У сучасным свеце неабходны людзі, якія здольны прымаць нестандартныя рашэнні, умеюць творча мысліць. Творчы чалавек можа паспяхова адаптавацца ў сацыяльным асяроддзі, здольны супрацьстаяць негатыўным абставінам, знаходзіць пазітыўныя выхады са складаных сітуацый, ён здольны да самарэалізацыі сваіх магчымасцей і самаразвіцця, таму развіццё творчай актыўнасці навучэнцаў з’яўляецца найважнейшай задачай сучаснай школы, асабліва пачатковай. Гэты працэс пранізвае ўсе этапы развіцця асобы дзіцяці, абуджае ініцыятыўнасць і самастойнасць рашэнняў, якія прымаюцца, звычку да свабоднага самавыяўлення, упэўненасць у сабе.
Крыніца для сумеснага пошуку і адкрыцця
Выкарыстанне творчых заданняў на ўроках літаратурнага чытання заслугоўвае асаблівай увагі, таму што мае відавочныя плюсы. Выкананне на вучэбных занятках творчых заданняў прызначана ў першую чаргу выхоўваць добрага чалавека, гуманіста і знаўца прыгожага, які ўмее жыць у міры з сабой і людзьмі. Акрамя таго, такія заданні дапамагаюць сфарміраваць у навучэнцаў культуру пачуццяў, думак, паводзін, прывіць дзецям любоў да чытання, навучыць іх правільна гаварыць і фантазіраваць.
На мой погляд, менавіта ўрокі літаратурнага чытання з выкарыстаннем актыўных форм і метадаў, выбудаваныя з улікам індывідуальных і калектыўных магчымасцей навучэнцаў, прызначаны развіваць творчыя здольнасці дзяцей. У аснову майго вопыту пакладзена тэарэтычная аснова, што творчую дзейнасць можна арганізаваць з дапамогай выканання неардынарных заданняў. І.Э.Унт называе творчымі “…заданні, якія патрабуюць ад навучэнцаў творчай дзейнасці, у якіх вучань павінен сам знайсці спосаб рашэння, прымяніць веды ў новых умовах, стварыць нешта суб’ектыўна (часам і аб’ектыўна) новае”.
Для рэалізацыі творчых здольнасцей малодшых школьнікаў на ўроках чытання неабходна выкарыстанне творчых заданняў, накіраваных на тое, каб змест вучэбнага матэрыялу быў крыніцай для сумеснага пошуку і адкрыцця. Тут важна выкарыстанне розных даследчых асобасна арыентаваных, інтэрактыўных, інфармацыйных тэхналогій. Гэта спрыяе глыбокаму разуменню матэрыялу, дазваляе пастаянна падсілкоўваць творчую актыўнасць мастацкімі новаўвядзеннямі, развіваць разумовую дзейнасць і ўменне абараняць свой пункт гледжання.
1. Вызначце паслядоўнасць дзеянняў у рабоце над казкай.
2. Падумайце, пра што будзе казка, чаму яна можа навучыць.
3. Прыдумайце героя або герояў вашай казкі.
4. Што з імі адбудзецца? Якія прыгоды іх чакаюць?
5. Якія чароўныя прадметы будуць у казцы?
6. Хто будзе супрацьстаяць героям?
7. Як дабро пераможа зло?
Можна вылучыць тры этапы развіцця творчых здольнасцей у навучэнцаў пачатковай школы.
Першы этап — гэта фарміраванне ў дзяцей якасцей, якія служаць перадумовамі для творчай дзейнасці: назіральнасці, таварыскасці, моўнай і агульнай актыўнасці, добра натрэніраванай памяці і хуткасці прыпамінання, кемлівасці, звычкі аналізаваць і асэнсоўваць факты. На гэтым этапе выкарыстоўваю розныя гульні на развіццё творчага ўяўлення, псіхалагічныя і літаратурныя гульні. Такія заданні ставяць дзяцей у актыўную пазіцыю, абуджаюць цікавасць, развіваюць уяўленне і фантазію.
Пры знаёмстве на ўроку з новым творам вельмі важны першы этап — першаснае ўспрыманне, якое суправаджаецца першымі дзіцячымі эмоцыямі і ўражаннямі. Тут важна выкарыстоўваць прыёмы творчага ўвядзення ў тэму: фантазіраванне, прыпавесць, казку, метафару, выказванні вядомых людзей, афарызмы, праблемнае пытанне, творчую размінку, творчую галаваломку, прыём асацыяцыі. Гэта дае магчымасць заінтрыгаваць дзяцей, эмацыянальна настроіць на ўспрыманне новага. Пашырыць кругагляд малодшых школьнікаў дапамагае выкарыстанне прыёму “Чытанне з паметкамі”, які развівае ўвагу ў дзяцей, уменне знайсці асноўнае, зрабіць сваю выснову, прыняць рашэнне.
Другі этап — гэта выкарыстанне элементаў даследчай дзейнасці навучэнцаў у пазнавальным працэсе, а таксама іх калектыўная работа і пошук, сумеснае дасягненне пастаўленых задач.
З мэтай абагульнення прачытанага выкарыстоўваю прыём “Падбяры адпаведную фразу”. Прапаноўваю некалькі выказванняў, якія ў той ці іншай ступені адлюстроўваюць сэнс прачытанага. З іх трэба выбраць адно і абгрунтаваць свой выбар. А гэта фарміруе ўменне думаць і абагульняць, дапамагае вучням рабіць уласныя вывады.
Для поўнага замацавання зместу прачытанага часта выкарыстоўваю сінквейн. Гэта эфектыўны метад развіцця вобразнай мовы, які дазваляе хутка атрымаць вынік. А яшчэ гэта форма свабоднай творчасці, якая патрабуе ад вучня ўмення знаходзіць у літаратурным матэрыяле найбольш істотныя элементы, рабіць высновы і сцісла іх фармуляваць.
Трэці этап — гэта самавыяўленне індывідуальнасці, асобы навучэнца праз творчасць. Выканальніцкая дзейнасць можа ўзняцца да ўзроўню мастацтва, да самавыяўлення, напрыклад: у драматызацыі казкі вучань уваходзіць у ролю казачнага героя. На гэтым этапе прапаноўваю дзецям інтэлектуальна-творчыя заданні. Такія практыкаванні развіваюць артыстызм, з’яўляючыся своеасаблівай школай тэатральнага і ігравога майстэрства.
Пры аналізе мастацкага твора актыўна выкарыстоўваю пытанні і заданні, якія патрабуюць мастацкага фантазіравання як адной з форм творчага самавыяўлення дзяцей:
1. Калі б герой зрабіў інакш, то як бы разгортваліся падзеі далей?
2. Прыдумайце іншую канцоўку апавядання або казкі.
3. Падбярыце іншыя імёны дзеючым асобам.
4. Змяніце характар аднаго з герояў.
У сваёй практыцы актыўна выкарыстоўваю выразнае чытанне, творчы пераказ, работу з ілюстрацыямі, слоўнае і графічнае маляванне, драматызацыю, стварэнне -дыяфільмаў, вершаскладанне, вуснае пісьменніцтва.
Прастора фантазіі
Творчы пераказ найбольш насычаны прасторай для фантазіі дзіцяці, для творчасці як для стварэння новага. Да таго ж гэта добрае практыкаванне для развіцця маўлення і памяці, папаўнення слоўніка, для фарміравання камунікатыўных уменняў і навыкаў.
Выкарыстанне творчага пераказу, слоўнага малявання ўжо з пачатковых класаў мэтанакіравана развівае важныя творчыя ўменні дзіцяці: увасабленне ў слове сваёй фантазіі; выкарыстанне ў гаворцы вобразных сродкаў мовы (параўнанняў, эпітэтаў, метафар, увасабленняў); уменне вусна апісваць прадмет, героя, сітуацыю. У гэтым мне дапамагае свая адпрацаваная сістэма ведаў. Такія віды маўленчай дзейнасці дазваляюць дзіцяці даць эмацыянальны водгук на прачытанае, уключыць фантазію, выказаць асабістае стаўленне, адчуць эстэтычную асалоду.
Знаёмства дзяцей з драматызацыяй пачынаю з чытання тэксту па ролях з неабходнай інтанацыяй. Напрыклад: прачытаць сумна, весела, абыякава і г.д. Потым — сумесная тэатралізацыя, якая задзейнічае эмоцыі малышоў. Дзеці знаёмяцца з пачуццямі, настроямі герояў, асвойваюць спосабы іх паводзін, усведамляюць прычыны таго ці іншага настрою, удасканальваюць маўленчае развіццё. Сама ж гульня-драматызацыя з’яўляецца сродкам самавыяўлення дзіцяці, прадстаўлення яго маральнай пазіцыі. Пражываючы з героямі розныя сітуацыі, не даступныя ў рэальным жыцці, дзіця пазнае новыя формы зносін, далучаецца да культуры ўзаемаадносін і часткова пераносіць іх у штодзённую дзейнасць.
Развіццю творчых здольнасцей садзейнічае стварэнне дыяфільма. Гэта складаная творчая работа, якая патрабуе калектыўнага ўзаемадзеяння, у працэсе выканання якой навучэнцы супрацоўнічаюць у розных напрамках: разам вызначаюць кадры і іх парадак, падбіраюць подпісы да іх, абараняюць атрыманы творчы прадукт.
Залог вучнёўскага поспеху
Дзеці вельмі любяць слухаць казкі, але, як правіла, не ўмеюць іх пісаць. Таму, перш чым даваць заданне напісаць уласную, выкарыстоўваю прыёмы, якія дапамогуць паступова ўвесці дзяцей у ролю казачнікаў, прапаноўваю ў дапамогу памятку “Я пішу казку”. Складанне вусных апавяданняў і казак па апорных словах і словазлучэннях, па прапанаваным плане, серыі карцінак, ілюстрацыях, на аснове прачытанага — адзін са шляхоў творчага развіцця малодшых школьнікаў на ўроках літаратурнага чытання. Навучэнцы знаёмяцца з мастацкімі творамі, якія служаць для іх узорам правільнай мовы, дазваляюць свабодна выказваць сваё меркаванне пры аналізе тэксту, ацэнцы ўчынкаў героя, даюць магчымасць паказваць сябе і развіваць свае ўменні, адначасова пашыраючы ўяўленне пра навакольны свет і ўдасканальваючы культуру маўлення.
Бясспрэчна, лірычны твор — асаблівы мастацка-эстэтычны матэрыял, які ўжо самім зместам фарміруе эстэтычны, творчы погляд на свет. Акрамя важнай аналітычнай работы, актыўна выкарыстоўваю вершаскладанне. Для гэтага дзецям трэба навучыцца выконваць наступныя віды практычных заданняў: назіранні за рыфмай у вершаваным творы; падбор слоў, якія рыфмуюцца з прапанаванымі словамі; дапаўненне слоў у няпоўным чатырохрадкоўі; дапаўненне фраз словам, якое рыфмуецца; бурымэ.
Такім чынам, выкарыстанне творчых заданняў на ўроках літаратурнага чытання:
• робіць урок незвычайным, актывізуе навучэнцаў і павышае іх матывацыю, фарміруе цікавасць і станоўчыя адносіны да навучання;
• робіць акцэнт на змесце мастацкага тэксту, які становіцца крыніцай для самастойнага пошуку вырашэння праблемы;
• развівае творчую актыўнасць і разумовую дзейнасць навучэнцаў, што дапамагае дасягнуць глыбокага разумення матэрыялу;
• удасканальвае асобаснае развіццё і паспяховасць кожнага вучня, які мае ўстойлівыя навыкі належна падаваць сябе, свае думкі, уступаць у камунікатыўнае ўзаемадзеянне.
У далейшым планую ўдасканальваць работу па выкарыстанні ў сваёй практыцы актыўных форм і метадаў з мэтай развіцця творчых здольнасцей.
Лічу, задача настаўніка пачатковых класаў — зрабіць усё неабходнае, каб працэс творчасці школьнікаў заўсёды суправаджала радасць пошуку і адкрыцця. Толькі пры такой умове можна выхаваць у дзяцей любоў да чытання мастацкай літаратуры; развіваць творчую кампетэнтнасць і патрэбу выказваць свае думкі і пачуцці ў слове; фарміраваць густ, культуру і паспяховасць кожнага вучня. Пры гэтым у настаўніка заўсёды павінны заставацца права выбару і свабода для творчасці, у чым, безумоўна, і будзе залог педагагічнага і вучнёўскага поспеху.
Алена ПІДРУШНЯК,
настаўніца пачатковых класаў
Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.