У добрай фізічнай форме

- 22:09Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Ці цяжка выкладаць фізіку і інфарматыку на беларускай мове, калі сам вучыў іх на рускай? Якія малюнкі нараджаюцца пасля працоўнага дня сярод формул? Аб гэтым і многім іншым расказаў малады настаўнік Кашавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Аляксей Бенда.

Ён родам таксама з Брэстчыны, скончыў школу № 2 Іванава. Заўсёды сябраваў з дакладнымі навукамі, прызнаецца малады педагог. Калі надышоў час вызначацца з будучай прафесіяй, вырашыў стаць настаўнікам фізікі і інфарматыкі. У многім гэта заслуга настаўніцы фізікі Галіны Фёдараўны Сацык, якая была яго класным кіраўніком. Шчыра апантаная сваім прадметам, яна імкнулася пера­даць гэтую цікавасць і навучэнцам. Атрымалася, бо калі вучань становіцца калегам — гэта найлепшае прызнанне заслуг.   

Скончыўшы Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка”, быў размеркаваны ў Кашавіцкую сярэднюю школу Пінскага раёна.  

— Па праўдзе кажучы, пакуль не прыехаў у Кашавічы, да размеркавання ставіўся без асаб­лівага энтузіязму. Думаў, адпрацую два гады і… Але калі прыйшоў у школу, пазнаёміўся з калектывам, вучнямі, зразумеў — гэта маё месца. Выкладаю тут ужо трэці год, і мне падабаецца. Працую настаўнікам фізікі і інфарматыкі, а таксама педагогам дадатковай адукацыі — кірую аб’яднаннем па інтарэсах, якое дапамагае дзецям асвоіць праграму малявання на камп’ютары Paint, — расказвае Аляксей Сяргеевіч. 

За маладым педагогам з першых дзён замацаваны вопытны настаўнік, яго калега Валянціна Васільеўна Калесніковіч, якая мае педагагічны стаж больш за 40 гадоў. З любымі пытаннямі звяртаецца да яе, а яна заўсёды ўсё патлумачыць, дасць карысныя парады. 

— Увогуле, усе мае калегі — людзі адкрытыя, дружалюбныя. Працаваць у такім асяроддзі прыемна і камфортна. У некаторых буйных гарадскіх школах бывае, што калектыў падзелены на групкі, якія не асабліва ладзяць паміж сабой. У нас такое цяжка сабе нават уявіць. І гэта адна з асноўных прычын, па якіх я вырашыў застацца ў школе пасля завяршэння абавязковай адпрацоўкі, — адзначае Аляксей Бенда.   

 

Чытайце матэрыял Аксаны Мыцько ў нумары ад 13 студзеня 2023 года.