На факультэце міжнародных адносін БДУ прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанае ўдасканаленню міжнароднага супрацоўніцтва па забеспячэнні росту экспарту паслуг. Удзельнікамі зацікаўленай размовы па злабадзённым пытанні сталі прадстаўнікі Апарату Савета Міністраў, Міністэрства адукацыі, Камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства ўнутраных спраў, рэктары, прарэктары УВА, кіраўнікі структурных падраздзяленняў навучальных устаноў па арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва і па рабоце з замежнымі студэнтамі, дырэктары сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Вёў пасяджэнне міністр адукацыі С.А.Маскевіч.
— Сёння мы сабраліся, каб разгледзець актуальныя пытанні развіцця экспарту паслуг у кантэксце міжнароднай дзейнасці ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, абмяняцца вопытам, вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць у гэтай сферы, абмеркаваць нарматыўную прававую базу, неабходную для развіцця гэтага напрамку, і ў выніку выпрацаваць новыя перспектыўныя крокі ў далейшай дзейнасці, — адзначыў на пачатку пасяджэння калегіі кіраўнік галіновага міні-стэрства Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. Міністр заўважыў, што сёння наша эканоміка экспартаарыентаваная, таму развіццё экспарту тавараў і паслуг з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі краіны. Пашырэнне экспарту адукацыйных паслуг як істотнай часткі знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі прыносіць адчувальны фінансавы прыбытак і спрыяе ўсебаковаму ўмацаванню пазіцый краіны на міжнародным рынку паслуг, павышае яе імідж. Таму сфера адукацыі не павінна спыняцца на дасягнутым, а павінна шукаць новыя формы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, — падкрэсліў С.А.Маскевіч.
Аналізуючы стан спраў у развіцці экспарту адукацыйных паслуг, назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка ў гэтым працэсе. Аб’ём экспарту адукацыйных паслуг з кожным годам узрастае. Па выніках мінулага года колькасць замежных студэнтаў вырасла да 16 022 чалавек з 98 краін свету і значна перавысіла намечаныя раней паказчыкі. З агульнай колькасці замежных студэнтаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі вучыцца 15 202 чалавекі, а ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 820.
— Для пашырэння сферы экспарту адукацыйных паслуг Міністэрству адукацыі, непасрэдна навучальным установам на працягу апошніх гадоў прыйшлося істотна папрацаваць, — заявіў на пасяджэнні калегіі намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык. — Упершыню міжнародная дзейнасць была рэгламентавана як адукацыйная паслуга і замацавана ў Кодэксе аб адукацыі.Акрамя таго,было значна пашырана прававое поле міжнароднага супрацоўніцтва, пацвярджэннем чаго стала падпісанне шэрага міжнародных дагавораў. Практычна ва ўсіх установах адукацыі пачалі функцыянаваць структурныя падраздзяленні па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва і работы з замежнымі студэнтамі, што станоўча паўплывала на колькасны і якасны склад кантынгенту студэнтаў з іншых краін. На сённяшні дзень асноўнымі дакументамі, якія рэгламентуюць дзейнасць сістэмы адукацыі ў гэтай сферы, з’яўляюцца Нацыянальная праграма развіцця экспарту і Дзяржаўная праграма развіцця вышэйшай адукацыі на 2011 — 2015 гады.
Але пакуль геаграфія міжнароднага супрацоўніцтва пашыраецца марудна. У большасці навучальных устаноў вучацца студэнты толькі з Туркменістана, КНР, Нігерыі, Расіі. Па меркаванні В.В.Якжыка, у мэтах правядзення дыверсіфікацыі кантынгенту замежных студэнтаў Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва РІВШ павінен прааналізаваць найбольш актуальныя запыты на адукацыйныя паслугі ў іншых краінах. Варта звярнуць увагу на перспектыўныя рынкі экспарту адукацыйных паслуг краін СНД, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Каб беларускія ўстановы больш эфектыўна выходзілі на замежныя рынкі, цэнтру неабходна распрацаваць праект маркетынгавай стратэгіі прасоўвання туды нашых навучальных устаноў. Для павышэння цікавасці замежных грамадзян да навучання ў Беларусі неабходна актывізаваць узаемадзеянне з замежнымі грамадзянамі, якія скончылі беларускія УВА, каб прыцягнуць іх у якасці партнёраў у экспартаарыентаванай дзейнасці ўстаноў адукацыі.
Акрамя таго, важна напоўніць цікавай і даступнай інфармацыяй інтэрнэт-партал www.studyin.by аб магчымасцях атрымання замежнымі грамадзянамі адукацыі ў беларускіх навучальных установах.
Для прыцягнення замежных грамадзян на навучанне важная роля ў прапагандзе нашых устаноў у замежжы павінна быць адведзена рэкламе. На сённяшні дзень рэкламная прадукцыя навучальных устаноў абнаўляецца нячаста, што пры сучасных тэмпах развіцця экспарту паслуг не зусім правільна. Пры гэтым прадстаўленая моўная разнастайнасць прапанаванай прадукцыі, якасць перакладу матэрыялаў на тую ці іншую мову патрабуюць паляпшэння. Сёння ў рэкламнай прадукцыі прэваліруюе англійская мова, але, як паказвае рэчаіснасць, патрэбен рэкламны прадукт і на кітайскай, іспанскай і на іншых мовах. Часта рэкламная прадукцыя распрацоўваецца без уліку спецыфікі каналаў яе распаўсюджвання і рэгіянальнай накіраванасці.
Узорамі рэкламнай прадукцыі можна лічыць каталог ВДУ імя П.М.Машэрава на туркменскай мове, буклет БДУІР на арабскай. Апошнім часам найбольш папулярнай стала відэапрадукцыя, якая даволі эфектыўна прадстаўляе тую ці іншую навучальную ўстанову. Прыкладам гэтага стаў відэаролік, у якім замежныя студэнты БДУІР ухваляюць сваю ўстанову, нашу краіну і нават чытаюць вершы на беларускай мове. Шчырасць, пранікнёнасць гэтага відэаматэрыялу пакарыла і ўдзельнікаў пасяджэння калегіі, дзе быў паказаны гэты ролік. Ён з’яўляецца яскравым прыкладам рэкламавання ўстановы адукацыі для прыцягнення ўвагі з боку патэнцыяльных абітурыентаў. Пасля размяшчэння роліка на відэарэсурсе youtube.com ён толькі за 2 дні набраў больш за 1,5 тысячы праглядаў. На жаль, многія рэкламныя прадукты, якія распрацаваны ў навучальных установах, “не працуюць” на мэтавую аўдыторыю па прычыне сваёй несамавітасці і неінфарматыўнасці. Мяркуючы па сённяшняй сітуацыі ў гэтым кірунку работы, падкрэсліў В.В.Якжык, неабходна забяспечыць эфектыўную арганізацыю рэкламна-інфармацыйнай работы па выхадзе на новыя знешнія рынкі і размяшчаць рэкламныя білборды, рэкламныя ролікі на тэлебачанні, радыё, удзельнічаць у выставах і іншых мерапрыемствах, распрацаваць сістэму дысконтных карт, выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, кантэкстную рэкламу ў інтэрнэце і інш.
Як адзначыў міністр адукацыі С.А.Маскевіч, у паспяховым прасоўванні адукацыйных паслуг на міжнародны рынак нашы навучальныя ўстановы павінны клапаціцца аб якасці гэтых паслуг, пастаянна адсочваць іх узровень і задаволенасць імі замежных студэнтаў. Павінен быць неабходны ўзровень адукацыйных праграм, іх зместавае насычэнне, прафесіяналізм прафесарска-выкладчыцкага складу, належныя ўмовы навучання і пражывання замежных студэнтаў. Важна пашырыць спектр адукацыйных паслуг, якія б мелі на ўвазе ўключанае навучанне, стажыроўкі, практыкі, кароткатэрміновыя спецыялізаваныя курсы, навучанне на замежных мовах, укараненне дыстанцыйнай формы навучання.
Важным элементам павышэння якасці адукацыйных паслуг для замежных грамадзян з’яўляецца навучанне на англійскай мове.
Установамі адукацыі распрацаваны планы па пашырэнні прафесійнай падрыхтоўкі на замежных мовах і прыцягненні да выкладання супрацоўнікаў вядучых замежных універсітэтаў. Адукацыйны працэс на англійскай мове мэтанакіравана арганізаваны ў БДМУ, БДУІР, БДТУ і шэрагу іншых універсітэтаў. Разам з тым пакуль не ўрэгуляваны пытанні тарыфікавання аплаты працы педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку замежных грамадзян на англійскай мове. Ва ўніверсітэтах вядзецца недастатковая работа па арганізацыі курсаў для прафесарска-выкладчыцкага складу з мэтай павышэння іх узроўню валодання замежнай мовай. Таму неабходна пашырыць практыку па прадастаўленні паслуг адукацыі на англійскай мове. Як было адзначана на пасяджэнні калегіі, усе класічныя ўніверсітэты з наступнага навучальнага года павінны адкрыць падрыхтоўку англамоўных спецыялістаў.
Арганізацыя падрыхтоўчых аддзяленняў у структуры УВА разглядаецца міністэрствам як адзін з прыярытэтных напрамкаў маркетынгавай стратэгіі прасоўвання паслуг адукацыі на знешнія рынкі. Аналіз даных прыёму ў мінулым годзе паказаў, што больш за 25% ад агульнай колькасці прынятых замежных грамадзян вучацца на падрыхтоўчых аддзяленнях нашых вышэйшых навучальных устаноў. Магчыма, з улікам узроўню валодання рускай мовай неабходна выпрацаваць аптымальны механізм набору замежных грамадзян на падрыхтоўчае аддзяленне.
Мела б эфект і ўкараненне новых мадэлей выхаду на знешні рынак у выглядзе розных адукацыйных структур — філіялаў, цэнтраў, аддзяленняў. Пакуль прыкладаў гэтага кірунку яшчэ нямнога. Сярод іх адкрыццё сумеснага інжынерна-тэхнічнага факультэта БНТУ і Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта, стварэнне рэсурснага Цэнтра пачатковай прафесійнай адукацыі па будаўнічых прафесіях у Азербайджане, Беларуска-В’етнамскага цэнтра садзейнічання навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, філіяла кафедры БДУІР у амерыканскім горадзе Бостане. З улікам таго, што да гэтага часу не існуе рэальна дзеючых нарматыўных прававых дакументаў у частцы стварэння структурных падраздзяленняў УВА за мяжой, неабходна распрацоўка нарматыўнага прававога забеспячэння іх функцыянавання. У гэтай сувязі Міністэрства адукацыі разам з установамі вышэйшай адукацыі працягне работу па ўнясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі.
Важным сегментам у структуры экспарту з’яўляецца экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі, работ і паслуг універсітэтаў. Мінулы год быў даволі прадукцыйным у гэтым кірунку, і сума, атрыманая ад экспарту, склала звыш 9,3 млн долараў ЗША. Разам з замежнымі партнёрамі навукоўцы УВА актыўна ўдзельнічалі ў выкананні звыш 270 праектаў міжнародных праграм, фондаў і грантаў. Найбольшы попыт мелі навуковыя распрацоўкі нашых універсітэтаў у галіне нанатэхналогій і новых матэрыялаў, радыёэлектронікі, інфармацыйных тэхналогій, тэлекамунікацый, лазерных тэхналогій, энерга- і рэсурсазберажэння, медыцыны і аховы здароўя, металургіі, будаўніцтва, лёгкай прамысловасці.
У знешнеэканамічнай дзейнасці былі задзейнічаны 15 універсітэтаў, у тым ліку БДУ, БДУІР, БНТУ і іншыя. Напрыклад, БДУІР выконваў 31 кантракт з кампаніямі Вялікабрытаніі, Італіі, Бельгіі, Швецыі, Расіі, Германіі, Кітая, Венесуэлы, Індыі. З мэтай павелічэння аб’ёмаў фінансавання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі Міністэрства адукацыі выступіла ў якасці калектыўнага экспанента навуковых распрацовак УВА на 8 выставах і кірмашах у Германіі, Малайзіі, Манголіі, Японіі, Казахстане, Украіне, Расіі. Сёння функцыянуе 12 сумесных цэнтраў міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Плануецца стварыць сумесны цэнтр з Іранам. Актыўна працуе Навукова-адукацыйны кансорцыум паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і НДІ Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Казахстан, у які ўжо ўключаны 20 беларускіх і 17 казахстанскіх партнёраў. Плануецца развіваць навуковае і інавацыйнае супрацоўніцтва з Ізраілем, В’етнамам, Індыяй, Карэяй, Сербіяй, Іранам і іншымі краінамі. Арганізавана кааперацыйная біржа па перапрацоўцы адходаў у рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы дзяржаў — удзельніц СНД.
У структуры тэхнапарка БНТУ “Палітэхнік” створаны міжуніверсітэцкі Цэнтр маркетынгу навукова-даследчых распрацоўвак. У сетцы інтэрнэт паспяхова функцыянуе інфармацыйна-маркетынгавы вузел галіновага міністэрства, дзе размешчаны 244 актуальныя тэхналагічныя запыты ад 41 беларускага прадпрыемства, прадстаўлены “Задачнік ад прамысловасці”, у якім размешчаны 551 запыт ад 69 прадпрыемстваў, а таксама 600 актуальных тэхналагічных прапаноў, з якіх большасць — распрацоўкі ўніверсітэтаў.
Створаны каталог перспектыўных навукова-тэхнічных праектаў устаноў вышэйшай адукацыі, які перададзены ў МЗС з мэтай размяшчэння на сайтах пасольстваў Рэспублікі Беларусь за мяжой. Таксама арганізавана віртуальная выстава навукова-тэхнічных распрацовак. На Нацыянальнай выставе Рэспублікі Беларусь у Манголіі была прадстаўлена яе тэставая прэзентацыя для вызначэння эфектыўнасці, каб у далейшым выкарыстоўваць для дэманстрацыі экспанатаў і распрацовак беларускіх універсітэтаў у час выстаў і кірмашоў.
Больш дэталёва актуальныя пытанні ўдасканалення экспартаарыентаванай дзейнасці ў сферы адукацыі і навукі былі абмеркаваны ўдзельнікамі пасяджэння калегіі на секцыях. Там былі абмеркаваны пытанні дыверсіфікацыі структуры экспарту адукацыйных паслуг, кантынгента замежных студэнтаў, перспектывы прасоўвання экспарту паслуг устаноў адукацыі на замежны рынак, нарматыўнае прававое рэгуляванне экспартаарыентаванай дзейнасці УВА, шляхі экспартавання навукова-тэхнічнай прадукцыі і паслуг універсітэтаў, развіцця маркетынгавай палітыкі ў пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі ў мэтах забеспячэння росту экспарту паслуг, праблемы дыстанцыйнага навучання, выдача двайных дыпломаў, стварэнне банка даных аб выкладчыках, здольных вучыць на замежнай мове, многія арганізацыйна-тэхнічныя пытанні.
У рамках правядзення пасяджэння калегіі яго ўдзельнікі маглі наведаць выставу дасягненняў УВА ў забеспячэнні росту экспарту адукацыйных паслуг.