У імя славутага выпускніка

- 14:23Адукацыйная прастора

У Пярэжырскай школе Пухавіцкага раёна адкрыты музей імя Анатоля Емяльянавіча Гурыновіча. З 2000 года школа носіць імя свайго знакамітага выпускніка, былога міністра замежных спраў БССР, дыпламата, патрыёта сваёй краіны. Адкрыццё музея было прымеркавана да святкавання 150- годдзя ўстановы.

Урачыстае адкрыццё музея адбылося з удзелам дэлегацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена намесніку міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Я.А.Шастакову і начальніку ўпраўлення адукацыі Г.М.Казак.

— Сёння мы паўдзельнічалі ў цырымоніі адкрыцця музея, дзе ўбачылі экспазіцыі, якія дадуць шмат новага для патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, — адзначыла Галіна Мікалаеўна Казак. — Гэта ўнікальны ў сваім родзе музей, які будзе карысна наведаць вучням не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны.

Сапраўды, шэсць раздзелаў залы не проста раскажуць наведвальнікам пра біяграфію знакамітага беларуса праз фотаздымкі, дакументы і рэчы, але і дапамогуць вынесці з гэтага шмат карыснага. У дзень адкрыцця музея экскурсію, можна сказаць, па жыцці знакамітага выпускніка Пярэжырскай школы правяла настаўніца гісторыі Наталля Аўсянік разам з навучэнкай установы Дар’яй Бузук. Першая зала музея знаёміць з дзяцінствам А.Гурыновіча. Яго бацькі — Васіліса Васільеўна (якая потым 25 гадоў будзе працаваць дырэктарам Пярэжырскай школы) і Емяльян Фаміч — хоць былі простымі сялянамі, але імкнуліся атрымаць адукацыю, вывучыць сына. Падчас вайны Анатоль Гурыновіч разам з бацькам і маці стаў сувязным Мінскага падпольнага гаркама партыі. За свой уклад у змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Анатоль Гурыновіч быў узнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” і “За перамогу над Германіяй”.

Пасля вайны і вучобы Анатоль Емяльянавіч служыў сакратаром Пастаяннага прадстаўніцтва СССР пры ААН у Нью-Ёрку. Выконваючы службовыя абавязкі ў рэферэнтуры па эканамічных пытаннях, А.Гурыновіч займаўся і справамі, звязанымі з хуткім адкрыццём Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. Пазней быў назначаны міністрам замежных спраў БССР. Анатоль Емяльянавіч заўсёды змагаўся за краіны, якія пакутавалі ад голаду, агрэсіі і бяспраўя. Як дыпламата яго прызнавалі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Вікторыя ГОМЗА.
Фота аўтара.