У чым унікальнасць Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.А.Глебава

- 11:38Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Вучыць дзяцей быць патрыётамі, дапамагаць ім самарэалізавацца і знайсці сябе — у гэтым сёння галоўная задача ўстановы адукацыі. Такога меркавання прытрымліваецца педагагічны калектыў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі­-каледжа мастацтваў імя Я.А.Глебава. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свая ўнікальнасць

Знайсці гімназію-каледж даволі проста. Дастаткова ісці на гукі музыкі на вуліцы Ленінскай Магілёва. Чароўныя мелодыі хутка прывядуць да навучальнай установы.

Музыка тут гучыць заўсёды і ўсюды. Навучанне праз твор­часць і праз прызму мастац­тва — у гэтым унікальнасць і асаблі­­васць гімназіі-каледжа. Ва ўстанове якасна арганізавана інтэграцыя агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі з авалоданнем прафесійнымі музычнымі і харэаграфічнымі навыкамі.

— Сёння ў нас вучыцца звыш 480 хлопчыкаў і дзяўчынак. Першая ступень — пачатковая школа. Ужо ў гэтым звяне дзеці спасцігаюць асновы музыкі або харэаграфіі. Пасля працягва­юць навучанне на ўзроўні гімназіі. А атрымаўшы базавую адукацыю, могуць стаць спецыялістамі сярэдняга звяна, скончыўшы ступень каледжа, — расказаў дырэктар Аляксандр Курсакоў.

Па яго словах, паралельна вывучэнню агульнаадукацыйных прадметаў ва ўстанове арганізаваны вучэбны працэс у галіне музычна-інструментальнага, харэаграфічнага і музычна-харавога мастацтва. Выбар для творчасці ў навучэнцаў шырокі. Толькі на інструментальным напрамку дзеці могуць асвойваць ігру на 21 інструменце. З навучэнцамі займаюцца 113 педагогаў, кожны з іх — прафесіянал. Настаўнікі гімназіі-каледжа актыўна рэалізуюць адукацыйныя інавацыі, аўтарскія ініцыятывы і праекты, шмат ро­бяць у кірунку музычнай асветы.

Працоўная апантанасць педагогаў, іх асабістая зацікаўленасць у раскрыцці здольнасцей вучняў прыносяць адпаведныя вынікі. Навучэнцы пастаянна перамагаюць на рэгіянальных, рэспуб­ліканскіх і міжнародных конкурсах, прычым не толькі творчых, але і інтэлектуальных, спартыўных. Дарэчы, летась 18 мясцовых вучняў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай мола­дзі.

Музыка дабра

Якасць адукацыі ў гімназіі-­каледжы на першым месцы. Але не меншае значэнне тут нада­юць выхаванню.

— У нас усе мерапрыемствы арганізуюцца праз мастацтва. Напрыклад, сярод навучэнцаў вельмі развіты валанцёрскі рух. Дабру, міласэрнасці і ўзаемадапамозе яны вучацца праз музыку. Мы ўжо некалькі гадоў праводзім маштабную дабрачынную акцыю “Музыка дабра”. Нашы юныя таленты даюць канцэрты, а сабраныя падчас іх сродкі накіроўваюцца на патрэбы Магілёўскага дзіцячага хоспіса. Аказ­ваем мы і адрасную дапамогу. Вучні самі ўручаюць патрэбныя падарункі сваім цяжка хворым аднагодкам. На іх гэта аказвае каласальнае ўздзеянне. Такім чынам у навучэнцаў фарміруецца светапогляд, закладваюцца правільныя арыенціры і каштоўнасці, — адзначыў Аляксандр Курсакоў.

Вялікую ўвагу педагогі гімназіі-каледжа ўдзяляюць таксама прывіццю дзецям грамадзянскасці і патрыятызму, пачуцця любові да Радзімы. І ў ходзе заняткаў, і ў пазаўрочны час настаўнікі ро­бяць акцэнт на далучэнні вучняў да традыцый і гісторыі беларускага народа.

— Мы не абышлі ўвагай тэму генацыду, мужнасці і гераічнасці беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Летась у адным з вучэбных кабінетаў стварылі экспазіцыю, прысвечаную тым трагічным гістарычным па­дзеям. З ёй дасканала знаёмяцца ўсе навучэнцы, бо мы ўпэўнены, што яны павінны ведаць мінулае сваёй краіны. Заўсёды ў ліку важных напрамкаў выхавання — развіццё ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму. І тут вельмі дапамагае асоба чалавека, імя якога носіць наша ўстанова. Жыццёвы шлях Я.А.Глебава — яскравы прыклад самаадданага служэння Айчыне, — падкрэсліў Аляксандр ­Яўгенавіч.

Выключны прыклад

Імя Яўгена Глебава Магілёўскай гімназіі-каледжу мастац­тваў было прысвоена тры гады назад. Падзея стала знамянальнай для навучальнай установы.

— Яўген Аляксандравіч — выключны культурны дзеяч Беларусі. Свае першыя крокі ў свет музыкі ён рабіў і ў сценах нашай гімназіі-каледжа. Прысваенне ўстанове яго імя стала для нас гонарам, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыкла Наталля Алісеева.

Педагогі і навучэнцы імкнуцца захоўваць памяць пра легенду айчыннай музыкі. Яны нала­дзілі трывалую сувязь з удавой кампазітара — Ларысай Глебавай, дзякуючы падтрымцы якой сабралі шмат матэрыялаў з біяграфіі майстра.

— Некалькі разоў мы ез­дзілі ў госці да Ларысы Васільеўны. Нашы вучні пабылі ў рабочым кабінеце кампазітара, дзе час нібы спыніўся і ўсё засталося такім, як было пры жыцці Яўгена Аляксандравіча. Навучэнцы змаглі дакрануцца да інструментаў мэтра, паслухаць цікавыя гісторыі аб ім ад сваякоў. Усё гэта выклікала ў дзяцей незабыўныя эмоцыі. Некаторыя дзеці пасля паездак пераканаліся, што менавіта музыка — іх прафесійная будучыня, — расказала Наталля Дзмітрыеўна.

Пры дапамозе ўдавы Я.А.Гле­бава ў гімназіі-каледжы не так даўно ўзнікла памятная экспазіцыя. На стэндах размясціліся вельмі каштоўныя экспанаты. Гэта нататнікі кампазітара з першымі штрыхамі геніяльных твораў, яго ­ўзнагароды, дакументы, асабістыя рэчы.

Музейны куток памяці Я.А.Глебава пакуль невялікі. Але каля яго заўсёды можна сус­трэць гімназістаў. Яны вывучаюць біяграфію вялікага беларускага меладыста, натхняюцца яго творчасцю.

— Мы ганарымся тым, што наша навучальная ўстанова носіць імя такога знакамітага кампазітара. У Яўгена Глебава непаўторная, неверагодна меладычная музыка. Яе лёгка зразумець і выконваць у задавальненне, — паведаміў вучань 9 класа лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Дзмітрый Шыян.

— Для многіх навучэнцаў было дзіўным, што ў музыку Яўген Аляксандравіч прыйшоў, зусім не ведаючы нот. Але ўпартасць і захапленне прывялі яго на недасягальныя вышыні. Для дзяцей гэта прыклад таго, што, калі праца­ваць над сабой, старацца і ма­рыць, усё атрымаецца. Жыццё Я.А.Глебава наглядна паказвае вучням і тое, якім павінен быць сапраўдны патрыёт, — дадала Наталля Алісеева.

На сваім, родным

Музыка кампазітара Я.А.Глебава і сёння жыве ў творчасці навучэнцаў і педагогаў. Тут ладзяць аднайменныя канцэрты, дзе дзеці не проста іграюць, але і ствара­юць харэаграфічныя пастаноўкі пад творы мэтра.

— Глебаўскія мелодыі самабытныя, аднак адпавядалі савецкаму часу і не страчваюць сваёй актуальнасці цяпер. Сучасным вучням яны вельмі падабаюцца. Дзеці з энтузіязмам выконваюць музыку Яўгена Аляксандравіча, выступаюць з ёй на прэстыжных конкурсах і часта перамага­юць, — адзначыў дырэктар установы.

На яго думку, маладое пакаленне трэба выхоўваць на сваім, родным. Вучням неабходна больш гаварыць аб земляках, якія плённай працай праслаўлялі Беларусь і пра дасягненні якіх ведае ўвесь свет.

— Прыклад рэальных лю­дзей і іх канкрэтныя справы на ка­рысць роднай зямлі найлепшым чынам тлумачаць дзецям паняцце патрыятызму, — лічыць Аляксандр Курсакоў. — Непасрэдна нашы вучні імкнуцца быць падобнымі да музычнага майстра, імя якога носіць гімназія-каледж. У нас няма выпадковых навучэнцаў, а каля 90% выпускнікоў выбіраюць музыку за аснову прафесіі і працягваюць далей рэалізоўвацца ў гэтай сферы.

Даведка

Яўген Аляксандравіч Глебаў — беларускі кампазітар, дырыжор, педагог. Народны артыст СССР. Адметная рыса творчасці — індывідуальнае адчуванне гукавога свету, непаўторная творчая манера спалучэння нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў музыцы. Чуйны мастак, ён успрыняў усе навацыі, у тым ліку эстэтыку неафалькларызму, якая стала моднай у савецкай музыцы 60—70-х гадоў, але пры гэтым змог падаць іх па-свойму. Гэта выявілася ў своеасаблівай аўтарскай трактоўцы рытму як галоўнага выразнага музычнага сродку. Яўгенам Глебавым напісаны грандыёзныя балеты, аркестравыя і інструментальныя творы, музыка да шэрага драматычных спектакляў і кінафільмаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва ўстановы