У інтарэсах устойлівага развіцця: агляд чэрвеньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 17:05Новости

Сёння ў Беларусі, як і ў многіх краінах свету, пытанням устойлівага развіцця ўдзяляецца асаблівая ўвага, прычым на самым высокім узроўні. У верасні 2023 года пройдзе саміт па Мэтах устойлівага развіцця (МУР). На яго запрошаны Прэзідэнт Рэс­публікі Беларусь, і гэта невыпадкова: наша дзяржава на працягу многіх гадоў з’яўляецца адным з лідараў па выкананні Мэт, таму назапашаны вопыт і новыя ідэі будуць цікавымі і карыснымі для дзяржаў — членаў ААН.

Пагадзіцеся, устойлівае развіццё Беларусі (і ў цэлым свету) залежыць ад кожнага з нас, ад таго, якія ўменні і навыкі, неабходныя для пабудовы стабільнага і гарманічнага грамадства, вырашэння глабальных праблем, сфарміраваны ў маладога пакалення. Таму на сучасным этапе развіцця школы актуальнай з’яўляецца задача ўключэння ў адукацыйны працэс прынцыпаў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця (АУР).

У далучэнні дзяцей і мола­дзі да рэалізацыі МУР вялікую ролю адыгрывае каардынацыйны цэнтр “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ. Так, у 2022/2023 навучальным го­дзе цэнтрам быў праведзены рэспубліканскі конкурс, накіраваны на ўкараненне інавацыйных АУР-практык у дзейнасць устаноў адукацыі. Лепшыя конкурсныя матэрыялы, у якіх прадстаўлены эфектыўныя інструменты рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця ў вучэбнай і пазакласнай дзейнасці, мы прапануем вашай увазе ў спецыяльным праекце “Педагагічная асамблея” нашага часопіса.

Героем рубрыкі “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” ў чэрвеньскім нумары стала сярэдняя школа № 5 Рагачова. І гэта невыпадкова. Ва ўстанове адукацыі створаны ўмовы для ўсебаковага развіцця навучэнцаў і задавальнення іх адукацыйных запытаў: функцыянуюць філалагічныя, хіміка-біялагічныя, фізіка-матэматычныя і ваенна-патрыятычны класы, профільныя прафесійныя групы педагагічнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці, дзейнічае ўзорны танцавальны калектыў “Чароўны свет”. У метадычнай дзейнасці акцэнт робіцца на ўкараненні новых форм і метадаў навучання, развіцці робататэхнікі і праграмавання, спідкубінгу і ментальнай арыфметыкі, рэалізацыі інавацыйных праектаў. Актыўны ўдзел у школьным жыцці прымаюць і бацькі: арганізоўваюцца сумесныя турыстычныя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы, бацькоўска-настаўніцкія турніры, раз у два гады праходзіць канферэнцыя бацькоў. На старонках нашага часопіса творчы калектыў школы № 5 Рагачова дзеліцца эфектыўным вопытам метадычнай, вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці.

Аналізу прычын развіцця комплексу непаўнацэннасці, яго прымет і мер прафілактыкі прысвечаны публікацыі ў нашым пастаянным праекце “Бацькоўскі сход”. І гэта нездарма, таму што комлекс непаўнацэннасці, узнікаючы ў падлеткавым узросце, аказ­вае вялікі ўлыў на ўсё жыццё чалавека. Неабходную для бацькоў і педагогаў інфармацыю прадстаўляе ў сваім артыкуле кандыдат псіхалагічных навук Вікторыя Аляксандраўна Хрыптовіч.

Далучайцеся да карыснага і цікавага чытання часопіса “Народная асвета”, каб метадычна ўзбагачацца і ніколі не спыняцца на шляху прафесійнага самаўдасканалення!

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар