У этнаграфічным музеі школы №17 Барысава ўсё створана для таго, каб вучні не забывалі тое, што для іх захавалі продкі

- 17:03Новости

У Год міру і стварэння будзе дарэчы ў кожнага спытаць пра тое, для чаго трэба захоўваць гістарычную спадчыну, навошта нашы продкі пакінулі яе для нас. Адказ відавочны: каб мы перадалі яе іншым пакаленням.

Адной з галоўных функцый музея з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці, імкненне перадаваць яе нашчадкам, каб яны ведалі і памяталі сваіх продкаў.

“Ад прадзедаў спакон вякоў // Мне засталася спадчына; // Паміж сваіх і чужакоў // Яна мне ласкай матчынай”. Так пісаў Янка Купала ў вершы “Спадчына”. Для паэта спадчынай было тое, што передала яму маці і яго дзяды. А ў народным этнаграфічным музеі сярэдняй школы № 17 Барысава “Пад стрэхамі прадзедаў” усё створана для таго, каб вучні не забывалі тое, што для іх захавалі продкі.

Наш музей пачаў працаваць 23 сакавіка 1999 года. Ініцыятарам яго стварэння была дырэктар школы Людміла Міхайлаўна Маскалёва, а кіраўніком стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Міхайлаўна Крэнь. У жніўні бягучага года музей пацвердзіў статус народнага.

Калі ласка, на экскурсію!

Мы спускаемся па лесвіцы ўніз, у мінулае. Адчыняюцца дзверы — і нас сустракае першы пакой, які называецца “Прылады працы”. Вядома, што нашы продкі працавалі на зямлі і вырошчвалі разнастайныя культуры: авёс, жыта, ячмень. У гэтым ім дапамагалі розныя прылады працы, без якіх цяжка было б апрацоўваць зямлю. Многія інструменты вырабляліся самастойна. Для гэтага выкарыс­тоўваліся розныя матэрыялы: дрэва, метал, жалеза. У экспазіцыі музея прадстаўлены прылады працы, якімі продкі карысталіся ў тым ліку ў штодзённым жыцці: гэблі, молаты, косы, сярпы, малацільня, ночвы, ступы, пранікі, дошкі для прання бялізны і іншыя.

Пройдзем далей. Мы трап­ляем у другі пакой пад назвай “Святлічка”. Тут можна ўбачыць тое, чым карысталіся нашы бабулі і дзядулі: старыя швейныя машыны, грошы канца XIX — пачатку XX стагоддзя, радыёпрыёмнік “Вымпел”, тэлевізар, гадзіннік.

У пакоі знаходзіцца знакавы экспанат — карціна “Ефрасіння Полацкая”, якую намаляваў першы дырэктар нашай школы Іван Максімавіч Ермаловіч. Гэтая карціна ў свой час была асвечана ў царкве. Родныя Івана Максімавіча перадалі нашай школе шмат яго карцін, якія дораць добры настрой вучням і настаўнікам.

Завяршае экскурсію вялікі пакой пад назвай “Беларуская хатка”. Тут у наведвальнікаў ёсць магчымасць акунуцца ў атма­сферу беларускай хаты ХІХ стагоддзя. Што мы можам уявіць, гледзячы на экспазіцыю? Злева стаіць печ, а на прыпечку — чыгун, у якім гаспадыня варыць куццю, а пасля будзе частаваць ёй сям’ю. Ля печы знаходзіцца барылка, у ёй гаспадар панясе ваду, бо ён хутка пойдзе ка­сіць. У чырвоным куце, які займаў самае пачэснае месца ў хаце, стаіць стол. Недалёка ад стала — ложак, а каля яго — калыска для дзіцяці. Побач з ложкам размешчаны куфры, куды гаспадыня складвала розныя рэчы. У гэтай жа зале захоўваюцца калаўроты, матавілы, маслабойкі, гладышы, драўляныя лыжкі, талеркі. Усе яны мелі важнае значэнне ў жыцці кожнага чалавека.

У стварэнні музея і папаўненні фондаў прымала ўдзел не адно пакаленне навучэнцаў і іх бацькоў. Многія вучні прайшлі школу музея: выступалі ў ролі экскурсаводаў, афарміцеляў, былі ў складзе пошукавых груп. Для музея ўсё збіралася па крупінках. Спачатку налічвалася каля 300 экспанатаў, а сёння іх больш за 800 адзінак.

Наведвальнікамі нашага музея з’яўляюцца не толькі вучні і бацькі, але і жыхары горада. Музей прымае актыўны ўдзел ў гарадскіх мерапрыемствах, прысвечаных Дню горада Барысава, Дню народнага адзінства, дзе прадстаўляе выставу экспанатаў. Незабыўнае ўражанне зрабіла наведванне музея на гасцей з Іспаніі, Англіі, Японіі і іншых краін.

У беларускай хатцы

У музеі “Пад стрэхамі пра­дзедаў” пастаянна працуе група юных экскурсаводаў. Яны праводзяць экскурсіі для дзяцей. Яшчэ адна група з вучняў 1—11 класаў сустракае гасцей на ганку музея і выконвае беларускія народныя песні і танцы. Падчас экскурсій, лекцый, тэматычных вячорак выкарыстоўваецца музычнае суправаджэнне, прэзентацыі, відэаролікі. Дарэчы, у нас праводзяцца экскурсіі на розныя тэмы. Сярод тэматычных можна вылучыць такія як “Сялянская хата і жыццё беларусаў у ХХ стагоддзі”, “Ежа беларусаў”, “Беларускі каляндар”, “Звычаі і абрады беларускага народа”.

У музеі педагогі нашай школы па суботах праводзяць розныя гульні і мерапрыемствы для папулярызацыі сярод вучняў беларускай мовы і захавання беларускіх традыцый: “Калядкі”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Восеньскі кірмаш” і іншыя. На мерапрыемствы запрашаюцца і бацькі.

Акрамя адукацыйнай функцыі, музей выкарыстоўваецца для таго, каб увекавечваць па­мяць творцаў беларускага слова. Так, з нагоды юбілею “пад стрэхамі прадзедаў” праводзіліся літаратурныя вечарыны, прысвечаныя Сяргею Грахоўскаму (110 гадоў з дня нараджэння), Яўгеніі Янішчыц (75 гадоў з дня нараджэння).

Колькі працуе музей, столькі часу ў нас ажыццяўляецца даследчая дзейнасць. У красавіку — маі 2021 года музей “Пад стрэхамі прадзедаў” прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Для ўдзелу ў ёй вучні стварылі буклет, у якім можна пачытаць пра музей і яго самыя галоўныя экспанаты. У намінацыі “У аб’ектыве — музейная старонка” ён заняў 1-е месца.

У 2022 годзе былі напісаны даследчыя работы для ўдзелу ў конкурсе “Тапаніміка роднага краю”, у конкурсе работ края­знаўчага характару “Спадчына Беларусі” і ў рэспубліканскім конкурсе “Юны натураліст” у намінацыі “Спадчына продкаў”.

У 2023 годзе нашы навучэнцы і педагогі арганізавалі выязную экспедыцыю ў вёску Хаўхоліца Барысаўскага раёна, каб сабраць звесткі пра абрад, які жыве ў гэтай вёсцы. Па слядах паездкі была напісана даследчая работа “Абрад “Перадача свечкі і іконы”.

Наш музей цесна супрацоўнічае з іншымі музеямі краіны. На працягу апошніх трох гадоў вучні сярэдняй школы № 17 Барысава наведалі музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча ў Мінску, музей-дачу Янкі Купалы ў Ляўках Аршанскага раёна, музей Ула­дзіміра Караткевіча ў Оршы, музей кнігадрукавання ў Полацку і інш.

Навучэнцы з вялікай цікавасцю наведваюць школьны музей, каб далучацца да гісторыі роднага краю, вывучаць яго мінулае, знаёміцца з духоўна-маральнымі каштоўнасцямі і этнаграфічнай спадчынай беларускага народа. Што тычыцца педагогаў, то яны заўсёды нагадваюць дзецям, як важна любіць і паважаць нашу спадчыну, захоўваць традыцыі свайго народа.

Запрашаем наведаць наш музей!

Максім ДАВЫДЗЕНКА,
кіраўнік музея “Пад стрэхамі прадзедаў”;
Анжэла ЗАХАРЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 17 Барысава
Фота Андрэя ВОЛКАВА