У гасцях у кнігі

- 14:56Актуально, Рознае
Учора, 5 лютага, у Нацыянальна-выставачным цэнтры “БелЭкспа” адкрылася ХХI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Сёлета ўдзел у гэтым кніжным форуме прымаюць больш за 600 экспанентаў з 26 краін — Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Германіі, Ізраіля, Ірана, Італіі, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Палесціны, Польшчы, Расіі, Сірыі, ЗША, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і Швейцарыі. А агульны слоган мерапрыемства ў Год гасціннасці, здаецца, і не мог быць інакшым: “Усе кнігі ў госці да нас, усе краіны ў госці да нас!”

“Дарагія сябры! Віншую Вас з адкрыццём ХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу! Ва ўсе часы кніга мела асаблівае значэнне ў жыцці чалавека. Яна натхняла, дарыла надзею. Была найважнейшай крыніцай ведаў, вучыла дабру і выхоўвала лепшыя маральныя якасці. І сёння, у век высокіх тэхналогій, кніга застаецца для нас настаўнікам і надзейным дарадцам, аказвае неацэнную дапамогу ў рабоце і суправаджае ў вольны час. За апошнія два дзесяцігоддзі айчынная кніжная справа атрымала значнае развіццё. Беларускія выданні вабяць багаццем тэматыкі, жанравай разнастайнасцю і арыгінальнасцю афармлення. На паліцах крам шырока прадстаўлены і творы класікаў, і работы нашых суайчыннікаў. Упэўнены, што міжнародная выстава-кірмаш у Год гасціннасці адкрые новыя перспектывы культурнага і дзелавога супрацоўніцтва, стане надзейным арыенцірам на кніжным рынку. Жадаю ўдзельнікам кірмашу паспяховай працы і незабыўных уражанняў, а ўсім аматарам кнігі цікавых адкрыццяў!” — адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сваім прывітанні ўдзельнікам і гасцям ХХІ ММКВК, якое агучыла на адкрыцці кніжнага форуму першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч.
Дырэктар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч назваў ХХІ ММКВК кніжным святам, якое гаворыць пра тое, што беларуская кніга сёння шырока крочыць па ўсім свеце. Ён эмацыянальна павітаў усіх прысутных на адкрыцці выставы-кірмашу: “Многія філосафы параўноўваюць кнігу з караблём думак. Будзем спа-дзявацца, што гэтыя думкі ў самых розных выкананнях і ў самых розных тэхналогіях, застаючыся з друкаванай кнігай, будуць і надалей ісці па свеце! Прыемнага вам усім чытання!”
У сваю чаргу старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Іванавіч Чаргінец асабліва падкрэсліў, што на стэндзе СПБ сёлета можна ўбачыць шмат першых кніжак маладых аўтараў — таленавітых дзяўчат і юнакоў, якія імкнуцца знайсці свой голас у літаратуры. “Яны, магчыма, яшчэ і не даскочылі да зорак. Але, паверце, гэта вялікая вага. Гэта вага душы маладога чалавека, які прагне развіць свой талент”, — сказаў М.І.Чаргінец.
Як адзначыла надоечы на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, арганізатары ХХІ ММКВК вырашылі адысці ад дваццацігадовай традыцыі і не вызначаць краіну — пачэснага госця выставы-кірмашу. “Мінск сёлета сустракае ўсе краіны ў якасці ганаровых гасцей, — падкрэсліла Лілія Станіславаўна. — Пры гэтым галоўнай тэмай выступае не нейкая асобная краіна, а тэма праектаў, якія прадстаўляе кожная краіна. І мы бачым, што ў кожнай краіны такіх цікавых праектаў вельмі шмат. Таму сёлета мы вырашылі пазіцыяніраваць наш кніжны кірмаш менавіта як кірмаш праектаў, а не канкрэтных краін ці асоб”.

Варта адзначыць самыя адметныя з праектаў, падрыхтаваныя беларускім бокам. Гэта — “Памяць. 70-годдзю вызвалення Беларусі” (тэматычная экспазіцыя кніг, фотаальбомаў, юбілейных выданняў з фондаў Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі), “Мінск хакейны. Кніга і спорт” (у рамках гэтага праекта адбудуцца прэзентацыі кніг “Энцыклапедыя беларускага хакея” і “Энцыклапедыя БФСТ “Дынама”, пра якія ўжо пісала наша газета), “У пошуках страчанага” (да 10-годдзя праекта лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава і газет “СБ. Беларусь сегодня” і “Звязда”), “Году гасціннасці пасвячаецца” (прэзентацыя даведніка “Запрашаем у Беларусь. Welcome to Belarus” і новай кнігі серыі “Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі” — “Віцебск — горад майстроў і мастакоў”).
Сёння ў праграме ХХІ ММКВК — “Бібліятэчны дзень”. У гэты дзень гасцей кірмашу-выставы чакаюць такія акцыі, як “Свет тэатра” (прадстаўленне лялечнага тэатра сталічнай дзіцячай бібліятэкі № 6 паводле твораў Таццяны Сівец “Брык і Шуся шукаюць лета” і “Куды прапала малпа Маня: дэтэктыўнае агенцтва “Брык і Шуся”), “Свет кнігі” (сустрэча з дзіцячымі пісьменнікамі Уладзімірам Мазго, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой і інш.), “Мы — маладыя” (сустрэча з пераможцамі літаратурнага конкурсу “Мост дружбы” і прэзентацыя дэбютных кніжак аўтараў-пачаткоўцаў). 6 лютага таксама адбудзецца знакавы семінар на тэму “Практычныя аспекты работы ў рамках новага Закона Рэспублікі Беларусь “Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь”, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі. Зацікаўленыя гістарычнай тэмай на другім паверсе НВЦ “БелЭкспа” змогуць бліжэй пазнаёміцца з “тымі, хто пакінуў след у гісторыі” (прэзентацыя кніжак “Панцеляймон Панамарэнка: асабісты архіў і кніжны збор: зводны каталог”, “Купала і Колас, вы нас гадавалі”, “Суайчыннікі”, “Постаці”, “Мінск. Найлепшы погляд на гэты горад”).

Заўтра, 7 лютага, раім не прапусціць прэзентацыю першага тома 4-томнага выдання “Нарысы гісторыі культуры Беларусі (Культура сацыяльнай эліты ХIV — пачатку ХХ стст.)”, а таксама прадстаўленне новага праекта “Зброя Перамогі” (сумесная акцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Саюза пісьменнікаў Беларусі).
Самым жа “рыбным” днём для ўсіх настаўнікаў, бацькоў і дзяцей абяцае стаць “Дзень дзіцячай кнігі” 8 лютага — наведвальнікаў ХХІ ММКВК чакае проста фантастычная колькасць прэзентацый кніг і сустрэч з аўтарамі, усяго нават не пералічыш. Прычым шчыраваць будуць не толькі беларускія, але і, у прыватнасці, французскія пісьменнікі. У гэты дзень адбудуцца сустрэчы “Як становяцца пісьменнікам” (Ален Флешэр, Патрык Дэвіль, Аліўе Балазюк, Седрык Гра), “Пісьменнік і яго выдавец: верны сябра, суровы крытык або альтэр эга?” (Патрык Дэвіль, Жан-Батыст Дзюфур) і інш. Апафеозам жа фрацузскага дэсанта на нашым кніжным кірмашы стане круглы стол “Ці можа паўплываць кніга на лёс чалавека?” з удзелам вышэйназваных аўтараў.
Не забудземся, безумоўна, і пра двух вялікіх антаганістаў — Расію і ЗША. Першая па традыцыі прымае вельмі чынны ўдзел у ММКВК. Тэматычныя экспазіцыі Нацыянальнага стэнда Расіі размеркаваліся наступным чынам: “Год культуры ў Расіі”, “Да 200-годдзя з дня нараджэння М.Ю.Лермантава”, “Сучасная расійская проза і паэзія”, “Выданні для дзяцей і юнакоў”, “Да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны”, “Навукова-тэхнічная літаратура”, “Класіка”, “Да адкрыцця ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы”, “Гісторыя. Палітыка. Культура. Адукацыя”, “Жыццё выбітных людзей” да 90-годдзя выдавецтва “Маладая гвардыя”. Амерыканцы прадстаўляюць на ХХІ ММКВК таксама не менш цікавую праграму, тым больш што робяць гэта ў поўным аб’ёме ўпершыню.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.