Баранавічы — значны цэнтр авіяцыі Беларусі. Імёны лётчыкаў-герояў назаўсёды застануцца ў назвах вуліц і мемарыялаў. Гэтую тэму не абыходзяць і мясцовыя ўстановы адукацыі. Гімназія № 2 Баранавіч шануе спадчыну і памятае подзвігі лётчыкаў-герояў. Такім чынам на свет з’яўляюцца выдатныя школьныя праекты, такія як “Навечна паляцеўшыя ў памяць…”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гэта паспяховы дзеючы праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, аўтарам якога выступіла настаўніца англійскай мовы Вольга Анатольеўна Каховіч. Яго ўнікальнасць у тым, што сацыяльнымі партнёрамі з’яўляюцца 61-я знішчальная авіябаза, ААТ “558 Авіяцыйны рамонтны завод” і бацькі гімназістаў.
— Мой вопыт у якасці класнага кіраўніка складае 10 гадоў. На працягу гэтага часу, як і многія класныя кіраўнікі, заўсёды знаходжуся ў пошуку новых форм узаемадзеяння з вучнямі. Эфектыўны сродак супрацоўніцтва з навучэнцамі — сумесная праектная дзейнасць. Разам са мной бацькі вучняў становяцца суаўтарамі праектаў. Адзін з такіх прыкладаў — грамадзянска-патрыятычны праект “Навечна паляцеўшыя ў памяць…”. Ён дапамог нам павысіць цікавасць дзяцей да мерапрыемстваў шостага школьнага дня і прыцягнуць да ўдзелу іх бацькоў, — расказвае Вольга Анатольеўна.
Ідэя рэалізацыі праекта і яго тэматычная сувязь з авіяцыяй невыпадковыя.
— Па-першае, наша гімназія знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад 61-й знішчальнай авіябазы і Авіяцыйнага рамонтнага завода, што дае педагогам выдатную магчымасць цеснага ўзаемадзеяння з імі. Па-другое, у маім класе вучацца дзеці з сем’яў лётчыкаў, інжынераў-канструктараў, авіямеханікаў, бортінжынераў і штурманаў. У такіх сем’ях прынята захоўваць працоўныя традыцыі і працягваць сямейную дынастыю. Наш мікрараён Авіягарадок, дзе пражывае большасць навучэнцаў, — дзівосны куток авіяцыі. Тут кожная вуліца захоўвае гісторыю. На жаль, не ўсе дзеці ведаюць пра выдатных людзей свайго раёна і прафесіі, звязаныя з авіяцыяй, — адзначае настаўніца.
Мерапрыемствы ў рамках праекта “Навечна паляцеўшыя ў памяць…” праводзяцца ў пяці модулях: патрыятычны — “Памятае неба — памятаем і мы”, краязнаўчы — “Памяць у вуліцах жывая”, прафарыентацыйны — “Неба выбірае смелых”, сямейны — “Не толькі неба звязала нас”, камп’ютарны — “Куток неба”.
Згодна з умовамі праекта “Навечна паляцеўшыя ў памяць…”, падлеткі мэтавай групы падзелены на два экіпажы — “Беларускія віцязі” і “Крылы Беларусі”, па 10 удзельнікаў у кожным. Размеркаванне роляў залежыць ад індывідуальных асаблівасцей гімназістаў, іх камунікатыўных навыкаў і лідарскіх якасцей. Такім чынам, у экіпажах прысутнічаюць камандзір паветранага судна, намеснік камандзіра, аператары бартавых сістэм, штурман, бортінжынер, бортмеханікі і бортправаднікі.
— Працуючы ў камандзе, вучні выбудоўваюць адносіны ў групе, размяркоўваюць задачы, выконваюць персанальныя абавязацельствы. Запланаваныя мерапрыемствы ў рамках аднаго кірунку даюць магчымасць экіпажам атрымаць зорку і рушыць наперад па карце, каб абагнаць сапернікаў і першымі “ўзляцець”. Кожны з тэматычных напрамкаў выхаваўчай работы складаецца з мерапрыемстваў, якія праводзяцца штабам па ўмацаванні баявых сіл экіпажаў (педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі), штабам па навучанні і падрыхтоўцы да палётаў (класныя кіраўнікі, рабочая група падлеткаў, ініцыятыўная група бацькоў) і штабам па арганізацыі лётных выпрабаванняў (сацыяльныя партнёры), — тлумачыць Вольга Анатольеўна.
Экіпажы маюць сваю карту з пунктамі прызначэння. Іх маршруты ажыццяўляюцца паралельна адзін аднаму, не датыкаючыся. На кожны з пяці тэматычных напрамкаў выхаваўчай работы выдзелена па тры суботы. У першую суботу экіпажы спаборнічаюць у конкурсе, які аб’ядноўвае два тэматычныя напрамкі. Сумеснае мерапрыемства дазваляе не толькі падрыхтавацца да наступнага “вылету ў пункт прызначэння” (да сустрэчы з сацыяльнымі партнёрамі), але і зарабіць зорку для свайго экіпажа за зладжаную калектыўную дзейнасць. Свой трафей экіпаж фіксуе на маршрутнай карце, робячы крок наперад да пункта прызначэння. Другая субота ўключае ў сябе сустрэчу з сацыяльнымі партнёрамі. Пасля заканчэння сустрэчы з імі каманды, нягледзячы на розныя тэматычныя напрамкі, атрымліваюць аднолькавае заданне, якое неабходна рэалізаваць у трэцюю суботу. Сацыяльныя партнёры, запрошаныя на агульнае конкурснае мерапрыемства трэцяй суботы, вызначаюць, наколькі экіпажы справіліся з заданнем. Пасля мерапрыемства дзеці фіксуюць атрыманую зорку і дзеляцца сваімі ўражаннямі ў “Бартавым журнале экіпажаў”.
— Найбольш цікавымі формамі работы з падлеткамі па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі лічу экскурсію ў музей імя У.М.Карвата, конкурс інсцэніраванай патрыятычнай песні “Рыцарам пятага акіяна прысвячаецца…”, анлайн-віктарыну “Уклад авіяцыі ў Вялікую Перамогу” і прафесійныя пробы “ПРОФІ”. У апошніх бацька адной з вучаніц правёў вучэбныя курсы для ўдзельнікаў праекта на 61-й знішчальнай авіябазе. Таксама незабыўным для вучняў і іх бацькоў стаў тэатр-экспромт “Калі б я стаў лётчыкам…”, — успамінае Вольга Анатольеўна.
Яшчэ педагог арганізавала для вучняў экскурсію на Авіяцыйны рамонтны завод. Ён уваходзіць у лік найбуйнейшых у СНД прадпрыемстваў па рамонце і мадэрнізацыі сучаснай баявой авіяцыйнай тэхнікі.
— Экскурсавод Настасся Юрчык суправаджала нас у адзін з цэхаў. Там мы сустрэлі легендарны Су-27. Дакранаючыся да крыла гэтай велізарнай машыны, адчулі ўсю моц баявога знішчальніка. За рамонтам толькі аднаго такога самалёта стаіць праца многіх людзей: рабочых, тэхнікаў, тэхнолагаў і лётчыкаў-знішчальнікаў. Усяго ж калектыў гэтага завода налічвае каля 2000 работнікаў. Усіх іх аб’ядноўвае агульная справа, — дзеліцца ўражаннямі настаўніца.
Яшчэ ў падлеткаў адбылася цікавая сустрэча з намеснікам камандзіра 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы па ідэалагічнай рабоце Міхаілам Скачко. Ён расказаў аб прафесіі лётчыка-знішчальніка і тым, што не ўяўляе сваё жыццё без самалёта і неба.
— Тут жа мае выхаванцы пазнаёміліся з намеснікам камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі (МіГ-29) Аляксандрам Гарбачовым. Знаходзячыся ў вучэбным трэнажоры, які дазваляе імітаваць сітуацыі з наступным дэталёвым разборам дзеянняў пілота, ён паказаў нам сваё майстэрства. Пазней Аляксандр расказаў пра дзіцячую мару стаць лётчыкам, да якой ішоў старанна і мэтанакіравана, і пра якасці, якія ўласцівы людзям гэтай прафесіі, — апісвае Вольга Анатольеўна.
У ходзе рэалізацыі праекта “Навечна паляцеўшыя ў памяць…” вучні гімназіі зрабілі аднайменны сайт, прысвечаны загінулым авіятарам.
— Для нас стварэнне вэб-сайта — магчымасць увекавечыць спадчыну выбітных землякоў, іх неверагодную сілу духу, самаадданасць і любоў да прафесіі, — патлумачыў аўтар сайта навучэнец 10 “Б” класа Арсеній Батура.
Ідэю сайта пра выдатных лётчыкаў-герояў падтрымалі супрацоўнікі ААТ “558 Авіяцыйны рамонтны завод”. Кіраўніцтва завода размясціла ў музеі прадпрыемства QR-код сайта.
— Значнай для нас аказалася анлайн-сустрэча ў рамках тэлемоста з вучнямі сярэдняй школы № 9 Ліды імя А.У.Нічыпорчыка. Экскурсаводы школьнага музея “Памяць” расказалі пра дзяцінства, школьныя гады і прафесійную кар’еру Андрэя Нічыпорчыка. Кіраўнік музея сярэдняй школы № 9 Ліды Ірына Эдуардаўна Страх падзялілася з нашымі гімназістамі ўспамінамі пра лётчыка-героя. А яе выхаванцы паказалі вынікі пошукава-даследчага праекта “Не мог зрабіць інакш”, прысвечанага подзвігу земляка, — гаворыць настаўніца.
Настасся ЧАРКАНАВА