У гасцях у казкі

- 10:46Выхаванне

Казка — гэта цэлы свет, свет творчасці, радасці і дзяцінства. Вымаўляючы гэтае слова, чалавек незаўважна для сябе самога пераносіцца ў чароўнае, таямнічае асяроддзе, перад вачыма з’яўляюцца знаёмыя кніжныя карцінкі, чуецца ціхі і спагадлівы голас мамы, таты, бабулі, недзе побач, здаецца, пачынаюць адбывацца цуды. Менавіта казкі сталі галоўнай тэмай IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. У Барысаве адбылося галоўнае мерапрыемства абласнога этапу агляду-конкурсу.

Хутка казка расказваецца, ды не хутка справа робіцца. Так і фінальнаму мерапрыемству на Міншчыне папярэднічаў доўгі падрыхтоўчы перыяд. Спачатку лепшыя творчыя нумары і вырабы ацанілі ва ўстановах адукацыі, потым — на ўзроўні раёнаў. Далей абласное журы ўбачыла падрыхтаваныя раёнамі праграмы на занальных адборачных мерапрыемствах, якія адбыліся ў Салігорску, Дзяржынску, Жодзіне, Маладзечне і Барысаве. Удзел у адборы бралі ўсе без выключэння раёны, на суд журы было прадстаўлена больш за 250 творчых нумароў і каля 1000 вырабаў.

Казачныя падзеі ахапілі Барысаў, куды з розных куточкаў Міншчыны прыехалі фіналісты абласнога этапу агляду-конкурсу — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах і творчыя калектывы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.

Палац культуры імя М.Горкага, дзе праводзілася мерапрыемства, запаланілі казачныя персанажы. Каля 250 разнастайных работ было прадстаўлена на абласной выставе. Пойдзеш налева — цябе сустракае Баба Яга ў ступе, направа пойдзеш — Ямеля сядзіць на печы, тут Шэры воўк паглядае нядобрым позіркам, а там Жар-птушка асвятляе наваколле. У сваіх работах канкурсанты ўвасобілі герояў беларускіх казак і казак народаў свету, легенд, міфаў, паданняў, твораў у жанры фэнтэзі. Высокае майстэрства прадэманстравалі ўдзельнікі выставы ў традыцыйных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: гліняныя вырабы з Івянца, саломка і кераміка, прадстаўленыя Дзяржынскім, Смалявіцкім, Салігорскім, Вілейскім раёнамі, парадавалі ўзроўнем выканання і разнастайнасцю сюжэтаў. Тэма казак надзвычай плённая для дзіцячай творчасці. Дзеці стваралі грандыёзныя замкі з пап’е-машэ, кампазіцыі з гліны, разнастайных прыродных матэрыялаў. А ўсялякіх цацак была проста безліч — саламяныя, вязаныя, тэкстыльныя, валяныя з шэрці і сплеценыя з папяровых пруткоў. Прымянялі ўдзельнікі конкурсу і новыя матэрыялы, як, напрыклад, фламеран.

У намінацыі “Выяўленчае мастацтва” вялікую колькасць работ прадставілі дзеці са Слуцкага і Стаўбцоўскага раёнаў, Жодзіна. Удзельнікі выставы стваралі малюнкі не толькі з дапамогай гуашы, акварэлі, пастэлі, крэйды, алоўкаў. Былі тут карціны, вышытыя ніткамі і бісерам, выпаленыя на тканіне, валяныя з шэрсці, маляваныя на дрэве і шкле, вылепленыя з пластыліну, створаныя з тканіны, скуры, салёнага цеста. З задавальненнем навучэнцы спрабуюць сябе ў новых цікавых тэхніках — на выставе былі прадстаўлены карціны, створаныя ў тэхніцы пэйп-арт, квілінг, каменныя карункі, джутавая філігрань.

На сцэне разгарнулася канцэртная праграма “Ходзіць казка па Зямлі…”. Разам юныя таленты пісалі новую кнігу аб сяброўстве, дзяцінстве, творчасці і аб тым, што ў жыцці ёсць месца для цудаў. Кожную старонку кнігі дзеці запаўнялі казачнымі гісторыямі, якія расказвалі на сцэне мовай мастацтва.

Першая глава гэтай кнігі і першы блок канцэрта называўся “Свет дзяцінства”, дзе расказвалася аб дзіцячых думках і захапленнях у розных краінах і ў розныя часы. Так, узорны харэаграфічны ансамбль “Шарм” сярэдняй школы № 20 Барысава расказаў аб сучасных любімцах дзетвары і паказаў нумар “Прыгоды міньёнаў”. Ансамбль “Сеніцкія дудары” з Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы расказаў казку старажытную, зайграўшы “Цымпель. Сярэднявечны танец”. Сяргей Кіндзякоў, саліст вакальнай студыі “Пралеска” гімназіі № 6 Маладзечна, запрасіў усіх у вясёлую “Краіну Перавяртундзію”.

Другая глава кнігі расказала пра свет прыгажосці. Прыгажосць роднай старонкі адлюстравалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Берагiня” Мётчанскага ясляў-сада — сярэдняй школы Барысаўскага раёна ў нумары “А дзень добры добрым людзям”, узорны ансамбль танца “Дзяцінства” ЦТДіМ Барысаўскага раёна — у народным танцы “Залатыя каласы”, вакаліст Уладзімір Аруцюнян, навучэнец гімназіі № 1 Барысава, — у песні “Вераніка”.

Гераічныя старонкі кнігі прадставіла гледачам трэцяя частка канцэрта. “Успаміны аб палкавым аркестры” прапанавалі ўзорны духавы аркестр і ансамбль мажарэтак гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Пранікнёны “Напамін” мовай сучаснага танца зрабілі ўдзельніцы ансамбля танца “Гарошынкі” гімназіі № 1 Стоўбцаў. Аляксей Баранчык і Вікторыя Ганчарова, навучэнцы гімназіі № 2 Салігорска, паказалі на сцэне ўрывак з рамана Б.Васільева “У спісах не значыўся”.

Апошняя глава кнігі — “Радасць” — паказала яркую палітру дзіцячай творчасці. Кожнага ў зале прымусіла ўсміхнуцца выступленне Марты Мірановіч, навучэнкі сярэдняй школы № 1 Лагойска, якая эмацыянальна і артыстычна дэкламавала верш А.Барто “Балбатуха”. Узорны ансамбль танца “Папараць-кветка” Слуцкага ЦДТ пусціўся ў “Казацкія скокі”, а ўзорны аркестр народных інструментаў і ансамбль лыжачнікаў гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна прадставіў каларытную апрацоўку беларускай п’есы “Бабка Еўка, дзед Тамаш”.

У 29 творчых нумарах гала-канцэрта яго ўдзельнікі прадэманстравалі высокае выканальніцкае майстэрства, артыстызм, музыкальнасць, яны паказалі цікавыя, змястоўныя выступленні, аздобіўшы іх выразнымі касцюмамі і рэквізітам. Найбольш яркую праграму, разнастайнасць мастацкіх нумароў паказалі Барысаўскі, Маладзечанскі, Салігорскі раёны. Запамінальныя творчыя нумары падарылі гледачам Лагойскі, Вілейскі, Старадарожскі, Дзяржынскі, Мінскі, Капыльскі, Слуцкі і Стаўбцоўскі раёны.

Журы адзначыла рост узроўню нумароў і канцэрта цалкам. Безумоўна, лепшыя выступленні юных талентаў Мінскай вобласці, а таксама лепшыя вырабы, прадстаўленыя на выставе, стануць упрыгажэннем заключнага этапу агляду-конкурсу “Прывітанне, свет”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.