У Ганцавічах адкрылі Дошку гонару сістэмы адукацыі раёна

- 17:13Новости

У Ганцавічах напярэдадні святкавання абласных «Дажынак-2023» была адкрыта Дошка гонару сістэмы адукацыі раёна, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З ведаў, са школы, з настаўнікаў пачынаецца, па вялікім рахунку, тое ўсё добрае і прыгожае, што ствараецца ў нашым свеце. Пра тое не забыліся ў Ганцавічах, калі рыхтаваліся адзначаць — першымі ў краіне! — абласныя «Дажынкі-2023». Шматлікія тэлерэпартажы 9 верасня з месца падзеі акцэнтавалі ўвагу ў асноўным на працаўніках палёў — мы ж падсвецім дажынкавую тэму з боку нівы настаўніцкай, школьнай.

Якраз ад настаўнікаў з Круговіцкай школы напярэдадні я даведаўся: у падрыхтоўцы свята актыўна задзейнічаны школьна-педагагічны патэнцыял раёна. Настаўнікі, вучні шчыравалі, каб прыгожым атрымалася афармленне творчых пляцовак у райцэнтры. Да таго ж гатавалі смачныя стравы — пераважна з нацыянальным каларытам, прасавалі ўборы, святочныя ручнікі, сурвэткі, абрусы… Хто сам хоць раз удзельнічаў у падобных імпрэзах — ведае, наколькі ж клапатлівая і адказная гэтая справа: годна прыняць гасцей.

— Мы ўсе школы, іншыя ўстановы адукацыі падключылі да перадсвяточных клопатаў, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Надзея Здрок. — Прычым дзейнічалі крэатыўна. У прыватнасці, у плыні свята праходзілі конкурсы сярод школ: на лепшы сноп, святочны дажынкавы вянок, каравай і нацыянальную страву.

Але тое ўжо было, як кажуць, на фінішнай прамой. А раней настаўнікі з вучнямі папрацавалі на добраўпарадкаванні горада і раёна, рыхтавалі дэкарацыі, аздабленне для пляцовак і свае канцэртныя, пераважна вакальныя нумары. У святочны дзень з раніцы прымалі і суправаджалі дэлегацыі, якія ехалі ў Ганцавічы з усіх раёнаў Брэстчыны.

У святочны дзень пляцоўка пры Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці была аддадзена калектывам устаноў адукацыі, якія не толькі прыгатавалі, прыгожа накрылі сталы з пачастункамі, але і крэатыўна прадставілі каманды, — патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Рылка. — І там прайшоў фестываль-конкурс традыцыйнай беларускай кухні «Бабулін гасцінец».

А палеская кухня — гэта ж вялізная тэрыторыя для творчасці! Палётам настаўніцкай кулінарнай фантазіі нельга не захапляцца: нехта згатаваў смачныя традыцыйныя дранікі, а хтосьці ўзяўся парадаваць гасцей вытанчанымі караваямі. А стравы з рыбы, а бутэрброды на розныя густы, а традыцыйныя паляндвічка, і кумпячок, і… Не будзем доўжыць пералік, адно заўважым: усё было прыгатавана з любоўю і жаданнем прыўнесці новыя гарманічныя ноткі ў мелодыю свята. Паралельна ішоў конкурс на самы арыгінальны вянок, сноп і каравай — свеасаблівыя сімвалы «Дажынак». У дэкоры работ шырока выкарыстоўваліся колеры Дзяржаўнага сцяга, палявыя кветкі, ягады, іншыя арыгінальныя дэталі.

На пляцоўцы ўстаноў адукацыі вобласці пра свае дасягненні расказвалі юныя “зарнічнікі” 3-й сярэдняй школы Ганцавіч. Яны штогод — нязменныя пераможцы абласных і рэспубліканскіх этапаў спартыўна-патрыятычных гульняў. Актывісты піянерскіх дружын 2-й школы і гімназіі Ганцавіч дзяліліся сваімі напрацоўкамі ў рабоце. Канцэртныя нумары прадставілі лепшыя калектывы раённага Цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Была цікавасць з боку гасцей і да інтэрактыўнай пляцоўкі па інклюзіўнай адукацыі ад педагогаў раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ад педагогаў і выхаванцаў Ганцавіцкай спецыяльнай школы-інтэрната таксама не застаўся без увагі.

Хлебны каравай Брэстчыны сёлета перавысіў 1 млн 300 тыс. тон. Гонар і слава тым, хто аддана працаваў на палях! І настаўнікам Ганцавіцкага раёна — таксама гонар! Менавіта як даніну павагі ім, працаўнікам школьнай нівы, адкрылі Дошку гонару сістэмы адукацыі раёна. На яе занесены імёны педагогаў, якія дасягнулі значных поспехаў у навучанні і выхаванні дзяцей. І нават цэлы педагагічны калектыў з ганцавіцкай гімназіі.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота прадаставілі аддзел па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама і
Круговіцкая сярэдняя школа