У калектыве аднадумцаў працуе дырэктар Ліноўскай сярэдняй школы Алена Макарэвіч

- 13:12Интервью

Больш за 150 выпускнікоў Ліноўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна сталі педагогамі. Аб матыватарах для настаўнікаў і самаго кіраўніка карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з Аленай Макарэвіч, дырэктарам, выдатнікам адукацыі.

На роднай зямлі

— Алена Леанідаўна, што вас матывавала прыйсці ў гэтую прафесію? Стаць настаўнікам, потым дырэктарам…

Памятаю жыццёвую навуку настаўнікаў Ліноўскай школы — мудрых і абаяльных, з глыбокімі ведамі, шчыра захопленых сваёй справай. Ген настаўніцтва ў спадчыну ад іх атрымала не толькі я. Сёння ва ўстанове працуюць 17 выпускнікоў. Наш калектыў — 34 педагогі, амаль што ўсе з Лінова, толькі пяць настаўнікаў прыязджаюць з Пружан. У школе тры педагагічныя дуэты, а ў складзе гэтых сямейных пар — пяць нашых выпускнікоў.

З Ліноўскай школай звязана 28 гадоў майго працоўнага жыцця. У 2015 годзе прыняла на сябе дырэктарскія клопаты, але працягваю выкладаць любімы прадмет. Сваё захапленне геаграфіяй тлумачу любоўю да экскурсій, падарожжаў яшчэ са школы, а потым і ў студэнцтве. Калісьці наведала блізкія і далёкія рэспублікі Савецкага Саюза, розныя краіны свету, але гэтыя паездкі толькі ўзмацнілі маё жаданне жыць і працаваць на роднай зямлі, у той школе, якую заканчвала сама і ў якой мне ўдалося раскрыцца з розных бакоў. Была педагогам-арганізатарам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У педагогіцы я ўжо 35 гадоў. І, ведаеце, зусім не страціла матывацыю.

— Што натхняе дырэктара сельскай школы?

— Перш за ўсё незвычайна вялікія магчымасці для развіцця кожнага вучня і педагога. Прызнацца, гэта вельмі моцны матыватар. Нашу школу можна лічыць сельскай хіба што толькі па яе геаграфіі. І знешне, і ўнутры гэта сучасная ўстанова адукацыі з выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Толькі ў бягучым годзе райвыканкам выдзеліў амаль 900 тысяч рублёў на рамонт і мадэрнізацыю школы. У 2017 годзе плошчу будынка пашырылі карпусы для харчаблока і пачатковых класаў. Сёння наш харчаблок увахо­дзіць у тройку лепшых у раёне. У новым навучальным годзе школьнікаў чакае суперсучасны кабінет хіміі. Адкрыецца новы стадыён з неверагоднымі магчымасцямі для спорту і актыўнага адпачынку. І гэта невыпадкова. Спорт у нас заўсёды ў прыярытэце. Сумесна з Ліноўскім сельскім Саветам мы распрацавалі праект аздараўленча-спартыўнай накіраванасці “Школа як цэнтр вольнага часу на сяле”. Пераможны вынік гэтай работы быў вельмі практычны — варкаўт-пляцоўка, што насупраць Дома культуры. Там увесь час усё занята: займаецца моладзь, дарослыя і нават людзі сталага ўзросту. Ліноўцы — народ спартыўны. Нашы школьнікі рэгулярна займаюць першыя і прызавыя месцы ў раёне і вобласці па лёгкай атлетыцы, валейболе.

Па прагнозных паказчыках на пяць гадоў наперад, у нас будзе каля 250 навучэнцаў. Для сельскай школы гэта добрая будучыня. На сёння ва ўстанове амаль усе 228 дзяцей з Лінова і Аранчыц, на падвозе толькі 18. Школа на 100% укамплектавана кадрамі. Гэта 34 кваліфікаваныя педагогі. Ад усёй колькасці рэалізаваных праектаў 80% ініцыіраваны намі.

У нас працуюць сапраўдныя фанаты. Кожны педагог стараецца штосьці зрабіць па сваёй ініцыятыве.

Такія ж і дзеці — іх не трэба па-асабліваму заахвочваць. Не паспеюць прыехаць з чарговага абласнога ці рэспубліканскага конкурсу, як тут жа ідуць з пытаннем альбо прапановай пачаць новую творчую справу.

— Алена Леанідаўна, не так даўно школа адзначыла 100-гадовы юбілей. Якімі здабыткамі ганарыцеся?

— Ганарымся дасягненнямі розных часоў. У гісторыі нашай школы 58 залатых і сярэбраных медалістаў. Многія з выпускнікоў дасягнулі значных прафесійных поспехаў у жыцці: сталі афіцэрамі, выкладчыкамі ВНУ, узначалілі прадпрыем­ствы і нават міністэрствы. Побач з такім слаўным мінулым і дастойнае сучаснае. За 10 гадоў намі рэалізавана больш за 20 разнастайных праектаў, многія з якіх адзначаны дыпломамі рэспубліканскага ўзроўню. Фальклорны гурт “Лінькі” пад кіраўніцтвам Людмілы Аляксандраўны Бяскроўнай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, — сапраўдны брэнд нашай школы. Дзеці неаднаразова вярталіся пераможцамі з абласнога фальклорнага фестывалю “Радавод”, шматлікіх рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў. Нашы поспехі не застаюцца без увагі і падтрымкі з боку мясцовай улады. Установа ў 2020 годзе была занесена на раённую Дошку гонару. Сёлета мы набылі статус “Школа міру”.

Калектыў аднадумцаў

— У чым, на ваш погляд, сакрэт поспеху Ліноўскай школы?

— Усё проста. Працуе высокапрафесійны калектыў энту­зіястаў і аднадумцаў. У нас нават малады спецыяліст настаўніца матэматыкі Марыя Уладзіміраўна Нікіцюк (наша былая выпускніца) рыхтуе прызёраў алімпіяд. Ліноўская школа беларускамоўная, але ж у выніку плённай працы настаўніцы Марыны Мікалаеўны Гук два выпускнікі 2024 года атрымалі 96 балаў на ЦТ па рускай мове. Навучэнцы дэманструюць стабільна высокі ўзровень ведаў па матэматыцы і фізіцы. Некаторыя вучні, не займаючыся ў профільных класах, здалі ЦТ на 84 і 90 балаў. Ганарымся нашай алімпіядніцай Аленай Сімінскай, якая з’яўляецца ўладальніцай адначасова трох дыпломаў абласнога этапу алімпіяд — па матэматыцы, грамадазнаўстве і рускай мове.

Удзяляем вялікую ўвагу і пазаўрочнай дзейнасці школьнікаў. Мы ўсе добра ведаем сем’і нашых падапечных. А гэта выдатная магчымасць усебаковага вывучэння здольнасцей дзяцей, развіцця іх адоранасці і талентаў. Навучэнцы займаюцца харэаграфіяй, вакалам, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і іншымі відамі творчасці. Нямала прыкладаў таго, як нашы педагогі раскрывалі “цудоўныя ружы з каменных бутончыкаў”. Была падобная дзяўчынка, баялася з ножкі на ножку скокнуць. А ў выніку яна паспяхова выступала на сцэне, скончыла Магілёўскае тэатральнае вучылішча і цяпер працуе ў адным з мінскіх тэатраў. Простыя вясковыя хлопцы, выпускнікі нашай школы, дасягнулі значных поспехаў у матэматыцы. Сёння працуюць праграмістамі ў вядучых IT-кампаніях.

Я не згодна з меркаваннем, што ў сельскай школе нельга атрымаць такую ж адукацыю, як у гарадской. Галоўны сакрэт нашых поспехаў у тым, што ўсе мы з’яднаныя малой радзімай.

— Падзяліцеся, як матывуеце вучняў працаваць на малой радзіме?

— “Выхоўвайце мо­ладзь працай, тады і стаўленне да школы ў іх будзе адпаведнае”, — сказаў кіраўнік нашай дзяржавы. Падрыхтоўка добрага спецыяліста сапраўды пачынаецца яшчэ са школы. Намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Васільевіч Супрыновіч таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што настаўніцкая дзейнасць заключаецца ў падрыхтоўцы вучняў да дарослага жыцця. Ліноўскія дзеці ўмеюць і хочуць працаваць на сваёй зямлі. Разам з нашымі прадпрыемствамі арыентуем школьнікаў на прафесіі, запатрабаваныя эканомікай раёна.

Старшакласнікі могуць выбраць профіль навучання, а ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне” набыць прафесію рабочага зялёнага будаўніцтва. Школьнікі вывучаюць асновы раслінаводства, кветкаводства, працуюць на школьным агародзе, у цяпліцы, садзе. Сёлета ў працоўнай брыгадзе пры школе гаспадарылі 10 вучняў, працавалі ў ААТ “Ліноўскае” — 20, у студ­атрадзе на Аранчыцкай птушкафабрыцы — 5. Сумесна з мясцовымі прадпрыемствамі рэалізуем прафарыентацыйны праект “Прафтур”, скіраваны на працяг сямейных працоўных дынастый і далейшае замацаванне кадраў у сельскай мясцовасці.

— Цікава даведацца пра новае ў патрыятычным выхаванні…

— Сёлета адкрылі ваенна-патрыятычны клуб “Віраж” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Алега Валер’евіча Бяс­кроўнага. Плануем даследчую работу ў кірунку захавання гістарычнай памяці па тэме генацыду жыхароў Лінова і Аранчыц. У верасні 2023 года ў кабінеце гісторыі з’явілася экспазіцыя з матэрыя­ламі, прысвечанымі падзеям Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі школы. Алічбоўваем фальклорную спадчыну, абрадавыя традыцыі ва ўсім багацці мясцовага матэрыялу і дыялекту. Нам пашчасціла, што ў Лінове ёсць народны фальклорны калектыў “Бабіна лета”. Гэта жанчыны даволі сталага ўзросту, якія трапятліва захоўваюць фальклорна-этнаграфічную спадчыну. У планах — стварыць зборнік фальклорных песень Лінова, Аранчыц.

Разам з мясцовым лясгасам зрабілі экалагічную сцяжыну да турыстычнага маршруту “Экзатычныя дрэвы нашага краю”. На нашым рахунку не адзін дзясятак пешых і веласіпедных паходаў сумесна з дзецьмі і бацькамі. Развіваем дзейнасць школьнага валанцёрскага атрада “Клопат”.

Уважліва да людзей

— На вашу думку, жанчынам-лідарам складаней, чым мужчынам?

— Не заўважала. Быць аб’ектыўным, справядлівым, уважлівым да людзей, разумець іх і ўмець працаваць з калектывам — не гендарная прэрагатыва. Я ўдзячна сваёй камандзе за тое, што мне заўсёды ёсць чаму павучыцца ў кожнага з калег. Лічу: колькі чалавек жыве, столькі павінен і вучыцца.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена ўстановай