У Ільянскім дзяржаўным аграрным каледжы адсвяткавалі 100-гадовы юбілей былога выкладчыка ўстановы, найстарэйшага жыхара пасёлка Ілья, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Часлава Варславана, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Навучанню і выхаванню моладзі Часлаў Антонавіч аддаў многа гадоў. У каледжы ён выкладаў спецыяльныя дысцыпліны.
— Дажыць да 100 гадоў — пажаданне, якое часта гучыць у адрас імяніннікаў, — сказала дырэктар каледжа Галіна Вашынка. — Не кожнаму наканавана дасягнуць такога шаноўнага ўзросту. Людзі гэтага пакалення, якія перажылі нягоды, — сімвал нашай памяці і найбагацейшай мудрасці. Кожны яго прадстаўнік варты клопату і ўвагі.
Павіншаваць Часлава Антонавіча са стагоддзем прыехалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Супрановіч, дэлегацыя Вілейскага райвыканкама.
Падчас сустрэчы юбіляр падзяліўся ўспамінамі пра вайну, а таксама прыгадаў тыя часы, калі выкладаў у каледжы.
Наталля САХНО