У фокусе — новыя тэхналогіі. Педагогі Міншчыны ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі краіны

- 12:39Новости

Педагогі Міншчыны ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі краіны. Пра гэта падчас пасяджэння выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, якая прайшла ў сеніцкай сярэдняй школе № 2 Мінскага раёна, сказаў міністр адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Бягучы год аб’яўлены Годам якасці. Мінская вобласць па колькасці педагагічных работнікаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у сістэме дашкольнай адукацыі займае лі­дзіруючыя пазіцыі. Але ў гэтым кірунку таксама трэба рухацца наперад. Сёння мы пра­цуем на перадачу педагагічнага вопыту, а на Міншчыне патэн­цыял для прыцягнення маладых спецыялістаў, амаладжэння кадравага складу вялікі, — адзначыў Андрэй Іванец.

Міністр адукацыі звярнуў увагу на тое, што ў цэнтральным рэгіёне вядзецца вялікая работа з профільнымі класамі, і нагадаў, што магчымасці для адораных і таленавітых выпускнікоў пашырыліся: яны ўпершыню атрымалі магчымасць паступаць без экзаменаў на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, у тым ліку на педагагічныя. Дарэчы, з кожным годам колькасць вучняў 10—11 класаў, якія вучацца ў педагагічных класах Міншчыны, павялічваецца, а кожны трэці выпускнік паступае па выбраным профілі.

— Мы павінны не проста забяспечыць набор на педагагічныя спецыяльнасці, а прыцягнуць адораных і матываваных навучэнцаў, якія з гонарам бу­дуць несці званне настаўніка, — акцэнтаваў Анд­рэй Іванец.

Падчас дыялогу з педагогамі Міншчыны міністр адукацыі закрануў  пытанні патрыятычнага выхавання і нагадаў, што ў гэтым кірунку цэнтральны рэгіён — лідар у краіне. Прычым гэта вызначаецца не колькасцю ваенна-патрыятычных клубаў (хоць вобласць лідзіруе па іх колькасці), а якасцю і ўзроўнем той работы, якая праводзіцца.

Міністр адзначыў, што на выніковай калегіі галіновага ведамства чатыры ўстановы адукацыі Мінскай вобласці атрымалі званне лепшых.

— Упэўнены, што ў Год якасці гэты паказчык будзе толькі павялічвацца, — рэзюмаваў Андрэй Іванец.

Сістэма адукацыі Міншчыны ганарыцца сваімі вучнямі і педагогамі. Так, у мінулым годзе 248 навучэнцаў атрымалі 100-бальныя вынікі на ЦЭ і ЦТ. У скарбонцы навучэнцаў 28 узна­гарод міжнародных конкурсаў. На ўзроўні прафесійнай адукацыі былі заваяваны 40 медалёў і 71 дыплом па выніках удзе­лу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрс­тва.

— У 2023 годзе сістэма адукацыі працавала над выкананнем найважнейшых задач, сярод якіх павышэнне якасці адукацыі, захаванне яе даступнасці, стварэнне бяспечных умоў адукацыйнага працэсу, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў для рэальнага сектара эканомікі, — звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Важным напрамкам у сістэме адукацыі была і застаецца выхаваўчая работа.

Брэндам дашкольнай адукацыі вобласці сталі дашкольныя лясніцтвы. Менавіта таму ў Год якасці асаблівая ўвага будзе ўдзелена якаснай рабоце з дзецьмі па эколага-адукацыйным кірунку з удзелам не толькі педагогаў, але і спецыялістаў лясной гаспадаркі.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі працягнецца работа над павышэннем яе якасці.

— Галоўная задача педагога — пры дапамозе ўменняў і ведаў, розных тэхналогій і методык арганізоўваць навучанне кожнага навучэнца ў адпаведнас­ці з яго здольнасцямі і магчымасцямі, — акцэнтаваў Мікалай Башко. — Флагманам павінен выступіць абласны інстытут развіцця адукацыі і метадычныя службы, а агульнай задачай павінна стаць фарміраванне адзінай метадычнай прасторы, якая будзе спры­яць росту прафесійнага майстэрства. Акрамя гэтага, неабходна ўдасканальваць сістэму падрыхтоўкі вучняў да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, забяспе­чыць дзейсны кантроль за яе рэалізацыяй.

Штогод на Міншчыне павяліч­ваецца колькасць навучэнцаў, якія выбіраюць для далейшага навучання класы прафесійнага кірунку. Так, у бягучым навучальным годзе пачалі працаваць 44 інжынерныя класы.

— Сфарміравана дарожная карта па рэалізацыі комплексу мер па фарміраванні інжынернага мыслення, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Адным з кірункаў рэалізацыі бачым узаемадзеянне школ з цэнтрамі дадатковай адукацыі па адкрыцці аб’яднанняў па інтарэсах па канструяванні, робататэхніцы і 3D-мадэляванні, узаемадзеянне з БДТУ, БНТУ.

Падчас пасяджэння калегіі Мікалай Башко звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення праф­арыентацыйнай работы з навучэнцамі, адзначыўшы, што варта ўкараняць новыя тэхналогіі. Начальнік галоўнага ўпраўлення сказаў, што ў мінулым го­дзе каледжы вобласці падрыхтавалі для эканомікі і сацыяльнай сферы больш за 3,4 тысячы рабочых і спецыялістаў. Усім ім прадастаўлена першае працоўнае месца.

— У 2024 годзе перад сістэмай прафесійнай адукацыі ста­яць сур’ёзныя задачы, — акрэсліў планы Мікалай Башко, — у першую чаргу па павышэнні якасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў у цесным узаемадзеянні з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Таксама неабходна працаваць над рэаліза­цыяй комплексу мер, накіраваных на скарачэнне дэфіцыту кадраў рабочых прафесій і павышэнне прэстыжу прафесійнай адукацыі.

Завяршальнай часткай калегіі стала традыцыйнае ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках мінулага года ў розных намінацыях, а таксама лепшых педагогаў Міншчыны.

Наталля САХНО
Фота аўтара