Пытанне аб пераўтварэнні “Белай Русі” ў палітычную партыю патрабуе сур’ёзнага абмеркавання. Такое меркаванне выказаў член аналітычнай групы “Белай Русі” Іван Толкач.
“Ужо некалькі гадоў абмяркоўваецца пытанне аб пераўтварэнні “Белай Русі” ў партыю, — сказаў Іван Толкач. — Гэта няпростыя абмеркаванні, паколькі і грамадскае аб’яднанне дае шэраг пераваг, перш за ўсё ў рабоце з грамадзянамі. У той жа час палітычная партыя адкрывае шлях, магчыма, нават да паступовага пераходу да змешанай выбарчай сістэмы ў якасна новага ўзроўню ўдзелу арганізацыі ў палітычных працэсах”.
Перавагі “Белай Русі” ў якасці палітычнай партыі заключаюцца перш за ўсё ў больш простым вылучэнні кандыдатаў для палітычнай гонкі. Як вядома, кандыдат можа вылучацца шляхам збору подпісаў, ад працоўных калектываў і ад палітычных партый. Сёння члены “Белай Русі” маюць два магчымыя спосабы вылучэння: шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў. “Спосаб вылучэння ад палітычнай партыі найбольш просты. Неабходна правесці сход партыі і вылучыць сваіх кандыдатаў. Гэтая магчымасць, вядома, аблегчыць уд зел у выбарчай гонцы кандыдатаў ад “Белай Русі”, — адзначыў Іван Толкач. — Іншае пытанне — наколькі гэтая магчымасць павялічыць прысутнасць членаў аб’яднання ў выбарчым працэсе. Усе гэтыя пытанні неабходна абмяркоўваць і аналізаваць”.
“Маё меркаванне — будучыня ўсё ж такі за грамадскімі аб’яднаннямі. Палітычная партыя мае вузкую спецыялізацыю — уд зел у палітычным жыцці, хоць у той жа час гэта і работа з грамадзянамі”, — сказаў член аналітычнай групы. Разам з тым грамадскае аб’яднанне мае вялікія магчымасці для прыцягнення грамадзян у свае рады.
Удзельнікі пасяджэння Рэспубліканскага савета РГА “Белая Русь” абмеркавалі новую рэдакцыю статута і праграмы РГА, план падрыхтоўкі і ўдзелу арганізацыйных структур у выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Таксама была прадстаўлена справаздача Рэспубліканскага савета аб рабоце, праведзенай за 5 гадоў.
Асаблівая ўвага ўдзелена пытанням, якія будуць вынесены на з’езд арганізацыі, запланаваны на лістапад. У тым ліку размова ішла аб далейшым развіцці арганізацыі, разуменні яе месца ў палітычнай сістэме Беларусі. Цікавай ініцыятывай, паводле слоў Івана Толкача, з’яўляецца стварэнне маладзёжных аналітычных груп. Гэтая работа ўжо вядзецца некалькі гадоў і паказала нядрэнныя вынікі.