У чым заключаюцца складнікі поспеху творчых настаўнікаў і таленавітых вучняў Брэстчыны?

- 12:19Репортаж

Падчас двухдзённай рабочай паездкі па Брэсцкай вобласці ў прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” адбылося шмат цікавых сустрэч і інтэрв’ю.

Гасцей сустрэла Наталля Каліноўская, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Галоўнай тэмай для абмеркавання былі пытанні якасці адукацыі.

— Ад настаўніка, яго імкнення да самаразвіцця, якасці выкладання і асабістага прыкладу залежыць, якімі вырастуць нашы дзеці, якімі яны стануць спецыяліс­тамі, грамадзянамі і людзьмі, — адзначыла Наталля Анатольеўна. — У сістэме адукацыі Брэстчыны ўжо дасягнуты пэўныя вынікі, але ёсць яшчэ над чым працаваць. Гэта будаўніцтва новых навучальных устаноў, работа з маладымі спецыялістамі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне вучняў, падтрымка адораных і многае іншае.

У бягучым навучальным годзе ў Брэсцкай вобласці павялічылася колькасць профільных класаў (груп) прафесійнай накіраванасці. Каля 17 працэнтаў старшакласнікаў пачынаюць асвойваць асновы выбранай імі прафесіі. Істотна пашырылася сетка класаў інжынернай накіраванасці: у іх вучацца 789 вучняў. Установы адукацыі заключаюць трохбаковыя дагаворы аб супрацоўніцтве з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

Новаўвядзеннем стала адкрыццё класаў медыцынскай накіраванасці: у сярэдняй школе № 26 Брэста, гімназіі Ганцавіч, ліцэі № 1 і гімназіі № 5 Баранавіч і сярэдняй школе вёскі Чэрні. У гэтых класах займаецца 110 вучняў. У найбліжэйшыя дні па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле пракуратуры Брэсцкай вобласці плануецца адкрыццё першага ў рэгіёне пракурорскага класа ў гімназіі № 1 Брэста імя Абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

***

Школьнікі з Брэсцкай вобласці сё­лета з трыумфам вярнуліся з Х Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды, якая праходзіла ў Сербіі. Залаты медаль заваявала Аляксандра Багданава, вучаніца сярэдняй школы № 18 Баранавіч. “Серабро” было ў Станіслава Брадніцкага з сярэдняй школы № 5 Пружан. Абсалютным пераможцам EGeo-2024 стаў Мікалай Місіюк, навучэнец гімназіі № 2 Брэста. Да таго ж сёлета юнак атрымаў “серабро” на XX Міжнароднай геаграфічнай алімпія­дзе ў Ірландыі.

Мы сустрэліся з Мікалаем, які зараз вучыцца ў 11 класе, і яго настаўніцай геаграфіі Юліяй Багдасаравай. З 7 класа малады чалавек паспяхова выступаў на раённых алімпіядах па прадмеце, а ў 9 і 10 класах атрымаў дыпломы на ўзроўні рэспублікі.

Поспех на алімпія­дзе самага высокага ўзроўню — гэта, безумоўна, вынік вялікай самастойнай работы Мікалая, — падкрэслівае Юлія Віктараўна. — На спаборніцтвах ён прадэманстраваў сваю эрудыцыю, начытанасць і выдатнае веданне англійскай мовы, на якой прахо­дзяць міжнародныя алімпіяды па геаграфіі.

Акрамя школьных падручнікаў, Мікалай вывучае літаратуру па геаграфіі на англійскай мове, а таксама навуковыя артыкулы, вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў, напрыклад, біягеаграфію з асновамі экалогіі. Даследаваў калекцыі мінералаў і горных парод. Рыхтавацца да алімпіяды Мікалаю дапамагалі выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна і БДУ.

Юнак плануе звязаць сваё жыццё з геаграфіяй, працягнуць навучанне ў Беларусі і марыць знайсці сваё прызванне ў навуцы.

Настаўніца Юлія Багдасарава курыруе навукова-даследчую работу ў гімназіі, узначальвае навуковае таварыства навучэнцаў “ЮнИс” і з’яўляецца аспі­рантам другога года навучання БрДУ імя А.С.Пушкіна. Сярод самых значных перамог яе падапечных — дыпломы на рэспубліканс­кіх конкурсах: біёлага-экалагічных работ наву­чэнцаў і работ даследчага характару навучэнцаў па геаграфіі.

***

У сярэдняй школе № 4 Лунінца мы пазнаёміліся з таленавітым нас­таўнікам працоўнага навучання Максімам Качаноўскім. Ён сапраўдны майстар разьбы па дрэве. Унікальныя работы педагога можна ўбачыць у розных кутках нашай краіны. Мастацтвам разьбы Максім Міхайлавіч зацікавіўся яшчэ ў старшых класах, калі назіраў за работай свайго баць­кі. Паступіў у Кобрынскі прафесійна-тэхнічны каледж выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў на спецыяльнасць “Настаўнік выяў­ленчага мастац­тва, чарчэння, майстар вытворчага навучання”.

— Я працую ў асноўным з ліпай. Яна мяккая і добра падыходзіць для буйной разьбы, — расказвае Максім Міхайлавіч. — Дуб таксама ідзе ў ход, але яго складаней рэзаць, а вырабы атрымліваюцца дарагімі. Я распілоўваю дрэва стужачнай пілой, а затым уручную стамескамі і кіянкай надаю нарыхтоўцы патрэбную форму. Ідэі для работ прыходзяць па-рознаму, часам пад уплывам вобразаў іншых майстроў.

Максім Міхайлавіч стварае як абстрактныя кампазіцыі, так і рэалістычныя вырабы: мэблю, скульптуры, статуэткі, падсвечнікі, дэкаратыўныя пано і г.д. Сярод яго работ ёсць і тыя, якія ён выконваў для храмаў: іконы і іканастасы, аналоі, кіёты для абразоў. 

Настаўнік з’яўляецца пераможцам выстаў творчасці ў раёне. У 2024 годзе заняў 1-е месца ў вобласці на конкурсе разьбяных зуброў. Вучняў натхняе асабіс­ты прыклад майстра. Пад яго кіраўніцтвам яны дасягаюць творчых поспехаў. Як толькі ў дзіцяці з’яўляецца цікавасць да работы з дрэвам, Максім Міхайлавіч абавязкова падтрымлівае яе, дапамагае развіцца.

***

Начальнік аддзела па адукацыі Лунінецкага райвыканкама Мікалай Гарадкавец падчас сустрэчы с ка­рэспандэнтамі падзяліўся актуальнай інфармацыяй.

— Важнай падзеяй для раёна стаў пачатак будаўніцтва прыбудовы да 1-й школы Лунінца з рэканструкцыяй, разлічанай на 660 месцаў. Плануецца, што аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2025 годзе, — адзначыў кіраўнік. — Горад Мікашэвічы сёлета прымае абласныя “Дажынкі”. Падрыхтоўка да свята закранула і сем мясцовых устаноў адукацыі. Тут прайшлі капітальныя і бягучыя рамонты, абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, добраўпарадкавана тэрыторыя.

З новага навучальнага года ў сярэдняй школе № 4 Лунінца і сярэдняй школе № 2 Мікашэвіч пачалі працаваць класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. А ў найбліжэйшыя дні на базе Бастынскай сярэдняй школы адкрыецца міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Лунінецкі раён з году ў год лідзіруе ў Брэсцкай вобласці сярод сельскіх раёнаў па выніках алімпіяд па вучэбных прадметах. Днямі выпускніца Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага, а зараз студэнтка ФПМІ БДУ Аляксандра Юрчанка заваявала залаты медаль на III Адкрытай міжнароднай астранамічнай алімпіядзе. Яе поспех стаў вынікам плённай працы з таленавітым настаўнікам фізікі і астраноміі гімназіі выдатнікам адукацыі Уладзімірам Зылевічам. З 2011 па 2024 год ён падрыхтаваў 14 пераможцаў заключнага этапу рэс­публіканскіх алімпіяд.

— Здольнасці Аляксандры да фізікі я заўважыў, калі яна вучылася яшчэ ў 8 класе, — адзначае Уладзімір Уладзімі­равіч. — Неверагодная працавітасць і ўменне правільна размяркоўваць час дазволілі ёй дасягнуць вялікіх поспехаў. У 9 і 10 класах Саша атрымала дыпломы на Рэспуб­ліканскай алімпіядзе па фізіцы. У далейшым мы пераключыліся на астраномію — прадмет, які спалучае ў сабе асновы фізікі і матэматыкі. Ёсць у ім і вельмі складаныя напрамкі, напрыклад, сферычная геамет­рыя, або раздзелы фізікі, звязаныя з касмічнымі працэсамі.

Урокі Уладзіміра Уладзіміравіча прахо­дзяць у творчай нязмушанай атмасферы. Калі педагог працуе з алімпіяднікамі на дадатковых занятках, ён не лічыцца з часам. Каб выкарыстоўваць яго больш эфектыўна, запрашае на факультатывы адначасова вучняў з розных класаў. Так кожны з іх зможа ўдзяліць больш часу любімаму прадмету. Пры падрыхтоўцы дзяцей да інтэлектуальных спаборніцтваў настаўнік выкарыстоўвае задачы, якія прыдумвае сам.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА