У госці — да ўкраінскіх юннатаў

- 12:04Адукацыйная прастора

Сёння, калі педагогі-эколагі думаюць, чым яшчэ зацікавіць сваіх навучэнцаў у новым навучальным годзе, я прапаную адправіцца з экскурсіяй да нашых суседзяў-украінцаў на Чарнігаўскую абласную станцыю юных натуралістаў. Магчыма, ідэі яе супрацоўнікаў і выхаванцаў спадабаюцца і вамі і вы возьміце іх на заметку.

Разам з таварышамі па інтарэсах

Чарнігаўская абласная станцыя юных натуралістаў — адна з найстарэйшых украінскіх устаноў экалагічнага профілю. Ёй 83 гады. Штодзень сюды спяшаюцца сотні юннатаў з усяго Чарнігава — гэта школьнікі і вучнёўская моладзь ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў. Часта бываюць тут і дзеці з вобласці, з усёй Украіны і замежжа, у тым ліку з Беларусі.

З 2004 года ўзначальвае калектыў абласной станцыі выдатнік адукацыі Украіны лаўрэат штогадовай абласной прэміі імя Софіі Русавай Людміла Анатольеўна Трыгубава. Над вырашэннем пытанняў экалагічнага і працоўнага выхавання моладзі на станцыі юннатаў працуюць 33 педагагічныя работнікі. Менавіта дзякуючы ім тут дзейнічаюць ажно 63 гурткі 23 профіляў, 4 клубы, дзіцячая аматарская народна-абрадавая студыя “Барвенак”, секцыя юных натуралістаў-тэлевядучых “Парастак”, экалагічная агітбрыгада “Дзясняначка”, у якіх паглыбляюць свае веды больш за 1500 навучэнцаў агульнаадукацыйных навучальных устаноў Чарнігава. З мэтай роўнага доступу навучэнцаў да якаснай адукацыі арганізавана работа 12 профільных гурткоў станцыі на базе сельскіх школ 5 раёнаў вобласці і горада Прылукі, 28 гурткоў працуюць на базе дзіцячых клубаў Цэнтра працы з дзецьмі і моладдзю па месцы жыхарства, 2 гурткі — на базе школы-інтэрната, 1 гурток — на базе чарнігаўскага прытулка для дзяцей.

Як запэўнівае метадыст установы Таццяна Іванаўна Корань, занятак па сваіх інтарэсах тут знойдзе кожнае дзіця. Самыя юныя выхаванцы знаёмяцца са светам прыроды, вучацца вырошчваць кветкі, даглядаць сад. Пазней для іх разгортваюць работу гурткі юных батанікаў, агароднікаў, фізіёлагаў раслін, кветкаводаў-аранжыроўшчыкаў, фларыстаў, эколагаў-краязнаўцаў, арнітолагаў, акварыумістаў, заолагаў, біяхімікаў, механізатараў, раслінаводаў, пчалаводаў, валеолагаў, знаўцаў лекавых раслін, аматараў зялёнай архітэктуры і інш.

Для старшакласнікаў, якія збіраюцца выбраць прафесіі, звязаныя з экалогіяй, працуе клуб “Эрудыт”. У ім яны з дапамогай рэпетытараў паглыбляюць свае веды ў профільных дысцыплінах: хіміі, біялогіі, біяхіміі, экалогіі, арніталогіі, энтамалогіі, гідрабіялогіі (дарэчы, бясплатна). Актыўна старшакласнікі займаюцца кветкаводствам і фларыстыкай. Але самы папулярны гурток у выхаванцаў усіх узростаў — дамашняя жывёлагадоўля.

“Вельмі папулярныя ў нас секцыі клуба “Гаспадынька”, дзе юннаты паглыбляюць свае веды па біялогіі, агародніцтве і садоўніцтве, набываюць практычныя ўменні і навыкі па доглядзе сельскагаспадарчых культур, вывучаюць агратэхніку вырошчвання агароднінных, палявых, ягадных культур, знаёмяцца з рэцэптамі гатавання традыцыйных украінскіх страў, — расказвае Таццяна Іванаўна. — Пры гэтым клубе працуе секцыя юных натуралістаў-тэлевядучых “Парастак”. У дзіцячых тэлеперадачах “Дзіўны калейдаскоп” і “З куфэрка “Дзіўнага калейдаскопа”, якія штомесяц выходзяць на чарнігаўскім тэлебачанні, мы дзелімся з гледачамі кулінарнымі сакрэтамі, расказваем, як даглядаць свойскіх жывёл — сабак, катоў, трусоў, марскіх свінак і інш. Нашы фларысты даюць практычныя рэкамендацыі па доглядзе кветак, праводзяць майстар-класы па стварэнні святочных кампазіцый. Напрыклад, вельмі запатрабаваны нашы майстар-класы па стварэнні жывых карцін для вертыкальнага азелянення. На іх замест палатна і фарбаў — грунт і кветкі. І кожны раз тэлегледачы просяць паўтарыць нашы перадачы. Карыстаюцца папулярнасцю і праграмы пра вырошчванне сельскагаспадарчых культур і гатаванне з іх традыцыйных украінскіх страў”.

Папулярны ў дзяцей і клуб традыцыйнага ўкраінскага кветкаводства “Кветкі Украіны”. Пры ім працуе “Фонд мальвы” — участак кветкава-дэкаратыўных раслін, у якім толькі аднагадовых раслін — больш за 60 відаў. Яшчэ больш — шматгадовых раслін. Дзеці збіраюць з іх насенне, раздаюць па школах, інтэрнатах.

Пры клубе працуе і школа аранжыроўшчыкаў, у якой вучаць выкарыстоўваць усе сучасныя элементы і стылі дэкарыравання. Па выхадных у школе для ўсіх жадаючых праходзяць майстар-класы па стварэнні святочнага дэкору.

Пры біялагічным аддзеле працуе школа акварыумістыкі, куток жывой прыроды і на яго базе — кантактны міні-заапарк, дзе дзеці могуць папасвіць чарапах, пакарміць морквай трусоў, паназіраць за нутрыямі, пагутарыць з папугаямі і інш. Асабліва падабаецца дзецям даглядаць звярыных малышоў: толькі ў гэтым годзе яны выгадавалі 60 марскіх свінак, 10 хамячкоў, чатырох хвалістых папугаяў, 35 акварыумных рыб, 15 дэкаратыўных трусоў і падзяліліся імі з куткамі жывой прыроды школ.

Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву са школьнымі лясніцтвамі, на станцыі ствараецца парк-дэндрарый, у якім наведвальнікі змогуць паглядзець разнастайнасць хвойнікаў Украіны. Акрамя таго, біялагічны аддзел арганізоўвае для дзяцей шмат выездаў, экскурсій, экалагічных экспедыцый па вывучэнні прыроды, энтамалагічнай і арніталагічнай фаўны Украіны.

Зялёная лабараторыя

Але самае галоўнае на станцыі — вучэбна-даследчы зямельны ўчастак у 2 гектары. На Усеўкраінскім конкурсе пачаткова-даследчых зямельных участкаў калектыў станцыі неаднаразова станавіўся пераможцам. Летась перамога таксама была за ім, таму ў наступным годзе менавіта тут будзе праходзіць Усеўкраінскі семінар загадчыкаў вучэбна-даследчых зямельных участкаў.

Тут праводзяцца вучэбныя і практычныя заняткі, арганізоўваюцца пазакласныя юннацкія і даследчыя эколага-прыродаахоўныя заняткі. Агарод з асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі краіны, парнікі, цяпліцы, сад лекавых культур, у якім сабрана больш за 40 відаў дзікарослых агароднінных, дэкаратыўных, ягадных, тэхнічных і іншых лекавых раслін, фруктовы сад, ягаднік, вінаграднік, пладова-ягадны гадавальнік — варыянтаў праявіць свае даследчыя здольнасці шмат.

“Самыя значныя навуковыя падзеі ў нас адбываюцца ў селекцыйна-генетычным аддзяленні, дзе нашы старшыя выхаванцы выпрабоўваюць новыя гатункі бульбы, таматаў, агуркоў, гарбузоў, — расказвае Таццяна Іванаўна Корань. — Толькі ў гэтым годзе юннаты заклалі і правялі 62 доследы, з іх 28 — у супрацоўніцтве з вучонымі навукова-даследчых устаноў Украіны. Напрыклад, вырошчвалі аздароўлены матэрыял бульбы гатунку “жукоўскі ранні”. Навуковыя супрацоўнікі вырошчвалі бульбу ў прабірках у харчовым растворы і перадавалі нам, а нашы дзеці высаджвалі іх на доследным участку. Сапраўды, гэтая бульба не так схільна да паршы, ды і калівы былі больш здаровымі, чым іншыя. Эксперымент яшчэ працягваецца, але ўжо гэтая работа стала прызёрам украінскага конкурсу “Доследны марафон.

Ёсць вынік і ў павышэнні ўсходжасці насення за кошт прапускання яго праз кампрэсар, асабліва гэта тычыцца насення морквы. Апрабоўвалі мы і вырошчванне бульбы пад саломай. Паспяхова вядзём барацьбу са шкоднікамі. На хімічныя прэпараты ў нас табу, таму мы з дзецьмі шукалі біялагічную альтэрнатыву: настойвалі часнок, заварвалі пасынкі таматаў, палын, чыстацел і апрацоўвалі гэтымі настоямі бульбу. Высветлілі, што поўнасцю пазбавіцца ад каларадскага жука ці ад грыбковых заражэнняў не так проста, але ў гэтым кірунку палын ва ўсіх адносінах пераўзышоў біяканкурэнтаў”.

Хлеб над усім пануе

Яшчэ адзін гонар станцыі юннатаў — пакой-музей эканомнага і беражлівага стаўлення да хлеба. Дзейнічае музей з 1994 года, і кожны год яго наведвае больш за 2000 школьнікаў Чарнігава і вобласці.

Тут дзеці даведваюцца пра тое, як чалавек, упершыню расцёршы збожжа і размяшаўшы яго з вадой, атрымаў цеста і яно, запечанае на сонцы, ператварылася ў аладку — першы хлеб на зямлі. І ў параўнанне той аладцы ў музеі прадстаўлены караваі, якія сёння пякуць у розных рэгіёнах вобласці. Усе яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, у кожнага свой “твар”, сваё аздабленне, свая непаўторнасць.

Са злакавымі культурамі (пшаніцай, жытам, ячменем, аўсом, просам, рысам, кукурузай) знаёміць раздзел экскурсіі “Зёлкавыя культуры — нашы карміцелькі”, у якім экскурсаводы — выхаванцы станцыі, расказваюць наведвальнікам гісторыю ўзнікнення гэтых культур, пра асваенне іх чалавекам і сельскагаспадарчае значэнне. Натуральнымі экспанатамі сталі снапы і збожжа пшаніцы, жыта, аўса, ячменю, проса, грэчкі, кукурузы, ільну, лубіну, вострых культур, якія дзеці, дарэчы, вырошчваюць самі. Дзякуючы супрацоўніцтву з аграрным універсітэтам Кіева, тут сабрана толькі пшаніцы больш за 20 гатункаў у каласках, і з кожнага з іх спечаны хлеб. Дзеці на свае вочы могуць убачыць сартавыя адметнасці ў хлябах, схаваць у далоньках самы маленькі хлеб і абысці вакол самы вялікі каравай, якому, дарэчы, далі імя Аксана.

Важнае месца ў экспазіцыі музея займае тэма галадамору ва Украіне ў 1932—1933 гадах. Падчас экскурсій наведвальнікам расказваецца пра значэнне хлеба ў жыцці чалавека, цяжкую працу земляроба, эканомнае і беражлівае стаўленне да хлеба, пра мільёны людзей, якія загінулі падчас галадамору.

Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвае экспазіцыя “Да кожнага свята — сваё прысвячэнне”, у якой можна ўбачыць рытуальную выпечку да дня Святога Мікалая, Каліты, Вялікадня, Каляд, Сарака Святых, уласцівую розным рэгіёнам Чарнігаўшчыны. Прадстаўлены ў пакоі-музеі і прылады працы земляробаў мінулых гадоў.

Ёсць у музеі куток народазнаўства, у якім экспануюцца адзенне, вышыўка, гліняны посуд, прадметы побыту, абярэгі, дзідухі і інш. З побытам, звычаямі і абрадамі продкаў знаёміць этнаграфічны раздзел: экскурсаводы расказваюць легенды, звычаі, замовы, звязаныя з вырошчваннем хлеба. Куток народазнаўства дапоўніўся раздзелам “Украінская цацка”, у якім сабраны самыя распаўсюджаныя цацкі Чарнігаўшчыны: лялькі-матанкі, гліняныя, саламяныя, травяныя, драўляныя.

Педагогу ў дапамогу

Сучасная сацыяльна-практычная творчасць патрабуе ад педагогаў актыўнасці, інфармаванасці, дасведчанасці пра стан спраў у розных рэгіёнах вобласці, прычым не толькі па эколага-натуралістычным выхаванні, але і ў сумежных сферах. Эфектыўную дапамогу аказвае настаўнікам агульнаадукацыйных школ, пазашкольных навучальных устаноў метадычная служба Чарнігаўскай абласной станцыі юных натуралістаў.

Для павышэння педагагічнага майстэрства на базе станцыі дзейнічае школа маладога педагога. Адзін раз у квартал праводзяцца пасяджэнні. Маладыя педагогі дзеляцца вопытам работы, праводзяць пробныя адкрытыя заняткі з выкарыстаннем розных форм і метадаў работы, абмяркоўваюць і разглядаюць асноўныя пытанні арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў пазашкольнай установе, знаёмяцца з інтэрактыўнымі тэхналогіямі навучання. Распрацавана і выдадзена шмат інструктыўна-метадычных матэрыялаў. З мэтай укаранення нетрадыцыйных форм работы, развіцця экалагічнай адукацыі і выхавання, творчай, працавітай асобы для настаўнікаў прыродазнаўчых дысцыплін, намеснікаў дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце, педагогаў-арганізатараў агульнаадукацыйных навучальных устаноў гарадоў і раёнаў вобласці праводзяцца абласныя семінары і кансультацыйныя дні ў раёнах і гарадах вобласці.

Па гэтых і многіх іншых кірунках Чарнігаўская абласная станцыя юных натуралістаў супрацоўнічае з Гомельскім абласным эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі. Магчыма, пункты сутыкнення экалагічных інтарэсаў з калегамі знойдзеце і вы?

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Чарнігаўскай абласной станцыі юных натуралістаў.