўтрашняга дня павінна адпавядаць патрабаванням будучыні, быць канкурэнтаздольнай. У мінулым годзе ў кабінет абслуговай працы прыйшоў вышывальны станок. Плануем уступіць у інавацыю па вытворчасці вырабаў з вышыўкай (гальштукаў з эмблемамі, ручнікоў з беларускім арнаментам). Магчыма, гэтае пачынанне перарасце і ў бізнес-кампанію. У планах таксама заняцца ландшафтным дызайнам тэрыторыі. Мару, каб школа стала лепшай у раёне, а потым і ў вобласці.
Хацелася б, каб у новым годзе мае педагогі былі здаровымі, а выпускнікі рэалізаваліся ў жыцці і дасягнулі тых вышынь, пра якія мы ў свой час толькі марылі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара