У дзіцячым садзе № 3 Ляхавіч лічаць, што асновы эканамічнай культуры трэба фарміраваць змалку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— На першы погляд, эканоміка і дзеці — абсалютна несумяшчальныя паняцці, — гаворыць выхавальніца Наталля Шырэй. — Але сучасныя дашкольнікі так ці інакш сутыкаюцца з тым, як іх бацькі прадаюць ці купляюць тавары ў магазінах ці ў інтэрнэце, бачаць рэкламу па тэлевізары, чуюць размовы мам і татаў пра сямейны бюджэт… Таму эканамічныя веды, звычкі і навыкі, засвоеныя ў раннім дзяцінстве, стануць трывалай асновай для фінансавай дысцыпліны ў будучыні.
Правільна арганізаваная работа ў гэтым кірунку дазваляе не толькі развіваць у дашкольнікаў пэўныя здольнасці, але і рыхтаваць іх да дарослага жыцця. Фарміраваць эканамічную культуру дзяцей дапамагае развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, створанае ў групах. Так, цэнтры актыўнасці змяшчаюць наглядныя і гульнявыя матэрыялы, мастацкую літаратуру, казкі і відэазапісы аб прафесіях дарослых.
— Добра павышаюць цікавасць выхаванцаў да эканомікі гульнявыя атрыбуты, — расказвае Наталля Шырэй. — Так, для знаёмства з банкаўскай сферай уласнымі рукамі выраблены імправізаваныя банкамат, інфакіёск, каса, папяровыя грошы і банкаўскія карты; для знаёмства са спецыфікай працы АЗС — бензакалонка, талоны на бензін, дарожныя знакі, аўтамабілі; для знаёмства з прафесіяй прадаўца — прылавак, муляжы прадукцыі, спецадзенне, папяровыя грошы. Акрамя таго, у групе пасяліўся “Энергазберагальны чамаданчык”, дзе сабраны розныя прадметы, звязаныя з энергазберажэннем: папера для абклейвання вокнаў, ушчыльняльнік для вокнаў і дзвярэй, светлыя шпалеры, энергазберагальныя лямпачкі.
Бацькі не толькі ахвотна папаўняюць цэнтр актыўнасці, але і ўдзельнічаюць у тэматычных мерапрыемствах: напрыклад, у выставе дыдактычных гульняў эканамічнай накіраванасці, вырабленых сваімі рукамі (“Вясёлыя кухары”, “Прыдумай рэкламу”, “У доме зарплата”, “Беражы ўсё, што вакол нас”, “Што з чаго выраблена”, “Падбяры вітрыны магазінаў”).
— Асновы эканамічнай культуры ў дашкольнікаў фарміруюцца з дапамогай разнастайных метадаў і прыёмаў, якія дазваляюць праявіць творчасць, індывідуальнасць, а працэс пазнання эканомікі робяць цікавым і даступным, — працягвае Наталля Шырэй. — Галоўнае — расказваць пра свет эканомікі на зразумелай мове. У гэтым дапамагаюць заняткі-падарожжы, заняткі-віктарыны, заняткі-гульні і заняткі-казкі з прымяненнем гульнявых і наглядных метадаў, праблемных сітуацый, ІКТ, элементаў інтэрактыўных гульняў і плакатаў. Так, даволі цікавая квест-гульня “Падарожжа з Бураціна у краіну Эканомію”, падчас якой выхаванцы даведваюцца, што такое даходы і выдаткі, для чаго неабходны грошы, чаму варта быць эканомным і беражлівым. Дзеці вучацца ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі паміж грашыма і пакупкамі, прыходзяць да высновы, што нельга купіць адразу ўсё, што хочацца. А вось на занятках з Гномам-эканомам дашкольнікі замацоўваюць веды пра тое, як важна берагчы ваду і электрычнасць з-за іх высокага кошту.
У пошуку эфектыўных метадаў работы Наталля Шырэй звяртаецца і да сучасных мультфільмаў (“Урокі цётухны Савы: азбука грошай”, “Фіксікі: скарбонка”, “Смяшарыкі: фінансавая адукаванасць”). У выніку іх прагляду дзеці знаёмяцца з такімі паняццямі, як страхоўка і крэдыт, даведваюцца, як захоўваюцца грашовыя сродкі ў банках і як банкаўскія карты замянілі наяўныя грошы, як вырабляюць паперу для іх.
Для ўдакладнення і замацавання ўяўленняў пра эканамічныя з’явы і тэрміны выхавальніца звяртаецца да дыдактычных гульняў “Добра — дрэнна”, “Дазваляецца — забараняецца”, “Адгадай прафесію па працоўных дзеяннях”, “Хто што вырабляе”, “Можна — нельга” і інш.
— Дзякуючы дыдактычнай гульні “Прадпрыемствы нашага горада”, дзеці замацоўваюць уяўленні аб розных прафесіях, вучацца бачыць залежнасць паміж вынікам працоўнай дзейнасці і прафесіяй чалавека, паважаць чужую працу, — гаворыць Наталля Шырэй. — Дыдактычныя гульні “Кім быць?”, “Абмен”, “Сямейны бюджэт” і “Маленькія пакупкі” дапамагаюць удакладніць і замацаваць уяўленні пра эканамічныя з’явы і тэрміны, набыць новыя веды, уменні і навыкі.
Не абыходзіць увагай Наталля Уладзіміраўна і казкі, у тым ліку аўтарскія, якія валодаюць вялікімі дыдактычнымі магчымасцямі. Гэта нібыта міні-праграма па азнаямленні дзяцей з эканамічнымі паняццямі. Сярод іх — “Эканоміка для малых, ці Як Міша стаў бізнесменам”.
— Дзеці з вялікай цікавасцю слухаюць гісторыі пра Мішу-бізнесмена, назіраюць за лёсамі герояў, суперажываюць ім, тым самым засвойваючы іх вопыт, атрымліваюць інфармацыю пра жыццё, прыроду, грамадства. А ўвогуле чытанне літаратурных твораў вельмі дапамагае некаторым выхаванцам навучыцца ацэньваць матывы ўчынкаў персанажаў, — заўважае Наталля Шырэй. — Пасля чытання казак ці апавяданняў заўсёды праводжу гутаркі па іх змесце з пытаннямі эканамічнага характару.
Вельмі дапамагаюць замацаваць веды аб працоўнай дзейнасці і стварэнні рознай прадукцыі прэзентацыі і віртуальныя экскурсіі на прадпрыемствы (“Атлант”, “Віцязь”, “Гарызонт”, “Світанак”, “Камунарка”, “Марка”, Ляхавіцкі малочны завод), інтэрактыўны плакат “Падарожжа з Гномам-эканомам”, развіццёвыя гульні, створаныя ў праграме LearningApps (“Тавары і паслугі”, “Патрэбы сям’і”, “Віды прафесій”).
— Сістэмная работа прыносіць вынікі: выхаванцы ведаюць, што праца — гэта працэс вырабу пэўных прадметаў, а грошы — крыніца даходу, разбіраюцца ў эканамічных адносінах, устанаўліваюць сувязі паміж працай, прадуктам і грашыма, самастойна выкарыстоўваюць у штодзённай дзейнасці асноўныя эканамічныя паняцці, — падагульняе Наталля Шырэй.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





