У клубе «Факел» ёсць і дзяўчынкі. Як вучняў школы № 1 Клічава далучаюць да работы пажарнага і ратавальніка

- 16:24Образование

Ваенна-патрыятычны клуб “Факел” працуе на базе сярэдняй школы № 1 Клічава імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса з мінулага навучальнага года, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Клуб створаны пад патранатам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

— На тэрыторыі Клічаўскага раёна няма вайсковай часці, таму прынята рашэнне аб тым, каб наш ваенна-патрыятычны клуб быў адкрыты на базе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, з якім мы цесна супрацоўнічаем. На працягу 10 гадоў у школе дзейнічае сумесны з МНС профільны кругласутачны лагер “Юны ратавальнік”, — расказала дырэктар школы Наталля Кніга.

У клуб “Факел” увайшлі 12 самых актыўных вучняў 6—9-х класаў, якія сваімі ўчынкамі, вучобай даказалі, што вартыя гэтага. Але галоўная ўмова — іх вялікае жаданне далучыцца да работы пажарнага і ратавальніка.

Дзейнасць клуба курыруе інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Сяргей Гумінскі. Ён праводзіць са школьнікамі тэарэтычныя і практычныя заняткі з адпрацоўкай неабходных навыкаў, арыентуе на выбар прафесіі. Сярод удзельнікаў ёсць і дзяўчынкі. У перспектыве яны змогуць працаваць у сектарах прапаганды, нагляду і прафілактыкі, дыспетчарамі Цэнтра аператыўнага кіравання або медыцынскімі работнікамі МНС.

Спектр абавязкаў у ратавальнікаў разнастайны, таму ім патрэбны шырокія веды, уменні і навыкі. Прафесіяналы павінны ведаць, як дапамагчы чалавеку падчас пажару; як знайсці грыбніка, які заблукаў у лесе; што рабіць, калі побач з жыллём чалавека пасяліліся восы ці ў дом заляцеў кажан. Калі чалавек пацярпеў, неабходна аказаць яму даўрачэбную медыцынскую дапамогу.

— З навучэнцамі мы вывучаем асновы прафесіі ратавальніка і пажарнага, вядзём страявую падрыхтоўку, на пляцоўцы РАНС праводзім баявыя разгортванні, г.зн. вучымся (на хуткасць) прыводзіць сілы і сродкі ў стан гатоўнасці для выканання баявой задачы на пажары, адпрацоўваем навыкі ратавання на вадзе і іншыя дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Для гэтага арганізоўваем інтэрактыўныя ролевыя гульні, выкарыстоўваем манекены, розныя трэнажоры, у тым ліку камп’ютарныя. Наведваем з дзецьмі кабінет АБЖ на базе Цэнтра дзіцячай творчасці Клічава, выязджаем у Цэнтр бяспекі Магілёва. Нашы падапечныя падчас заняткаў заўсёды апрануты ў форму, якой з імі падзяліўся РАНС, — расказаў С.Гумінскі.

У маі члены клуба прымалі ўдзел у раённым і занальным злётах юных ратавальнікаў і пажарных, дзе атрымалі граматы і дыпломы.

Юных ратавальнікаў з 1-й школы Клічава можна сустрэць і на розных валанцёрскіх мерапрыемствах. Яны дапамагаюць пажылым людзям, займаюцца ўборкай пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, пасадкай зялёных насаджэнняў.

Дырэктар Н.Кніга падзялілася яшчэ адной навіной:

— Сёлета ў нашай школе адбыўся выпуск першага ваенна-патрыятычнага класа. Па выніках уступнай кампаніі некаторыя яго выпускнікі паступілі ў Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. У наступным навучальным годзе ваенна-патрыятычны клас будзе створаны на базе 5-га класа.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара