У Гродзенскай вобласці наладжана сістэмная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Гэта было адзначана на міжведамасным семінары, які прайшоў у Гродне, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Такія семінары адбудуцца па ўсёй краіне і завершацца ў канцы красавіка ў Мінску. Іх галоўная мэта і задача — не спыняцца на дасягнутым у пытаннях ваенна-патрыятычнага выхавання і вызначыць далейшыя шляхі развіцця, — адкрываючы пленарнае пасяджэнне, паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
Аляксандр Уладзіміравіч падкрэсліў ролю ДТСААФ у сістэме арганізацыі работы па ваенна-патрыятычным выхаванні і звярнуў увагу на тое, што сёння важна па-новаму ўключыць гэтае грамадскае аб’яднанне ў работу з непаўналетнімі.
Дарэчы, на Гродзеншчыне сумесна з дзяржаўна-грамадскім аб’яднаннем сёння рэалізуецца Дарожная карта па выкарыстанні патэнцыялу ДТСААФ у выхаваўчай рабоце і адукацыйных мерапрыемствах ва ўстановах адукацыі.
Падрабязна на асаблівасцях ваенна-патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі вобласці спыніўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык:
— З 2022 года ў нас паспяхова функцыянуе абласны кластар ваенна-патрыятычнага выхавання. Арганізацыя работы ў такім фармаце дазволіла выбудаваць рэгіянальную сістэму ваенна-патрыятычнага выхавання. Так, у рабоце з кадрамі ключавую ролю адыгрывае абласны інстытут развіцця адукацыі, з моладдзю — абласны палац творчасці дзяцей і моладзі, а таксама абласныя цэнтры эфектыўных практык ваенна-патрыятычнага выхавання —кадэцкае вучылішча і сярэдняя школа № 9 Слоніма.
Адной са значных ініцыятыў кластара стала стварэнне тэматычнай групы ў Telegram, якая аб’ядноўвае больш за 4000 удзельнікаў з усіх раёнаў вобласці. Такая інтэрнэт-пляцоўка фарміруе адзіную інфармацыйную прастору і асвятляе вопыт работы ўстаноў адукацыі па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Яшчэ адна ініцыятыва — правядзенне абласнога патрыятычнага марафону “Кубак патрыёта”. Гэта комплекс мерапрыемстваў, акцый і конкурсаў, якія на працягу 2023 года аб’ядналі больш за 2000 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.
Да таго ж рэалізуецца праект “Кадэцтва”, дзякуючы якому толькі ў мінулым навучальным годзе прафарыентацыйнымі мерапрыемствамі на базе абласнога кадэцкага вучылішча было ахоплена больш за 1500 навучэнцаў 6—7 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі праводзіцца значная работа па павышэнні прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Дарэчы, сёння ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі такую пасаду займаюць 258 чалавек. І, напрыклад, у Ваўкавыскім раёне 67% кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні маюць і ваенную, і педагагічную адукацыю.
— На пастаяннай аснове ў рэгіёне арганізаваны маніторынг работы кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Акрамя таго, у 2023 годзе ўпершыню прайшло павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў ваенна-патрыятычных клубаў, — звярнуў увагу Руслан Юр’евіч.
На сённяшні дзень у вобласці створана 114 ваенна-патрыятычных клубаў, у якіх займаюцца больш за 2000 юных жыхароў рэгіёна. Асобна Руслан Абрамчык спыніўся на вопыце работы ў гэтым напрамку аддзела адукацыі Гродна. Так, функцыянуюць гарадскія клубы “Цыркон” на базе вайсковай часці 5522, “Кронан” на базе МНС, “Фаварыт” на базе сярэдняй школы № 28 імя В.Д.Сакалоўскага, “Даражым Айчынай” на базе гродзенскага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень”, а таксама гарадскі Цэнтр патрыятычнага выхавання. Акрамя таго, у планах адкрыццё яшчэ і гарадскога клуба пры Гродзенскай пагранічнай групе.
Ва ўстановах адукацыі вобласці дзейнічаюць 35 музеяў ваенна-гістарычнага напрамку, якія расказваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Гродзеншчыны, 217 экспазіцый, прысвечаных тэме генацыду беларускага народа, на базе музеяў і 170 асобных экспазіцый.
— Значнае месца ў выхаваўчай рабоце адведзена пошукава-даследчай дзейнасці. Для яе ажыццяўлення ва ўстановах адукацыі створана 127 пошукавых аб’яднанняў і клубаў, у якіх займаецца больш за 1600 чалавек, — дадаў кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці.
Каб актывізаваць работу пошукавых аб’яднанняў, штогод сумесна з ГрДУ імя Янкі Купалы і грамадскімі арганізацыямі галоўнае ўпраўленне адукацыі праводзіць адкрытую абласную навукова-практычную канферэнцыю “Навука перамагаць”. Асаблівая ўвага на форуме ўдзяляецца тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адметна, што падчас даследчай работы высвятляюцца новыя факты. Так, матэрыялы даследчых работ навучэнцаў шэрага школ былі перададзены пракуратуры для больш дэталёвага вывучэння.
Маршрут для кадэта
Вучні ваенна-патрыятычных класаў сярэдняй школы № 6 Ліды імя М.Б.Куканенкі ўдзельнічаюць у маршкідках, назіраюць за падрыхтоўкай да танкавага біятлона і ў вочным фармаце знаёмяцца з ваеннай аўтатэхнікай.
Ужо 27 гадоў ва ўстанове дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя класы. А адной з прыярытэтных задач кіраўніцтва з’яўляецца пошук новых форм работы з дзецьмі. Нараўне з традыцыйнымі мерапрыемствамі папулярны сярод вучняў і ваенна-патрыятычны турызм.
— Асабліва любяць вучні наведваць Гродзенскі палігон падчас падрыхтоўкі каманд да танкавага біятлона. Акрамя таго, кадэтамі нашай установы адукацыі распрацаваны “Маршрут кадэта”, які ўключае асноўныя памятныя месцы, абавязковыя для наведвання кожным кадэтам школы, — адзначыў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Міхаіл Лукеша.
Новыя формы работы з мінулага года актуальныя і для ваенна-патрыятычнага лагера. Гэта, напрыклад, адкрыццё змены ў форме мітынгу памяці на Кургане неўміручасці і марш-кідка па памятных мясцінах горада сумесна з курсантамі агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама плац-парад у гонар Дня Незалежнасці.
Нельга не адзначыць, што ўстанова — адна з тых у вобласці, якой прысвоена імя Героя Беларусі. А ключавой справай 2022 года для педагогаў і вучняў стала ўвекавечанне памяці Мікіты Барысавіча Куканенкі. У школе стварылі экспазіцыю “Палёт у вечнасць”, адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць пра Героя, наладзілі супрацоўніцтва ў тым ліку з Полацкім кадэцкім вучылішчам, якое заканчваў М.Б.Куканенка.
— У рамках рэалізацыі практычнай часткі праграмы факультатыўных заняткаў “Гатовы Радзіме служыць!” у бягучым навучальным годзе актыўна выкарыстоўваем базу Лідска-Бярозаўскай РАС ДТСААФ для правядзення заняткаў па тэмах “Знаёмства з ваеннай аўтатэхнікай” у 10 класе і “Вадзіцелі. Вайсковыя прафесіі” ў 11 класе. Падчас такіх заняткаў у хлопцаў ёсць унікальная магчымасць сесці за руль ваеннага аўтамабіля, — дадаў Міхаіл Лукеша.
У красавіку ў Лідзе плануецца правядзенне мотакросу. З яго ўдзельнікамі ў фармаце “101 пытанне даросламу” сустрэнуцца і вучні школы.
Імёны герояў
У гродзенскай сярэдняй школе № 23 імя Ф.П.Гудзея пры ваенна-патрыятычным клубе “Спадчына” архіўнадаследчая група была створана толькі ў мінулым годзе, але ўжо дасягнуты значныя вынікі ў яе дзейнасці.
Сумесна з ваенным камісарыятам абласнога цэнтра і Гродзенскага раёна школьнікі ўстанавілі імёны 22 байцоў, якія былі пахаваны ў адной з брацкіх магіл у Гродне.
— Пры падтрымцы і па падказцы супрацоўнікаў ваеннага камісарыята працуем з дакументамі, якія размешчаны на сайтах аб’яднанай базы даных “Мемарыял”, “Подзвіг народа”, “Памяць народа”, “Партызаны Беларусі”. Вучым дзяцей працаваць з электроннымі архіўнымі дакументамі і іншымі першакрыніцамі, афармляць спецыяльныя карткі і ствараць своеасаблівы банк даных, — падзяліўся кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Сяргей Ганчарук.
Вынікі сваёй пошукава-даследчай работы школьнікі рэгулярна перадаюць у ваенны камісарыят для праверкі. У сваю чаргу супрацоўнікі ваенкамата вызначаюць далейшы кірунак работы.
— З вялікай зацікаўленасцю нашы вучні правяраюць дакументы эвакуацыйнага шпіталя № 1719, які размяшчаўся на ўскраіне Гродна паблізу вёскі Чэхаўшчызна. Байцоў, якія ў гэтым шпіталі паміралі ад раненняў, хавалі недалёка ад вёскі. А ўжо значна пазней пры перапахаванні астанкаў у брацкіх магілах, здаралася, імёны губляліся. Нам удалося ўстанавіць 22 з іх, — дадае Сяргей Ганчарук.
Дадаткова на сайтах рэестраў вайсковых пахаванняў гарвыканкама і райвыканкама школьнікі разам з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні вывучаюць спісы байцоў, якія былі пахаваны ў Гродне і Гродзенскім раёне. Як вынік, у тандэме з супрацоўнікамі камісарыята яны знаходзяць важную інфармацыю, якая будзе карысная нашчадкам загінуўшых сведкаў тых вогненных гадоў.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва ўстаноў адукацыі