У Гродне школа № 15 дзейнічае як Школа міру і наладжвае сяброўства з установамі не толькі Беларусі

- 12:20Школа мира

У мінулым годзе сярэдняя школа № 15 імя Д.М.Карбышава Гродна атрымала статус “Школа міру”. Сімвалічна, што размешчана ўстанова адукацыі менавіта на вуліцы Міру. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шырокае партнёрства

Больш за паўстагоддзя школа носіць імя генерал-лейтэнанта, якога ў горадзе над Нёманам заспела Вялікая Айчынная вайна, і ўжо шмат гадоў выбудоўвае масты дружбы з аднайменнымі ўстановамі адукацыі Беларусі і не толькі.

— Да пачатку гэтага навучальнага года цеснае партнёрства ў нас было наладжана з 13 школамі, якія, як і мы, носяць імя Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава. Прычым толькі дзве з іх размешчаны ў Беларусі. Гэта сярэднія школы № 20 у Брэсце і № 13 у Мінску. Геаграфія ж астатніх прадстаўлена рознымі рэгіёнамі Расіі і Казахстана, — пачынае размову з маштабаў трансляцыі ідэй міру дырэктар школы Віта Мішкель.

У першых чыслах кастрычніка такое партнёрства папоўнілася яшчэ адной імянной установай. Як кіраўнік школы — члена Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі Віта Віктараўна падчас правядзення ІІ Форуму Саюзнай дзяржавы ў Калінінградзе падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве яшчэ і з сярэдняй школай № 81 Ульянаўска.

— Такое партнёрства — гэта не толькі магчымасць паведа­міць аб сваім вопыце і запазы­чыць напрацоўкі іншых. Яно адкрывае новыя магчымасці для дзяцей: удзел у канферэнцыях, фестывалях, злётах карбышаўцаў. У красавіку 2023 года, напрыклад, нашы навучэнцы пабывалі на 26-м злёце ваенна-патрыятычнага грамадс­кага руху “Юныя карбышаўцы”, які прайшоў у расійскім Волжску Валгаградскай вобласці, — гаво­рыць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юрый Шырко.

У мінулым годзе на сцяне школьнага музея з’явіўся мурал генерала Д.М.Карбышава. У цырымоніі яго адкрыцця ўдзельнічаў Аляксей Талай. Установа адукацыі актыўна ўзаемадзейнічае з фондам Аляксея Талая, а юнакі і дзяў­чаты добра ведаюць гісторыю жыцця параалімпійца і яго трагічны паварот.

— Аляксей Канстанцінавіч у 2023 годзе падтрымаў і нашу ідэю правядзення першых міжнародных Карбышаўскіх чытанняў. Для ўдзельнікаў маштабнага форуму ён тады запісаў відэавіншаванне і прывітанне. Чытанні сёння — наша гордасць. Першая сустрэча міжнароднага фармату аб’яднала каля сотні ўдзельнікаў. Толькі з Гродна прынялі ў ёй удзел прадстаўнікі 20 школ і гімназій. У дыстанцыйным фармаце выступалі педагогі і школьнікі з розных рэгіёнаў Расіі. Акрамя таго, у вочным фармаце ўдзельнікамі чытанняў сталі госці з Масквы і Казахстана. Для апошніх дарога ў горад над Нёманам заняла больш за два дні, — адзначае Віта Мішкель.

Падстава для гордасці

Па праве ганарацца ў школе прысвечаным Герою Савецкага Саюза мемарыяльным народным музеем, які пасля істотнага абнаўлення ў 2022 годзе атрымаў фактычна другое нараджэнне. Сёння ён складаецца з дзвюх залаў. Першая расказвае пра жыццё Дзмітрыя Міхайлавіча да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, другая прысвечана падзеям 1941—1945 гадоў.

У змястоўнай экспазіцыі сотні прадметаў. Асабліва каштоўныя сярод іх — перададзеныя сваякамі героя копіі здымкаў з дамашняга архіва, асабістыя рэчы Д.М.Карбышава, напрыклад, цыркуль генерал-лейтэнанта інжынерных войск, гадзіннік… Адной з апошніх папоўніла фонд музея копія маленькай іконы, якую з Масквы прывезла праўнучка Героя Савецкага Саюза Вольга Гузнаева.

— З гэтай іконай, па ўспамінах праўнучкі, звязана цэлая гісторыя. Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў лёс Дзмітрыя Карбышава цесна ўпляліся чатыры вайны ХХ стагоддзя. На кожную з іх ён ішоў менавіта з гэтай кішэннай іконай і кожны раз вяртаўся дадому. Апошняя вайна заспела Д.М.Карбышава ў штабе 3-й арміі Гродна, куды ён быў камандзіраваны ў пачатку чэрвеня 1941 года, каб інспектаваць ход будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна. Ён проста не ўзяў ікону ў камандзіроўку ў Гродне і, як мы ведаем, дадому не вярнуўся, — расказвае Віта Віктараўна.

Сувязь са сваякамі генерал-лейтэнанта Д.М.Карбышава ў школе падтрымліваюць пастаянна. Мінулай вясной асабліва важнымі гасцямі музея сталі ўнук Героя Савецкага Саюза Дзмітрый Аляксее­віч Карбышаў са сваім сынам і жонкай. 14-гадовы праўнук чалавека, чыё імя ўжо 58 гадоў носіць школа ў Гродне, шмат размаўляў з аднагодкамі і падчас дыялогу з кіраўніцтвам школы падзяліўся здзіўленнем: яго аднагодкі ведалі не менш, чым ён сам, пра свайго гераічнага продка.

Добрыя традыцыі

— Нашы дзеці актыўна займаюцца пошукавай работай. І ў гэтым заслуга кіраўніка музея Наталлі Шабанавай. Такіх людзей называюць сапраўднай знаходкай, — адзначае дырэктар школы. — Яна ўмее зацікавіць гісторыяй і пошукам новых фактаў. А калі заўважае шчырую цікавасць, то не дае гатовыя адказы, а раіць знайсці іх самастойна. Як вынік — мноства даследчых работ нашых школьнікаў.

Некаторыя з вынікаў такой работы прадстаўлены ў музеі ў мультымедыйнай форме. Так, школьнікі актыўна аднаўлялі імёны паплечнікаў Д.М.Карбышава, якія многія гады дапамагалі яму заставацца жывым у канцлагерах… У музеі каля партрэтаў гэтых людзей — QR-коды, пры навядзенні на якія ўключаецца аўдыяфайл, дзе мужчынскі голас расказвае звесткі з жыцця героя партрэта і заклікае задумацца аб міры.

— Нашу школу справядліва можна назваць сямейнай не толькі дзякуючы створанай педагогамі атмасферы. Сёння ў нас вучыцца крыху больш за 400 хлопчыкаў і дзяўчынак, і каля 70% іх бацькоў — нашы выпускнікі, — прыводзіць цікавыя лічбы дырэктар. — Яны могуць і самі расказаць дзецям, што такое карбышаўскі рух, якім у нас ахоплены ўсе навучэнцы. Многім традыцыям ужо шмат гадоў. Гэта мерапрыемствы, прымеркаваныя да дня нараджэння Дзмітрыя Міхайлавіча ў кастрычніку і даты яго смерці ў лютым… Добрай традыцыяй апошніх гадоў стаў майскі парад выпускнікоў малодшай школы.

Урок у музеі

У музеі са званнем народнага актыўна прымаюць гасцей. Гэта не толькі навучэнцы іншых школ і гімназій горада над Нёманам, але і працоўныя калектывы. Цікава і займальна пра жыццё Героя Савецкага Саюза расказваюць тут нават дашкалятам.

— З мінулага года распрацавалі экскурсійную праграму спе­цыяльна для самых маленькіх гасцей. Экскурсаводам у ёй выступае першакласніца, а цікавае апавяданне будуецца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Акрамя таго, такая экскурсія ўключае ў сябе моманты інтэрактыўнасці, — працягвае дырэктар.

Дарэчы, летась кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юрый Шырко распрацаваў лэп­бук “Любоў да Радзімы даражэйшая за жыццё”, які дапаможа вывесці заняткі-экскурсіі аб Д.М.Карбышаве ў тым ліку за рамкі школы. У такога роду настольным музеі кожны інфармацыйны блок клікабельны дзякуючы QR-кодам.

Гэтая распрацоўка стала пераможцай рэспубліканскага ўзроўню. У намінацыі “Лепшая распрацоўка ваенна-гістарычнай тэматыкі” рэс­публіканскага конкурсу лепшых практык і метадычнага інструментарыю ў патрыятычным выхаванні адзначана дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі.

— Наш музей — гэта не толькі месца цікавых і змястоўных экскурсій. Тут праходзяць урокі, прычым не толькі гісторыі, але і матэматыкі, рускай мовы і літаратуры. Усе яны абавязкова звязаны з пэўнымі экспанатамі музейных стэндаў. І тут нам таксама ёсць чым ганарыцца. Ва ўжо згаданым конкурсе рэс­публіканскага ўзроўню план-канспект урока па рускай літаратуры нашага педагога Хрысціны Кавалёвай быў адзначаны дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Урок у музеі”.

Каб гаварыць са школьнікамі аб важным на зразумелай ім мове тэхналогій, Юрый Шырко на аснове сабранага педагогамі і навучэнцамі матэрыялу распрацаваў цікавы сеткавы праект “Подзвіг у памяці захоўваем!”. Ён прапануе школьнікам, вывучаючы матэрыялы школьнага музея, ства­рыць інтэр­актыўную дошку ўзнагарод генерал-лейтэнанта Д.М.Карбыша­ва і стужку яго жыцця, знаёміць з вуліцай абласнога цэнтра, якая носіць імя героя, памятнымі знакамі ў яго гонар і не толькі.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара